Хронікі рэпрэсій за 17 студзеня
Затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, прызнанне незалежных СМІ і тэлеграм-каналаў экстрэмісцкімі матэрыяламі — усё гэта стала ў Беларусі штодзённасцю. З дапамогай праваабаронцаў і СМІ сабралі факты палітычнага пераследу беларусаў 17 студзеня.
Палітзняволены Мікалай Статкевіч зноў у ШІЗА
Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. Днямі яна атрымала новы ліст ад Мікалая.
«Ужо некалькі разоў пасля выпіскі з медчасткі бралі кроў з пальца на аналіз. Як я разумею, застаецца завышанай ХАЭ. Сёння рабілі «кантрольную» флюараграфію, у тым ліку асобны здымак правага лёгкага.
Звычайная тут сітуацыя: адна «рука» неўзабаве пасля хваробы саджае ў ШІЗА, а потым у камеру з мокрым ад столі да нізу кутам, а другая лекуе ад наступстваў. І піша даведкі, што магу быць у ШІЗА», — з ліста Мікалая ад 05.01.23.
А жанчына гадала, навошта было яго пасля хваробы пераводзіць у іншую камеру? Верагодна, старая не адпавядала высокім стандартам гэтай установы. Ды і сем сантыметраў нечага вартыя ж.
У Мінску завочна судзяць Святлану Ціханоўскую і іншых фігурантаў «справы Каардынацыйнай рады»
У Мінскім гарадскім судзе сёння, 17 студзеня, распачынаецца завочны суд над Святланай Ціханоўскай, Паўлам Латушкам, Вольгай Кавальковай, Марыяй Мароз, Сяргеем Дылеўскім. Справу вядзе суддзя Пётр Арлоў. Усе фігуранты справы знаходзяцца за мяжой. Агулам ім ставяць у віну 12 крымінальных артыкулаў.
Нагадаем, Следчы камітэт 20 кастрычніка 2022 года распачаў працэс спецыяльнай вытворчасці ў дачыненні да ўсіх фігурантаў справы. 30 лістапада справу перадалі генеральнаму пракурору для накіравання ў суд.
11 студзеня Святлана Ціханоўская звярнулася ў Мінскі гарадскі суд з патрабаваннем даць ёй права азнаёміцца з матэрыяламі яе справы і апавясціла суд аб тым, што збіраецца скарыстацца сваім правам на адваката. Яна таксама напісала Мінскай гарадской і Рэспубліканскай калегіям адвакатаў аб тым, што хоча звязацца з назначаным ёй адвакатам і выпрацаваць пазіцыю.
Сёння ў адказ на хадайніцтва Святланы Ціханоўскай аб прадастаўленні ёй матэрыялаў справы для азнаямлення суд паведаміў, што яна можа азнаёміцца з імі толькі ў памяшканні Мінгарсуда.
Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што лічыць працэдуру завочнай судавытворчасці парушэннем базавых правоў і свабод чалавека.
Павел Латушка адмовіўся ад назначанага яму адваката. Паводле яго слоў, Следчы камітэт спрабуе стварыць бачнасць законнасці, але ў яго гэта дрэнна атрымліваецца. Таксама ён патрабаваў копію пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы альбо аб прызнанні падазраваным. Але адпаведнага дакумента не атрымаў.
У Мінску затрымалі грамадзяніна Грузіі, які нібыта хацеў паехаць ваяваць за Украіну
Затрыманы — Георгій Зіракашвілі. Сцвярджаецца, што пасля затрымання ён ва Украіну ехаць перадумаў. Што з мужчынам цяпер, распачалі супраць яго крымінальную справу або выправадзілі з краіны — невядома.
Вядучыя БТ, выкарыстоўваючы гісторыю грузіна, наўпрост абвінавацілі амбасаду Украіны ў Мінску ў вярбоўцы замежных наймітаў для вайны. Якіх-небудзь доказаў таго, што канкрэтна амбасада ў Мінску займаецца вярбоўкай, на БТ не прывялі.
Судовы працэс над адвакатам Віталем Брагінцам сёння зрабілі закрытым
Учора ў Мінгарсудзе распачаўся суд над адвакатам паводле 4 артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 («Распальванне варожасці»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцый»), ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел ў ім») і ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Справу разглядае суддзя Алена Ананіч. Суд працягнуўся 17 студзеня ўжо ў закрытым рэжыме.
Улады прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу — на сайце Мінінфарма яе назву на беларускай мове напісалі з памылкамі
Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кнігу «Вызваленыя» i Заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939-1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў». Адзначым, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў назва кнігі напісана з памылкамі («Вызваленныя» i «Заняволенныя»).
Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» дадалі:
Telegram-каналы і чаты: «Ивье. НОВОСТИ», «by_help Molo», «МОЛОДЕЧНО Chat»;
Старонку ў «Аднакласніках» «Ирина Боровик»;
Facebook-старонкі «BYPOL News», «1Пинск»;
Telegram-стыкеры «WotanJugend by @fStikBоt».
Палітвязня Сяргея Лаўкайціса змясцілі ў ШІЗА другі раз запар
Сяргея затрымалі 5 снежня 2020 года. Яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 339 КК («Хуліганства»): нібыта ён «падрыхтаваў не менш чым у 4 пластыкавых бутэльках лёгкаўзгаральную гаручую сумесь, якой наўмысна абліў з тыльнага боку гандлёвы кіёск «Табакерка» і падпаліў, у выніку чаго адбылося ўзгаранне». Сяргея асудзілі да трох гадоў калоніі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Сяргея другі раз запар змясцілі ў ШІЗА. Адной з прычын маглі стаць вершы на беларускай і рускай мовах, якія вязень піша па падзеях у калоніі. Сяргея перавялі ў атрад да Паўла Севярынца і ў іншую брыгаду. Адміністрацыя цісне на яго праз адмову працаваць «у прадлёнцы» бясплатна. Таксама Сяргея караюць рапартамі за «надуманыя» парушэнні: расшпілены гузік, у бараку зняў куртку і апрануў майку. Пры гэтым ён адмаўляўся пісаць тлумачальную, бо не бачыў сваёй віны.
Уладзіміра Астапенку завочна ўзялі пад варту
Генеральная пракуратура паведаміла, што крымінальную справу ў дачыненні да экс-амбасадара Уладзіміра Астапенкі, якому інкрымінаваны крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, накіравалі ў суд. Нанесеную шкоду пракуратура ацаніла ў 6,9 тыс. рублёў.
Паводле крымінальнай справы са згоды Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь праводзіцца так званая спецыяльная вытворчасць. Завочна абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Нагадваем, амбасадар Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка пасля падзей 2020 года пакінуў пасаду і далучыўся да НАУ.
Напрыканцы снежня мінулага года стала вядома, што ў дачыненні да экс-дыпламата следчы камітэт Беларусі распачаў «спецыяльную вытворчасць».
Цяпер Уладзімір Астапенка ўзначальвае Місію дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі. Сілавікі нават прасілі яго прыехаць у Беларусь і даць паказанні ў Следчым камітэце.
Палітвязень Мікалай Сергіеня, асуджаны па «справе Зельцэра», выйшаў на волю
У Мінскім гарадскім судзе 7 верасня быў вынесены прысуд палітвязню Мікалаю Сергіеню, які быў абвінавачаны ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў распальванні расавай, нацыянальнай, сацыяльнай альбо іншай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК). Судовы працэс вяла суддзя Таццяна Фалькоўская.
Мужчына быў прызнаны вінаватым і асуджаны да аднаго года і 8 месяцаў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама да 100 базавых велічынь штрафу.
Цяпер стала вядома, што 11 лістапада ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. За кратамі ён правёў 1 год, 1 месяц і 12 дзён.
Мінчука асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у двух Маршах. Падстава для затрымання — фота ГУБАЗіКа
23 снежня ў судзе Ленінскага раёна Мінска за ўдзел у двух Маршах 2020 года да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» асудзілі 35-гадовага Паўла Рэменчыка. Падставай для затрымання мужчыны 25 кастрычніка 2022 года стаў фотаздымак з Паўлам, прадастаўлены супрацоўнікамі ГУБАЗіКа. Падчас ператрусу знайшлі байку, у якой Рэменчык быў на Маршы, а ў тэлефоне — больш фота, якія і сталі доказамі яго віны паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). На тэлефоне мужчыны знайшлі яго фота на двух Маршах на праезнай частцы з нацыянальным сцягам Беларусі, а таксама фота сілавікоў. Паўла затрымалі і змясцілі пад варту.
Павел на судзе цалкам прызнаў віну. На працэсе ён распавёў, што ведаў, што на тэрыторыі Мінска адбываюцца акцыі пратэсту. Да суда абвінавачаны часткова кампенсаваў прычыненую шкоду, а таксама ўнёс суму грашовых сродкаў на дабрачынны рахунак.
Прысуд вынесла Анастасія Ачалава. Паўла вызвалілі ў зале суда паля двух месяцаў пад вартай.
Палітвязня асудзілі на тры з паловай гады калоніі за абразу Лукашэнкі і генеральнага пракурора
У Гомельскім абласным судзе асудзілі Аляксандра Пугача паводле ч. 1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 1 арт. 366 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы»), ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») Крымінальнага кодэкса.
Суддзя Руслан Царук прызначыў мужчыну тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і кампенсацыю маральнай шкоды памерам 10.000 рублёў і 100 базавых велічынь.
Згодна з версіяй следства, Аляксандр «у Telegram абражаў кіраўніка дзяржавы, а таксама прадстаўнікоў улады, у тым ліку генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў».
Палітзняволены блогер са Слуцка Уладзімір Няронскі — на волі
Палітзняволены аўтар YouTube-канала «Слуцк для жыцця» Уладзімір Няронскі быў затрыманы 8 траўня 2020 года. Ён утрымліваўся за кратамі 2 гады, 8 месяцаў і 6 дзён.
Суд Лагойскага раёна 2 лютага 2021 года асудзіў палітвязня да трох гадоў калоніі. Суд прызнаў Няронскага вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 і ч. 1 арт. 342. Няронскага абвінавацілі ў закліках у сваіх роліках «Слуцк для жизни» да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Слуцку, Мазыры, Брэсце, Бабруйску, Магілёве. Суд прызнаў, што рабіў ён гэта ў змове з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і палітыкам Мікалаем Статкевічам. Таксама Няронскі быў прызнаны вінаватым у публічнай абразе ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага.
Уладзімір адбываў тэрмін у магілёўскай калоніі № 15, адкуль выйшаў на волю 14 студзеня.