Колеры строгага рэжыму: якім футбольным камандам будзе не рада беларуская міліцыя
Успамін з натуры. Кастрычнік 2003-га, футбола ў Мiнску засталося на тры дні, тады яшчэ не «белакрылая», а проста зборная Беларусі гуляе з аўстрыякамі ў адборы да EURO'2004. Перад матчам — традыцыйныя меры бяспекі ад родный міліцыі ў выглядзе міні-нарады ля рамкі металашукальніка. Старэйшыя па званні праводзяць інструктаж малодшых: «Яшчэ раз! Запомніце: чырвона-бела-чырвонае можна, бела-чырвона-белае — нельга!..»
У 2021-м з колераадчувальнасцю ў супрацоўнікаў стала нават лепш. Пад забарону падпадаюць не толькі ўласна БЧБ, але і ўсё, што можа здалёк нагадваць «сімволіку ворагаў айчыны». За сцягi Японіі, Англii і Канады беларусы ўжо рэальна атрымалі суткі. А што будзе, калі ў недазволеныя колеры раптам будуць апрануты шматлікія госці Беларусі па футбольнай лініі? Ды тыя ж ЧБЧшныя аўстрыйцы?..
Працы ў міліцыянераў будзе немала. Адмыслова для іх «Новы Час» склаў топ каманд у БЧБ-расфарбоўцы. Каб ужо падчас любога лёсавання службы аховы парадку ведалі, які канкрэтна футбол ім не патрэбны.
«Аякс» (Амстэрдам, Нідэрланды)
Клуб з галандскай сталіцы гуляе, бадай, у самай пазнавальнай БЧБ-форме ў свеце. Фірмовая вертыкальная паласа на белай камізэльцы «Аякса» прыгажэе ўжо больш за сто гадоў. У 1911-м амстэрдамцы ўпершыню выйшлі ў топ-дывізіён Нідэрландаў. На той момант будучы самы тытулаваны клуб краіны выступаў у форме ў белую і чырвоную палоску. Але такія ж, адзін у адзін, колеры былі і ў ратэрдамскай «Спарты» — таварыства з куды большым аўтарытэтам у галандскім футболе на пачатку ХХ стагоддзя. «Аякс» вымушаны быў нешта хутка прыдумаць: паняцця «другі камплект формы» проста не існавала.
Амстэрдамцы знайшлі геніяльны варыянт: пакінулі толькі адну паласу — але шырокую. З той пары «бел-чырвона-белых» з Амстэрдама ні з кім не пераблытаеш, а па колькасці тытулаў і «Спарту», і ўсіх астатніх у Нідэрландах яны ўжо апярэдзілі.
Дарэчы, форма «Аякса» не толькі гістарычная, але і стылёвая. Яна часцяком трапляе ў розныя топы «самых-самых» футболак. Паводле версіі англійскай газеты «The Sun», майка «Аякса» з 70-х заняла 9-е месца сярод камізэлек усіх часоў, а паводле версіі штотыднёвіка «France Football» — першае!
Не будзем забываць і аб тым, што фанаты амстэрдамцаў — даволі рэзкія хлопцы, якім будзе дастаткова складана растлумачыць, чаму сцяг іх клуба ў Беларусі ў «бане». Баявая групоўка ў «Аякса» не проста існуе, а часцяком лупіцца з усімі запар. Куды глядзіць галандская паліцыя — абсалютна незразумела.
«Спартак» (Масква, Расія)
Вельмі доўга гуляе ў белым і чырвоным і маскоўскі «Спартак». Яшчэ ў 1935-м энтузіясты, якія стварылі спартыўнае таварыства, прапанавалі гэтыя колеры для каманды. З той пары так і гуляюць: белая палоска на чырвоным дома, чырвоная на белым — у гасцях.
Калі гасцяваць давядзецца ў Мінску, могуць быць праблемы. Дарэчы, і ў гэтага клуба фанаты — даволі баявыя таварышы. Самы папулярны клуб Расіі ў незалежнай Беларусі афіцыйных матчаў яшчэ не гуляў. Але «ультрас» «Спартака» ўжо прыязджалі ў Барысаў падтрымаць іншую «бела-чырвоную» каманду — белградскую «Црвену Звезду» ў гульні супраць БАТЭ.
«Штутгарт» (Германія)
Каманда са сталіцы нямецкай зямлі Бадэн-Вюртемберг гістарычна не чужая беларускім футбольным аматарам. Менавіта ў ёй па-сапраўднаму ўзышла зорка Аляксандра Глеба — найлепшага айчыннага гульца ў ХХІ стагоддзі. Шэсць гадоў ён выходзіў на поле ў фірмовай штутгартскай белай майцы з чырвонай паласой. Гэтыя колеры у швабскай каманды з 1949-га.
«Арсенал» (Лондан, Англія)
Яшчэ адзін клуб Глеба, дзе Аляксандр правёў, бадай, лепшыя гады кар'еры (па іроніі лёсу — таксама ў БЧБ). «Кананіры» ўжо двойчы прыязджалі ў Беларусь — абодва разы ў Барысаў. Аднойчы БАТЭ нават удалося перайграць лонданцаў — 1:0 дзякуючы голу Станіслава Драгуна. Міліцыі было шмат, але за бела-чырвона-белую вопратку тады не «прымалі». Для гэтага давялося б пастарацца: заўзятары англічан занімалі прыкладна чвэрць «Барысаў-Арэны». Хто забыў, менавіта на першай гульні здарыўся той самы забег з бел-чырвона-белым сцягам заўзятара Аляксандра Вянгерскага… Цяпер запакаваць прыйшлося б нашмат больш, чым аднаго парушальніка парадку.
Паводле легенды, чырвоную майку з белымі рукавамі «Арсеналу» прыдумаў у 1930-х сам Херберт Чэпман — легендарны трэнер і вялікі наватар футбола. Спалучэнне колераў і выдатная гульня лонданцаў перад Другой сусветнай вайной дадалі «кананірам» шмат прыхільнікаў. Напрыклад, «Брага» з Партугаліі — таксама выбітны клуб — у 1946-м змяніў старыя зялёна-белыя майкі на арсенальскія БЧБ. Паводле адной з версій, аб гэтым папрасіў прэзідэнта клуба венгерскі трэнер Ёжэф Саба пад уражаннем ад вялікага «Арсенала» — і «Брага» адразу ж выйграла турнір у другім партугальскім дывізіёне. На фарт БЧБ вырашылі захаваць.
Зборная Англіі
І гэтая легенданая каманда ў Беларусі ўжо была ў 2008-м. Знакамітыя заўзятары на тры дні запаланілі цэнтральныя вуліцы Мінска з куфлямі піва ў адной руцэ і бела-чырвоным сцягам з крыжом Святога Георгія ў другой… Цяжка ўявіць, што б было пры такой падтрымцы зараз. А тады англічане «had fun»: пакаштавалі «Крыніцы» і «Аліварыі», сфатаграфаваліся з Леніным, выйгралі ў хлопцаў Бернда Штанге 3:1… Здаецца, наступным разам у Мінску за Англію будуць заўзець нават больш.
Зборная Турцыі
Флаг Турэччыны — белы паўмесяц і белая зорка на чырвоным полі. Не дзіўна, што колеры нацыянальнай каманды такія ж. Прычым часцяком дызайнеры выкарыстоўваюць БЧБ-варыянт. Час ад часу — толькі на майках. Час ад часу — у комплексе (белая футболка, чырвоныя шорты, белыя гетры).
Прыезд зборнай Турцыі — заўсёды карнавал і свята. Але і гарачыя ультрас у турак таксама ёсць. Калі айчынная міліцыя пачне прапанаваць пазбавіцца сімволікі неўстаноўленага ўзору, можа зрабіцца сапраўды горача.
Зборная Польшчы
«Бяла-чэрвоныя» таксама бывалі ў Беларусі — гэта ім Раман Васілюк забіў покер у знакамітай гульні на «Дынама». Палякі-заўзятары — гэта стыхія. Колеры ў іх таксама цяжка забраць. Самая кепская навіна: Польшча побач, трэвэл адтуль танны, калі месцы для гасцей будуць распрададзеныя, можна зладзіць ганца ў Мінск, каб той затарыўся квіткамі ў беларускія сектары, што ўвогуле няцяжка: нашы людзі наўрад ці такую гульню раскупяць за дзень. Усё ж не мадрыдскі «Рэал». І нават не «Атлетыка».
«Атлетыка» (Мадрыд, Іспанія)
Дарэчы, «атлеты» — яшчэ адна БЧБ-каманда, якая тэарэтычна можа напаткаць беларусаў у еўракубках. Лічыцца, што гэтыя колеры клуб атрымаў у 1911-м, бо першыя камізэлькі былі пашытыя з тканіны для матрасаў з характэрнай расфарбоўкай — яна была самай таннай на той момант. Стрыечныя браты мадрыдцаў — «Атлетык» з Більбаа — таксама заязджалі ў Барысаў, дзе саступілі тамтэйшым «жоўта-блакітным». Абышлося без інцыдэнтаў. Але што будзе, напрыклад, восенню, калі ў Беларусь раптоўна наедуць фанаты «Атлетыка», цяжка ўявіць. Здаецца, забарону на БЧБ давядзецца на нейкі тэрмін скасаваць.
«Манака»
Клуб з мікрадзяржавы на Блакітным Беразе доўга над колерамі не думаў: узяў іх з фамільнага герба князя Манака і нацыянальнага сцяга. І з гонарам носіць вось ужо 96 гадоў. У БЧБ манэгаскаў апраналіся такія зоркі, як Юрген Клінсман, Цьеры Анры і Жорж Веа. А вось у Мінску зараз хадзіць у іх можа быць небяспечна.
«Kёльн» (Германія)
Яшчэ адзін біты на «Барысаў-Арэне» клуб, які выкарыстоўвае белы і чырвоны. Сімвалічна, што «Кёльн» заязджаў у Беларусь у адной групе Лігі Еўропы з «Арсеналам» і «Црвенай Звездай» — то-бок, усе каманды былі ў розных варыянтах БЧБ.
Заўзятары «Кёльна» ўразілі. Невыпадкова: для нямецкага клуба гэта быў першы матч у еўракубках за 25 гадоў. Пры гэтым у першым туры той ЛЕ-2017/18 «казлы» ўчынілі вялікую бузу ў Лондане. Але ў Барысаве пад прыглядам міліцыі ніякіх беспарадкаў не было. Нягледзячы на колеры.
«Алімпіякос» (Пірэй, Грэцыя)
Гранд з прыафінскага порта можа навесці «шухер» у любой кропцы Еўропы. Фанаты «Алімпіякоса» — гэта мала таго, што БЧБ ад галавы да ног, дык яшчэ і вандруючае па ўсім кантыненце фаер-шоу. Плюс баявыя групоўкі, якія гатовы даць рады дзе заўгодна і каму заўгодна. Плюс сяброўства з тымі ж маскоўскім «Спартаком» і «Црвенай Звездай». «Алімпіякос» нямала мяняў канфігурацыю формы, але адно заставалася нязменным: белыя і чырвоныя палоскі. У некаторых сезонах шырэйшыя, у некаторых — больш вузкія.
«Раё Вальекана» (Мадрыд, Іспанія)
Здалёк бачная дыяганаль у стылi БЧБ на футболках трэцяга мадрыдска клуба «Раё Вальекана» з'явілася не адразу. «Веліканы» вельмі хацелі знайсці найлепшае спалучэнне колераў, шмат чаго перабралі і спыніліся на белым і чырвоным. Але ў іх у Мадрыдзе ўжо гуляў «Атлетыка». Клубы селі за стол перамоў — і сышліся на кампрамісе: у «Вальекана» будзе чырвоная паласа, але толькі адна. Тут яна сімвалізуе больш стралу на эмблеме клуба. У гэтым сезоне «пчолы» не страцілі шанцаў на пад'ём у прымеру. А адтуль ёсць сакрэтны шлях і да еўракубкаў, і да Беларусі.
«Стандард» (Льеж, Бельгія)
Льежцы таксама майстры піратэхнікі, тыфа і іншых фанатскіх перформансаў. Яны ўжо бывалі ў Мінску: у 2013-м перамаглі «Мінск». Усё прайшло ціха, хаця невялічкая колькасць бельгійскіх заўзятараў прыехалі «на колерах». З БЧБ «Стандард» толькі аднойчы нарваліся на праблему, але не ў Мінску, а ва ўласным бельгійскім першынстве. У 2014-м ім давялося заклеіць белыя часткі футболкі чырвоным скотчам. Прычына — загад дэлегата матча і суддзяў. Справа была перад гульнёй з «Шарлеруа». Белы ў той час быў і ў форме апанентаў. Што рабіць? Кіт-менеджары «Стандарта» ўзяліся за ізаленту і хуценька ператварылі БЧБ у проста Ч. У другім тайме пачало адклейвацца, але як ёсць…
«Славія» (Прага, Чэхія)
Каманда з чэшскай сталіцы крыўдна захлопнула перад БАТЭ калітку ў Лігу чэмпіёнаў-2017/18. Адзін з самых старых клубаў ва Усходняй Еўропе («Славіі» 129 гадоў!) спачатку быў роварным, але хутка пачалі гуляць і ў футбол. У якасці колераў пры заснаванні выбралі чырвоны і белы. Чырвоны, па задумцы, сімвалізуе кроў і сэрца, а белы — дух «fairplay». Тады ж на майках з'явілася і перавёрнутая пяціканечная зорка — сімвал новай надзеі, пастаяннага жадання станавіцца лепш і духапад'емнасці.
Нягледзячы на чырвона-белыя майкі фанаў «Славіі», гульня на «Барысаў-Арэне» прайшла даволі спакойна. Куды больш за чэшскіх фанатаў запомніўся стрэл Міркі Іваніча побач са стойкай. БАТЭ перамог 2:1 — для праходу ў наступны раунд не хапіла менавіта аднаго мяча, бо ў Празе «жоўта-блакітныя» саступілі 0:1.
«Саўтгемптан» (Англія)
Белыя і чырвоныя палоскі на майках брытанскіх клубаў — з'ява даволі частая. Бадай, першай камандай, якая ўвяла іх у мэйнстрым, стаў «Стоўк Сіці» ў 1883-м. У 1891-м ліга вырашыла, што дзве каманды не могуць выкарыстоўваць аднолькавы дызайн, і палоскі адышлі да іншага прэтэндэнта — «Сандерленда». Цяпер абодва гэтыя клубы працягваюць гуляць у тых жа расфарбоўках, аднак далёка ад прэмьер-лігі.
Але ў эліце англійскага футбола усё роўна ёсць каманда ў БЧБ-колерах — «Саўтгемптан». Хлопцы з партовага горада вырашылі гуляць у такім выглядзе ў 1884-м — у гонар таго, што большасць футбалістаў у камандзе калісьці бегала за той самы «Стоўк Сіці». Але ў той час палос было толькі дзве. Больш іх стала у 1888-м. Дый цяпер каманда часцяком эксперыментуе з таўшчынёй і колькасцю. Напрыклад, выяздная форма ў сезоне-2021 — яшчэ адна варыяцыя на тэму чырвонай дыяганалі на белым полі.
Гэта зараз «Саўтгемптан» — засцянковая шляхта. А на стыку XIX і XX стагоддзяў гэта была адна з лепшых каманд Англіі, якая чатыры разы за дзесяць год (з 1892-га па 1902-гі) выйгравала паўднёвую лігу. Кажуць, што менавіта ў той час адзін з караблёў з саўтгемптанскага порта адправіўся якраз у Більбаа — так і там з'явілася БЧБ-форма, у якой гуляюць і зараз.
«Ольбарг» (Данія)
Дацкія клубы вельмі паважаюць белы і чырвоны. Што не здзіўляе: гэта колеры нацыянальнага сцяга. І адзін, і другі сустракаецца на майках «Орхуса», «Міцьюланда», «Нордшэлланда», «Вейле»… Дый нацыянальная зборная (якая заязджала ў Мінск) таксама гуляе ў іх.
Але ярчэй за ўсё БЧБ выражаны ў «Ольбарга». З ім калісьці гуляла загінулае мінскае «Дынама-93» — была справа ўлетку 1997-га ў Кубку Інтэртота. Беларусы прайгралі ў гасцях, а сустрэчы ў Беларусі рэгламент тады не прадугледжваў. Магчыма, у будучыні — з адным з існуючых нашых «Дынама»?..
«Хапаэль» (Беэр-Шэва, Ізраіль)
Большасць ізраільскіх «Хапаэляў» мае сярод сваіх колераў чырвоны. І гэта невыпадкова. Спартыўнае таварыства было заснавана яшчэ да ўзнікнення самой краіны і з самага пачатку згуртавала сярод сваіх членаў працоўны клас і людзей левых палітычных поглядаў — адсюль і колер пралетарскага сцяга. Само слова «хапаэль» у перакладзе з іўрыта азначае «рабочы». «Рабочыя» з Беэр-Шэвы дадалі да сваёй формы яшчэ і белы.
«Гамільтан Акадэмікал» (Гамільтан, Шатландыя)
Калі вы не пільна сочыце за шатландскай прэмьер-лігай, вы можаце падумаць, што «акадэмікі» — нейкі глыбокі мінор са дна возера Лох-Нес. Аднак гэта не так: «Гамільтан» — у эліце апошнія сем год. Адразу пасля ўзнікнення клуба (а яму без трох гадоў 150) гульцы выходзілі на газон у вішнёвым і шэрым, але потым вырашылі на карысць белага і чырвонага. Традыцыя захавалася да нашых дзён.
«Сьён» (Швейцарыя)Клуб з прыгожых берагоў Роны ў кантоне Вале многім памятны легендарнай перайгроўкай матча з маскоўскім «Спартаком», калі давялося мераць вароты на «Лужніках». Аднак у гісторыі «бела-чырвоных» былі і два чэмпіёнскіх тытулы, і трынаццаць (!) кубкаў Швейцарыі. А хто помніць, што менавіта ў БЧБ «Сьёна» скончыў у 2013-м кар'еру легендарны апорнік зборнай Італіі Джэнара Гатуза?
У 1909-м, калі клуб толькі ствараўся, над колерамі і эмблемай доўга не думалі — проста крышку пераасэнсавалі герб горада, дадаўшы да яго надпіс «FCSION». Так і гуляюць да гэтай пары.У Мінск «Сьён» пакуль не прыязджаў. Была зборная Швейцарыі, але іх заўзятарам прасцей — усё-ткі на атрыбутыцы больш чырвонага, чым белага.
«Антальяспор» (Анталья, Турцыя)
«Скарпіёны», як клічуць уласныя фанаты каманду са сталіцы турэцкага адпачынкавага выраю, існуюць з 1966-га. І ўвесь гэты час — у БЧБ. Нават устаноўчыя дакументы — з дыяганальнай чырвонай паласой.
Сімвалічна, што свой першы ў гісторыі еўракубкавы матч «Антальяспор» правёў у Мінску. У 1996-м у межах Кубка Інтэртота туркі аказаліся мацней за беларускую «Атаку-Ауру» — 3:0. Мінчукам заставалася жыць зусім нядоўга — праект амбітнага Якава Шапіра ніяк не знаходзіў грошай на далейшае існаванне. А вось «Антальяспор» з той пары падрос у статусе. Тут нават Самуэль Эта'о гуляў. Так што ў клуба нядрэнныя шанцы яшчэ раз завітаць у Беларусь па еўракубкавай справе. Толькі вось з колерамі трэба паакуратней…
…Гэты спіс можна расцягнуць на цэлую кнігу. І гэта не лічачы чыста геральдычных супадзенняў. Напрыклад, флаг галандскага горада Энсхэдэ — таго самага, дзе гуляе футбольны клуб «Твэнтэ» — гэта аккурат БЧБ. Блізкі да гэтага — і флаг эмірата Шарджа ў ЗАЭ, дзе таксама ёсць свае каманды.
Чырвоны і белы ў футбольным свеце настолькі частае спалучэнне, што забараняць любое яго выкарыстанне сабе даражэй. Нават калі мы выйдзем па-за еўрапейскія межы, мы ўбачым сполыхі БЧБ паўсюль. У гэтых колерах гуляе мексіканская «Нэкакса» з Паўночнай Амерыкі і бразільскі «Інтэрнасьянал» з Паўднёвай. Трыбуны аргентынскага стадыёна «Манументаля» спрэс у бел-чырвона-белым, бо там гуляе «Рывер Плэйт» — той самы легендарны клуб, у майцы якога развітальнае відэа запісаў беларускі дыпламат Уладзімір Астапенка (праз нязгоду з вынікамі выбараў і міліцэйскім гвалтам ён пакінуў пасаду ў беларускім пасольстве ў Парагваі і Перу).
У Афрыцы ёсць каірскі «Замалек» з чырвонай паласой на грудзях, а ў Інданэзіі — «Мадура Юнайтэд». Які не мае дачынення да прэзідэнта Венесуэлы і тройчы выйграваў нацыянальны чэмпіёнскі тытул. Нават у Новай Зеландыі ў БЧБ-майках выходзяць на поле гульцы «Уайтакеры Юнайтэд». І ніхто іх за гэта не арыштоўвае.