Асобная думка. Чужыя сярод сваіх?
На фоне новага выпуску Дудзя навіна аб пачатку разгляду справы С. Ціханоўскай, П. Латушкі і іншых дзеячаў Каардынацыйнай рады прайшла звычайным шараговым паведамленнем. Чарговы «суд», чарговы раз «у закрытым рэжыме» — беларусаў даўно ўжо гэта не здзіўляе. Палітычныя працэсы і рэпрэсіі пераўтварыліся ў штодзённы «фон». Гэта расчараванне ці да нас вярнулася звычайная абыякавасць? Ні тое, ні другое...
21 кастрычніка 2022 года Следчы камітэт гучна абвясціў аб пачатку спецвытворчасці па абвінавачванні С. Ціханоўскай, П. Латушкі і шэрагу іншых асоб ажно па 8 ці 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. 17 студзеня 2023 года Вярхоўны суд пачаў разгляд справы. Менш чым за 3 месяцы справа амаль па дзясятку складаных артыкулаў была даследавана, накіравана ў пракуратуру, суд і нават пачаўся яе «разгляд»! Хуценька, нічога не скажаш. Нагадаем, што па справе А. Фядуты з «паплечнікамі» па не менш складаных артыкулах расследаванне доўжылася амаль 1,5 года. Э. Бабарыка з абвінавачваннем «усяго» па трох артыкулах знаходзіцца ў СІЗА ўжо больш за 2,5 гады — гэта ўвогуле сумны рэкорд. Шмат яшчэ каго можна прыгадаць, але ў апошні час большасць «палітычных» спраў па дзяжурна-простых артыкулах, што неўзабаве сталі «народнымі», расследуюцца ў 2-3-месячны тэрмін, потым хуткі суд і пакаранне. Колькасць палітвязняў у калоніях і на «хіміі» з кожным днём павялічваецца, і ўмовы іх утрымання там зусім далёкія нават ад мінімальна цывілізаваных.
Не першы месяц у адрас сённяшніх віртуальных падсудных з розных бакоў льюцца цэбры бруду. І тое яны не так робяць, і гэтае, а вось тут увогуле ніхто нічога на кранаў. Маўляў, палітвязні сядзяць, а яны па замежжах каву з каньяком распіваюць на прыёмах. Айфоны, кубачкі, сукенкі... А Франак яшчэ таўсцейшы стаў! Што ж гэта робіцца, за што мы кроў літрамі лілі? Ганьба, здрада і гэтак далей...
Цікава, але на пытанне «А што канкрэтна робіцца не так і як менавіта Вы мусілі б зрабіць, па пунктах?» амаль аніводнага адказу я так і не пачуў. З больш-менш слушнага я тут нічога не прывяду, бо гэта адразу некалькі артыкулаў сучаснага Крымінальнага кодэкса і двухзначная лічба тэрміну пакарання.
Адразу наступнае пытанне: «А якімі, на Вашу думку, мусяць быць справаздачы аб зробленым у бягучай сітуацыі?». Вось тут зусім аніводнага адказу я не атрымаў.
Можа, трэба распаўсюджваць штомесячныя ці штотыднёвыя прэс-рэлізы аб стасунках з тымі, хто застаецца ў Беларусі?
Што і з кім сумесна зроблена, з імёнамі-прозвішчамі?
Ад каго, адкуль і якая інфармацыя прыйшла?
Планы на бліжэйшы тыдзень?
Не саромцеся, падказвайце, што б вы хацелі ведаць, як даваць адказы на вашы публічныя пытанні ў публічнай прасторы і, самае галоўнае, што вы будзеце рабіць з гэтымі ведамі? Салодка пасміхняцеся, што «нас большасць», і пойдзеце спакойна спаць? А карнікі салодка пасміхнуцца і спаць не пойдуць...
Ёсць, канешне, слушныя і абгрунтаваныя пытанні, але ж абсалютнай большасці абуранага грамадства я б нагадаў аб тым, што становішча Беларусі цяпер амаль ідэнтычнае акупацыйнаму. Унутры краіны пануе тэрор. Не думаю, што камусьці яшчэ трэба распавядаць, за што ў Беларусі зараз трапляюць за краты, і зусім не трэба множыць колькасць сумленных людзей у вязніцах толькі таму, што камусьці здаецца, што С. Ціханоўская ці П. Латушка, ці нехта яшчэ неяк не так справаздачыцца аб сваёй працы.
Канешне, пытанне аб палітвязнях — на сённяшні дзень адно з самых балючых, і менавіта яно часцей за ўсё гучыць у прэтэнзіях да сённяшніх завочна падсудных. Зусім нядаўна С. Ціханоўская прапанавала ўсім, у каго ёсць рэальныя ідэі па вырашэнні ці нават па якім-небудзь кроку да вырашэння гэтай праблемы, звяртацца да Офіса. Лягчэй за ўсё ў чарговы раз зневажальна пфэкнуць і ў адказ прамовіць «А вы там што робіце столькі часу?». Такім «экспертам» я раю падысці да люстэрка і задаць тое ж самае пытанне сабе. Калі табе ёсць што прапанаваць — чаго чакаць? Калі няма — паважай людзей, якія робяць хоць штосьці. Менавіта цяпер самы той час, калі трэба трымацца адзін аднаго і рабіць агульную працу. Узнёскі будзем падлічваць потым, калі застанецца жаданне.
Безумоўна, памылкі былі, ёсць і будуць. Калі не атрымалася іх пазбегнуць, трэба адкрыта і сумленна прызнаваць і працаваць над імі. Іншым шляхам досвед не атрымліваецца, і гэта таксама трэба разумець нам усім. Некаторыя памылкі маюць вельмі высокі кошт, і яго трэба плаціць. Перамог без ахвяр не бывае. Як паменшыць іх колькасць — тэма для іншай размовы. Мы ўжо ведаем прыклад кіраўніка, які ніколі не памыляецца і ўсё робіць зручна і заўчасна. Дзякуй, больш не трэба!