Эканаміст: Татальная залежнасць ад адной дзяржавы ніколі не будзе нам на карысць

Нягледзячы на санкцыі, Беларусь здолела дабіцца гістарычна лепшага паказчыка сальда знешнегандлёвага балансу. Аднак не ўсе так адназначна, распавёў прафесар Барыс Жаліба «Беларусам і рынку».

_horad___zycce___tvorczasc__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Раней Беларусь імкнулася раўнамерна размяркоўваць экспарт па трох напрамках (ЕАЭС, Еўрасаюз і краіны далёкай дугі) па «залатой» формуле 30 % — 30% — 30%. Цяпер шлях на еўрапейскія рынкі вельмі складаны.

Ці варта ставіць крыж на шматфактарнай палітыцы ў знешнім гандлі? Ці зможа Беларусь знайсці адэкватную замену еўрапейскаму і ўкраінскаму рынкі? Гэтыя пытанні вядучыя праграмы «Разумныя людзі» на YouTube-канале «Беларусы і рынак» абмеркавалі эканаміст Альбіна Сібірская і прафесар, доктар эканамічных навук Барыс Жаліба. 

У пошуках новых гандлёвых шляхоў

У 2019 годзе беларускім экспарцёрам атрымалася максімальна наблізіцца да ідэальных прапорцыяў 30 % — 30% — 30%. Але з тых часоў знешнія ўмовы змяніліся. Прадаваць нашы тавары ў ЕС стала складана. Вельмі значны для нашых вытворцаў украінскі рынак практычна страчаны. Формула ўстойлівага раўнавагі для знешняга гандлю Беларусі не працуе.

Як адзначылі эксперты праграмы, статыстыка фіксуе разварот нашых знешнегандлёвых патокаў з захаду на ўсход. Асабліва дадаў у вазе гандаль з Расіяй.

Барыс Жаліба прывёў такія даныя: калі раней тавары нашага ўсходняга партнёра ў структуры беларускага экспарту складалі каля 37 %, а ў імпарце — каля 50 %, то сёння абодва паказчыкі перасягнулі за адзнаку 60 %. Эксперт падкрэсліў, што «трэба шукаць новыя напрамкі, таму што татальная залежнасць ад адной дзяржавы ніколі не будзе нам на карысць».

На думку Альбіны Сібірскай, гіперактыўная роля Расіі ў гандлёвым супрацоўніцтве з Беларуссю — гэта «часовы фактар, пакуль мы пераарыентуемся на іншыя рынкі збыту». У ліку перспектыўных партнёраў яна назвала азіяцкія краіны, і выказала здагадку, што прадукцыя беларускага машынабудавання, у першую чаргу сельгастэхніка, магла б карыстацца попытам у Індыі і Пакістане.

Прыкметна ўзмацняюцца пазіцыі Кітая. Гандаль з КНР у апошнія гады сапраўды набірае абароты. Альбіна Сібірская звярнула ўвагу на тое, што доля Паднябеснай у знешнегандлёвым абароце Беларусі вырасла да 18%. Гэта другое месца пасля Расіі.

Аднак ёсць два фактары, якія працуюць супраць нарошчвання экспартна-імпартных патокаў. Барыс Жаліба адзначыў, што Беларусь мае патрэбу ў тэхналагічным абсталяванні, пастаўкі якога з краін ЕС і ЗША пад вялікім пытаннем у святле дзеючых санкцый. Альтэрнатыўным пастаўшчыком мог бы стаць Кітай, але ён сам баіцца трапіць пад другасныя санкцыі ЗША.

Акрамя таго, пасля ўведзенай Еўрасаюзам забароны на грузаперавозкі аўтатранспартнымі сродкамі з рэгістрацыяй у Беларусі і Расіі для Кітая прывабнасць нашай краіны як транспартна-лагістычнага цэнтра для далейшай транспарціроўкі сваіх тавараў у ЕС некалькі пацьмянела.

Да «далёкай дугі» адносяцца таксама краіны Афрыкі. Барыс Жаліба выказаў сумнеў, што гандаль з гэтымі дзяржавамі здольны забяспечыць істотны прырост беларускага экспарту: яны не плацежаздольныя, іх эканомікі слабыя. Станоўчага эфекту на «далёкай дузе» можна было б дасягнуць за кошт продажу калійных угнаенняў Бразіліі, Кітаю і Індыі, але на гэтым шляху паўсталі сур'ёзныя перашкоды. 

Падставіць плячо

Спікеры праграмы лічаць, што найбольш крытычная сітуацыя складваецца з экспартам нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Асноўная праблема звязаная з транспарціроўкай і лагістыкай паставак.

Беларусь страціла асноўных спажыўцоў нафтапрадуктаў — Украіну і краіны ЕС.

— Заходні вектар заблакаваны. Гнаць нафтапрадукты па трубаправодзе, напрыклад, у напрамку піцерскіх партоў — гэта дорага. Была надзея на порт у Адэсе, але ваенны канфлікт ва Украіне перакрэсліў гэтыя планы, — абмаляваў сітуацыю Барыс Жаліба.

Для калійных угнаенняў новыя рынкі шукаць не трэба: Індыя, Кітай і Бразілія па-ранейшаму гатовыя купляць нашу прадукцыю. Але як яе даставіць да месца прызначэння?

Расійскія парты, у прынцыпе, гатовыя працаваць з Беларуссю, але на справе для паўнавартаснага супрацоўніцтва не хапае партовых магутнасцяў.

— Порт у Мурманску ажыццяўляе перавалку адпаведных сыпкіх грузаў, але ён заняты расійскім «Уралкаліем». Ці дасць нам Расія магчымасць адгрузіць хаця б два мільёны тон, таксама пытанне, — прааналізаваў перспектывы Барыс Жаліба.

Альбіна Сібірская дапоўніла, што другі варыянт — порт ва Усць-Лузе ў Ленінградскай вобласці — таксама не ў стане прыняць аб'ёмы, якія патрабуюцца Беларусі. Абодва эксперты сышліся ў меркаванні, што нам неабходны уласны тэрмінал у Расіі. Планы па яго будаўніцтве ёсць, аднак на іх рэалізацыю патрэбны час і рэсурсы.

 

Два бакі аднаго медаля

Нягледзячы на дзеянне санкцый, Беларусі ўдалося дабіцца гістарычна лепшага паказчыка сальда знешнегандлёвага балансу — 2,3 млрд долараў па выніках першага паўгоддзя мінулага года. Ва ўрадзе разглядаюць такі вынік як сур'ёзнае дасягненне і прыкмету ўстойлівасці эканомікі.

Аднак не ўсе так адназначна. Барыс Жаліба звярнуў увагу на тое, што станоўчае сальда склалася не столькі за кошт росту экспарту, колькі за кошт скарачэння імпарту. Скарачэнне вымушанае. Гэта рэакцыя на санкцыйны ціск, растлумачыў эксперт. Яно адчувальна б'е па беларускіх вытворцах і негатыўна адбіваецца на аб'ёмах экспарту.

Прафесар Жаліба ўспомніў кейс, звязаны з вытворчасцю магутнай кар'ернай тэхнікі. Вытворцы з ЗША і Вялікабрытаніі адмовіліся пастаўляць маторы на БелАЗ, і на прадпрыемстве вялікія самазвалы не могуць збіраць і экспартаваць.

Станоўчае сальда дае кароткатэрміновы пазітыўны эфект на валютным рынку. Барыс Жаліба растлумачыў: гэта таму, што «імпарт скараціўся больш, чым экспарт, таму на біржы попыт на валюту з боку нашых імпарцёраў знізіўся. У выніку «пайшоў працэс умацавання расійскага рубля, па гэтай жа прычыне і беларускага». Для экспарцёраў, якія атрымліваюць выручку ў доларах і еўра, умацаванне нацыянальнай валюты ў перспектыве не вельмі на руку, асабліва на фоне высокай гадавой інфляцыі — 19 %.

Альбіна Сібірская дапоўніла, што ад высокай інфляцыі пакутуюць эканомікі многіх краін. Цэны растуць паўсюдна. Праз гэта расце экспартная выручка ў валюце, але што адбываецца з рэальнымі фізічнымі аб'ёмамі беларускага экспарту, ацаніць цяжка. Змяненне цэн на прадукцыю можа маскіраваць скарачэнне аб'ёмаў рэалізаванай прадукцыі. Зрабіць адназначныя высновы складана, таму што дэталізаваныя даныя па знешнім гандлі па-ранейшаму недаступныя. Аднак відавочна, што ў пошуках новай формулы раўнавагі структура і геаграфія экспарту ў бліжэйшыя два гады будзе прыкметна мяняцца.

Пераклад НЧ