Першым касманаўтам ад незалежнай Беларусі будзе дзяўчына

«Першым беларускім касманаўтам павінна быць дзяўчына, таму ў асноўным вось зроблены акцэнт на адбор дзяўчат», — заявіў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў.

50068043713_d63c0f19dd_k.jpg


Шэсць беларускіх кандыдатаў для палёту ў космас ужо прыбылі ў расійскі Цэнтр падрыхтоўкі. Узрост прэтэндэнтаў ад 22 да 30 гадоў. У выніку застануцца два — асноўная кандыдатка на палёт і дублёрка, сказаў ён у эфіры беларускага ТБ.

«Яны там будуць праходзіць яшчэ медыцынскі адбор, будзе вельмі пільны адбор па здароўі, а затым, калі яны пройдуць, у выніку павінен застацца адзін асноўны прэтэндэнт на палёт і дублёр. Далей яны будуць праходзіць паўгадавую падрыхтоўку, вельмі сур'ёзную падрыхтоўку, на вельмі многіх трэнажорах, якія патрабуюць адпаведнага здароўя. Ну і мяркуецца, што калі ўсё будзе добра, то ўвосень наступнага года, у верасні, будзе завершана гэтая падрыхтоўка і магчымы будзе палёт беларускага касманаўта», — працягнуў Гусакоў.

Па яго словах, беларуская касманаўтка правядзе шэраг даследаванняў. «Там даследаванні ў галіне фізіялогіі, здароўя, біятэхналогій і біяпрэпаратаў і гэтак далей, аградаследаванні, нават, магчыма, вырошчванне нейкай зеляніны для харчовых мэт, даследаванні і апрабацыя прыбораў і абсталявання, якія мы распрацавалі і хацелі б паглядзець, як яны працуюць у космасе. Я, можа, не буду казаць, якія гэта прыборы, абсталяванне. Таму гэта цэлая вялікая напружаная праграма. І яны павінны прыехаць ужо з вынікамі», — распавёў Гусакоў.

За савецкім часам у космас лёталі беларусы Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак. Падчас незалежнасці Беларусі як расійскі касманаўт лятаў ураджэнец Беларусі Алег Навіцкі.