Хронікі рэпрэсій за 16 студзеня

Навіны знутры краіны, якія вы маглі прапусціць.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Сёння ў судзе Савецкага раёна Мінска прайшоў разгляд справы палітзняволенай Валерыі Чарнаморцавай. Экскурсаводку абвінавачвалі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх». Суддзя Вольга Емяльянчанка прысудзіла ёй 2,5 гады «хатняй хіміі».

У Гродне пачаўся суд над палітзняволеным Анджэем Пачобутам. Працэс зрабілі закрытым. Разгляд справы з восені пераносілі тры разы. Пачобута абвінавачваюць у «закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», а таксама ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці».

Анджэй Пачобут у судзе. Фота: «БелТА»

Анджэй Пачобут у судзе. Фота: «БелТА»

Таксама сёння пачалі судзіць адваката Віталя Брагінца, які быў абаронцам Алеся Бяляцкага і Андрэя Мачалава. Яго абвінавачваюць па чатырох артыкулах: «Распальванне сацыяльнай варожасці», «Заклікі да санкцый», «Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім».

Палітзняволенаму Сяргею Ціханоўскаму прад'яўлена новае абвінавачванне — у «здзяйсненні злачынства супраць правасуддзя». Паводле Следчага камітэта, Ціханоўскі «сістэматычна дапускаў непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамернікамі. За гэта неаднаразова падвяргаўся спагнанням». Відаць, гэта і ёсць «злачынства супраць правасуддзя».

Супрацоўніку «Белтэлекама» Дзмітрыю Каханоўскаму прысудзілі шэсць з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму за «завалоданне асабістымі звесткамі супрацоўнікаў праваахоўных органаў». Паводле абвінавачання, мужчына нібыта «здабываў з базы даных персанальныя звесткі сілавікоў, дзяржслужачых, суддзяў». Следчыя сцвярджаюць, што ўсяго такіх эпізодаў было 46.

Палітзняволеную Марыю Калеснікаву выпісалі з медсанчасткі і вярнулі ў атрад. Вядома, што яна выйшла на працу і «адчувае сябе нармальна».

Гомельскі суд 16 студзеня разгледзеў скаргу былой журналісткі Ларысы Шчыраковай на ўтрыманне яе пад вартай, але пакінуў жанчыну за кратамі. Вядома, што на яе завялі крымінальную справу за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Якія менавіта дзеянні ставяць ёй у віну, пакуль не паведамляецца.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «В*ясны», на дадзены момант у краіне налічваецца 1439 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітзняволенымі 1704 чалавекі. Сярод іх — 193 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 14 чалавек былі адпраўлены на прымусовае лячэнне.