Мажэйка: Рэжыму нельга даваць шанцаў на гандаль
Палітычны аналітык Вадзім Мажэйка на «Радыё Р*цыя» разважае наконт так званага «гандлю палітвязнямі», а таксама пра тое, чаму рэжым не саромеецца паказальна судзіць нобелеўскага лаўрэата.
Цягам апошняга тыдня ў інтэрнэце не сціхаюць размовы пра «гандаль палітзняволенымі». Аналітык Вадзім Мажэйка мае свой погляд на гэту праблему.
— Па-першае, ёсць вымярэнне эфектыўнасці і ёсць маральнае вымярэнне. Калі глядзець з пункту гледжання эфектыўнасці, прагматыкі, то для гандлю няма першаснай умовы, каб абодва бакі мелі тыя рэсурсы, якімі яны маглі б падзяліцца ў абмен на штосьці. Зараз выглядае, што і рэжым у Мінску, і заходнія партнёры, па-першае, на самым нізкім узроўні даверу адно да аднаго, і па-другое, няма нейкай гатоўнасці да саступак. Няма разумення таго, што можа зрабіць Захад, каб беларускі рэжым выпускаў палітвязняў.
Аналітык упэўнены, што беларускаму рэжыму нельга даваць шанцаў на такі гандаль:
— Вельмі небяспечна ствараць сістэму, калі будзе існаваць такі прайс, што вось мы столькі палітзняволеных мяняем на грошы ці любы іншы рэсурс. Бо гэта дае вельмі дрэнны стымул для таго, каб набіраць новых палітзняволеных. Гэта такі рэсурс, як калі ў Салігорску капаюць калій — можна будзе гэтаксама капаць палітвязняў. Вядома, што рэжым не спыніцца на тым, каб больш накапаць.
Вадзім Мажэйка не абмінуў увагай і гучны судовы працэс над праваабаронцамі «Вясны», дзе на лаве падсудных — нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. На думку аналітыка, беларускія ўлады настолькі адарваныя ад рэальнасці, што не ўсведамляюць, як гэта ўсё выглядае звонку.
— Рэжым у Беларусі, судзячы Алеся Бяляцкага, дэманструе нетыповы для свету прыклад. Мне здаецца, акрамя ўсяго таго, пра што сведчаць рэпрэсіі, у дадзеным выпадку гэта сведчыць яшчэ пра тое, наколькі ўлады Беларусі адарваныя ад сусветнага кантэксту, ад кантэксту еўрапейскага. Яны не асабліва разумеюць, як выглядае суд над нобелеўскім лаўрэатам, і гатовыя не звяртаць увагі на наступствы. Гэта, канешне, вельмі недальнабачна і неразумна. Фактычна правакаванне дзеля правакавання і дзеля дэманстрацыі таго, што быццам нішто не можа замінаць рэпрэсіям нават у дачыненні да нобелеўскага лаўрэата.
Адказваючы на пытанне пра санкцыі, якія, паводле непацверджанай інфармацыі, Украіна прасіла не ўводзіць у дачыненні да Беларусі, аналітык звяртае ўвагу на дваістасць пазіцыі ўкраінскіх палітыкаў:
— З аднаго боку, Украіна пакуль не прызнала гэты факт. Зноў-такі, мы не ведаем, так гэта ці не. Але калі нават гэта так, то Украіна як мінімум не лічыць санкцыі нечым іміджава добрым. Другі момант — гэтую інфармацыю падаў карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Бруселі Рыкард Ёзвяк. Калі ён што пісаў пра санкцыі, гэта заўсёды спраўджвалася. Таму варта будзе паглядзець і на тое, што акажацца ў новым санкцыйным пакеце, ці будзе далучаная Беларусь. Прынамсі, Урсула фон дэр Ляйен казала, што будзе.
І таксама трэба будзе паглядзець, якой надалей будзе па гэтым пытанні публічная пазіцыя Украіны. Бо зараз да гэтай сітуацыі прыцягнулі ўвагу. Так, пазіцыя Украіны дваістая. Маўляў, не трэба дражніць Лукашэнку, не трэба кантактаваць з Ціханоўскай і санкцыямі не дражніць. Можа, і такія настроі ёсць.
19 студзеня адбудзецца візіт расійскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова ў Мінск. Мажэйка не бачыць у гэтым нічога дзіўнага і незвычайнага.
— Беларусь і Расія ў цяперашніх умовах — краіны, якія ўзаемадзейнічаюць эканамічна і знешнепалітычна вельмі моцна. Вельмі моцна каардынуюць сваю дзейнасць, маюць велізарную колькасць сумесных праектаў. І таму калі спыняцца ўсялякія кантакты паміж Лукашэнкам і Пуціным, калі не будзе сустрэч на ўзроўні чыноўнікаў, вось гэта будзе дзіўна. А той факт, што такія сустрэчы працягваюцца, сапраўды, цалкам зразумелы. Таму ў гэтым сэнсе ў візіце Лаўрова ў Мінск не бачу патрэбы шукаць складаныя канспіралагічныя тэорыі. Прычыны для такіх візітаў на паверхні.