На волю выйшаў YouTube-блогер з каманды Ціханоўскага
Затрыманы на пачатку траўня 2020 года ў Магілёве разам з чальцамі каманды «Краіна для жыцця» блогер Уладзімір Няронскі выйшаў на волю пасля адбыцця прызначанага тэрміну пакарання, паведамляюць праваабаронцы.
Адразу пасля старту электаральнай кампаніі-2020 заснавальнік
YouTube-канала «Слуцк
для жизни» далучыўся да каманды блогера Сяргея Ціханоўскага. Аднак ужо адзін з
першых агітацыйных дэсантаў скончыўся для яго затрыманнем — актывісту
прызначылі 10 сутак адміністрацыйнага арышту за «арганізацыю несанкцыянаванага
мітынгу з публічным абмеркаваннем улады». Так суд класіфікаваў сустрэчу жыхароў
Магілёва з паплечнікамі патэнцыйнага прэтэндэнта ў кандыдаты на вышэйшую пасаду
Сяргея Ціханоўскага.
Пасля гэтага, нагадвае БАЖ, случака яшчэ некалькі разоў перазатрымлівалі,
агулам на «адміністратыўках» ён правёў 40 сутак — у ізалятары слуцкага РАУС,
жодзінскай следчай турме № 8, ізалятары Лагойскага РАУС. 17 чэрвеня 2020-га
блогера перавезлі ў СІЗА №1 Мінска. Уласна кажучы, усе драматычныя падзеі,
звязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі, ён прапусціў.
Праваабарончая супольнасць прызнала Уладзіміра Няронскага
палітвязнем, а яго пераслед — палітычна матываваным.
Працэс супраць блогера пачаўся толькі 12 студзеня 2021 года
ў судзе Лагойскага раёна. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел
у іх) і арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.
У выніку двухтыднёвага разбіральніцтва суддзя Лагойскага
раёна Аляксандр Рыбакоў прызнаў Уладзіміра Няронскага вінаватым у «злачынствах». Маўляў, у відэароліках публічна заклікаў да ўдзелу ў
несанкцыянаваных мерапрыемствах у Бабруйску, Брэсце, Магілёве, Мазыры, Слуцку,
а заклікі да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, рабіў нібыта «ў
змове» з блогерам Сяргеем Ціханоўскім (стварыў яму акаўнт) і палітыкам Міколам
Статкевічам (тэлефон быў у нататніку). Таксама яго прызналі вінаватым у
публічнай абразе на сваім YouTube-канале
старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага.
Сукупнае пакаранне вылілася ў 3 гады пазбаўлення волі ў
калоніі агульнага рэжыму. Да таго аналагічны тэрмін пазбаўлення волі папрасіў і
дзяржаўны абвінаваўца Аляксандр Ляўковіч. Гэта быў першы вырак у так званай «справе Ціханоўскага».
Сам Уладзімір Няронскі пагадзіўся, што сапраўды публікаваў
ролікі, у якіх эмацыйна выказваўся наконт палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў
краіне, але ніякай «змовы» ні з кім не было. Што да абразы слуцкага чыноўніка,
блогер прызнаў віну ў поўным аб’ёме і нават сказаў, што гатовы публічна
прынесці прабачэнні. Аднак суд гэтыя акалічнасці праігнараваў.
6 красавіка таго ж года Мінскі абласны суд разгледзеў
апеляцыйную скаргу на прысуд Уладзіміра Няронскага. Асуджаны аўтар YouTube-канала «Слуцк для
жизни» ў працэсе не ўдзельнічаў, хоць адпаведнае хадайніцтва было заяўлена.
Адвакат Антон Гашынскі прасіў адмяніць рашэнне суда
Лагойскага раёна і накіраваць справу на новы разгляд. Як адзначыў юрыст,
відэаролікі на канале «Слуцк для жизни» з’явіліся задоўга да пратэсных акцый
2020-га, таму абвінавачанне неабгрунтаванае ў дастатковай форме. Паводле
абаронцы, блогерства было самастойнай дзейнасцю Уладзіміра Няронскага і ніхто,
уключна з Сяргеем Ціханоўскім ці Мікалаем Статкевічам, не мог ім кіраваць
апрыёры.
Аднак судовая калегія пакінула скаргу без задавальнення, а
прысуд — без зменаў. Прызначаны тэрмін Уладзімір Няронскі адбываў у магілёўскай
калоніі № 15. Агулам — 2 гады і 8 месяцаў з улікам тэрміну па формуле «адзін
дзень за паўтара» ў СІЗА.