«Спецвытворчасць» распачата і на экс-дыпламата Уладзіміра Астапенку
Следчы камітэт распачаў «спецвытворчасць» у дачыненні да экс-дыпламата Уладзіміра Астапенкі, паведамляюць праваабаронцы.
Уладзіміру Астапенку інкрымінавана ч.3 арт. 210 («Завалоданне маёмасцю ў буйным памеры, учыненае службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў») Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Следчы камітэт прапанаваў Астапенку прыехаць у Беларусь і даць паказанні.
Уладзімір Астапенка быў амбасадарам у Лацінскай Амерыцы: Аргенціне, Уругваі, Парагваі, Перу і на Кубе.
23 верасня 2020 года дыпламат падаў заяву аб вызваленні ад займанай пасады па ўзгадненні бакоў. А 27 кастрычніка накіраваў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе заявіў пра шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязацельствах, відавочныя і грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Прасіў вызваліць яго ад пасады ў сувязі з парушэннямі наймальнікам заканадаўства, якое перашкаджае выкананню працы па працоўным дагаворы.
У свой апошні дзень працы ў якасці пасла Уладзімір Астапенка запісаў відэазварот, у якім выказаў надзею, што над усімі амбасадамі Беларусі ўздымецца бел-чырвона-белы сцяг, а таксама апрануў бел-чырвона-белую футболку аргенцінскага футбольнага клуба «Рывер Плэйт».
Пазней Астапенка ўвайшоў у Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.