Кантроль над арміяй — ключ да ўлады. Ці адправяць беларусаў на вайну ва Украіну?

Кантроль над арміяй і адсутнасць пратэстаў — вось два ключы ад улады, якія знаходзяцца ў руках Лукашэнкі. Страціць адзін, перспектывы захавання ўлады стануць яшчэ больш бляклымі. Калі згубіць абодва, то такая перспектыва практычна цалкам знікае.

5_454_logo.png

Адны аналітыкі кажуць, што беларускі кіраўнік усімі праўдамі і няпраўдамі супраціўляецца ціску з боку Крамля, каб не адпраўляць беларусаў на вайну ва Украіну.  Другія сцвярджаюць, што большай падатлівасці з боку Лукашэнкі і прыдумаць нельга: на тэрыторыі Беларусі расійскія войскі пачуваюцца як дома, з беларускай тэрыторыі б’юць ракеты па Украіне, з Беларусі не вылазяць расійскія губернатары і чыноўнікі.

Што насамрэч адбываецца паміж Мінскам і Масквой? Пагутарылі з акадэмічным дырэктарам BISSПятром Рудкоўскім.

— Лукашэнка сапрўды супраціўляецца ціску Крамля? Ці гэта частка інфармацыйнай спецаперацыі, якую ўзмоцнена адпрацоўвае беларуская прапаганда?

— Так, супраціўляецца, але не ва ўсім і напэўна не "гераічна". Што тычыцца "ўзмоцнена адпрацоўвае беларуская прапаганда" — падобную фразу ўжо не ўпершыню бачу, але не магу зразумець, скуль яна ўзнікла. Бо калі казаць уласна аб рэжымнай прапагандзе, то там нават намёку няма на супраціўленне Лукашэнкі ціску Крамлю. Наадварот, там увесь час акцэнтуецца гармонія і ўзаемаразуменне паміж "двума лідэрамі", а рознага роду напружанні паміж імі нават блізка не ўзгадваюцца.

— Якія канкрэтна дзеянні ўладаў можна аднесці да “супраціву”? Напэўна, гаворка можа ісці толькі пра нежаданне пасылаць беларускія войскі на вайну ва Украіну.

— Ухіленне ад адпраўкі беларускіх вайскоўцаў на вайну — гэта ў першую чаргу. Але не толькі гэта. Ухіленне ад афіцыйнага прызнання ДНР/ЛНР: беларускі рэжым фармальна не прызнаў ані іх незалежнасць пасля 21 лютага, ані іх далучэнне (разам з Херсонскай і Запарожскай абласцямі) да Расіі пасля 2 кастрычніка. Адмова прыняць Пушыліна (тзв. галава ДНР) на дзяржаўным узроўні ў ліпені. Візіт Лукашэнкі ў Абхазію. Прэс-служба прыпаднесла яго як "падарожжа па ўзбярэжжах Чорнага мора", а пра сустрэчу з кіраўніком Абхазіі Бжаніяй паведаміла без называння яго пасады (Крэмль чакаў іншага: і што Пушыліна прымуць у Беларусі як паўнаспраўнага лідэра суверэннай дзяржавы і што візіт у Абхазію будзе мець характар афіцыйнага прызнання яе незалежнасці.)

— Іншыя аналітыкі вам запярэчаць: якое супраціўленне? Лукашэнка аддаў тэрыторыю Беларусі расійскім войска, адсюль ляцяць ракеты па Украіне, адсюль у Расію эшалонамі вывозяцца ваенная тэхніка ды ўзбраенне. Прыехаў міністр абароны РФ Сяргей Шойгу у суботу, у выходны дзень і Лукашэнка мусіў сустракацца з ім.

— Уявім сабе, што заходзіць у чужы дом мускулісты злодзей і кажа гаспадару: аддавай брыльянты, грошы і ключы ад дома. Каб не страціць усё, гаспадар, хутчэй за ўсё, пачне гандлявацца, напрыклад: бяры, калі ласка, брыльянты, грошы, банкаўскую картку і ключы... ад аўтамабіля. Нягледзячы на шматразовыя патрабаванні аддаць ключы ад кватэры, гаспадар у выніку іх не аддаў. Цяпер пытанне да неназваных аналітыкаў: ці гаспадар супраціўляўся ці не супраціўляўся? З аднаго боку, не толькі аддаў брыльянты і грошы, але яшчэ ад сябе запрапанаваў банкаўскую картку і ключы ад аўтамабіля. З другога боку, ключы ад дома не аддаў, нягледзячы на патрабаванні і магчымыя пагрозы.

Лукашэнка знаходзіцца ў вельмі хісткім становішчы (міжнародная ізаляцыя, высокі негатыўны рэйтынг, відмо эканамічнай рэцэсіі). І яго паводзіны вызначаюцца пытаннем: што аддаць, каб не страціць усё? "Усё" ў яго выпадку — гэта ўлада і бяспека яго і ягонай сям'і. Бяры вось гэта, тое, а ў дадатак яшчэ і вунь тое. А вось гэта — армія — хай застанецца ў мяне.

— Калі Лукашэнка супраціўляецца ціску Крамля, то з якіх прычынаў?

— Кантроль над арміяй — гэта ключ да ўлады. Да гэтага ключа прычэплены і іншы ключ: адсутнасць пратэстаў. Калі хоць адзін з гэтых ключоў Лукашэнка аддасць, то перспектывы захавання ўлады стануць яшчэ больш бляклымі. Калі згубіць абодва, то такая перспектыва практычна цалкам знікае.