«Было адчуванне, што сам Максім Багдановіч падтрымлівае нас»
Асуджаны за «Пагоню» случчанін распавёў пра свае 30 содняў за кратамі.

Фота kurjer.info
Двое случчан, асуджаных на 30 дзён арышту напярэдадні Дня Волі, былі вызвалены 23 і 24 красавіка.
Уладзіміра Кульбіцкага арыштавали за бел-чырвона-белы-сцяг і герб «Пагоня» на дзіцячай горцы ў двары свайго прыватнага дома. Андрэй Крот адседзеў месяц за кратамі з-за «Пагоні», некалькіх папяровых цюльпанаў і бел-чырвона-белых сняжынак на вокнах уласнага дома. Выйшаў у дзень свайго юбілею — 24 красавіка яму споўнілася 50 гадоў. Кветкі, якія прынеслі родныя і сябры, напомнілі пра яго двайное свята: дзень вызвалення і дзень народзінаў.
Андрэя Крата ўжо судзілі па артыкуле 23.34 у кастрычніку 2020 года, калі сямёра случчан паўдзельнічалі ў акцыі памяці вязняў слуцкага гета. Яго і жонку тады аштрафавалі агулам на 50 базавых велічынь, а да суда Андрэй правёў у ІЧУ двое содняў.

Герб «Пагоня» для сям’і беларусаў па прозвішчу Крот — гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, занесеная ў дзяржрэестр. У слуцкай міліцыі іншы погляд: паколькі гэтая сімволіка выкарыстоўваецца на пратэсных акцыях, размяшчэнне герба, папяровых цюльпанаў і трох сняжынак «пратэснага колеру» на вакне прыватнага дома было расцэнена як пікет. Суддзя Слуцкага раёна Аляксандр Шутко сумясціў у сваім рашэнні «недазволены пікет» з адсутнасцю дазволу на правядзенне «масавага мерапрыемства». Мусіць, палічыў, што «Пагоня», папяровыя цюльпаны, тры сняжынкі ды два гаспадары — гэта ўжо даволі масавае мерапрыемства.


Калі Андрэй з’явіўся на выхадзе з будынка Слуцкага РАУС, яго цяжка было пазнаць: настолькі ён схуднеў. На другі дзень пасля вызвалення Андрэй распавёў пра свой месяц жыцця ў Слуцкім ІЧУ і адказаў на пытанні, якія цікавяць многіх случчан.
— Ты так схуднеў, што складваеца ўражанне, што цябе ў Слуцкім ІЧУ не кармілі і ніхто не прыносіў перадачы.
— Кармілі, а перадач случчане прыносілі столькі, што стаміўся за іх распісвацца, — смяецца былы вязень. — Магчыма, на маім знешнім выглядзе адбіліся хранічны недасып і адсутнасць свежага паветра.
Андрэй распавёў пра змены ўтрымання ў Слуцкім ІЧУ для «палітычных» вязняў у параўнанні з восенню 2020 года.
— Каля паўтара тыдня на бытавыя ўмовы можна было і не скардзіцца: у камеры былі матрацы, прасціны, кнігі. Можна было днём нават прылегчы на шконкі. Але пасля прыезду правяраючых з вобласці сітуацыя змянілася. Цікава, што падчас праверак (іх было аж тры) нас нават распытвалі, на што мы скардзімся. Я папрасіў толькі сустрэчы з роднымі. Мусіць, міліцэйскае начальства вырашыла, што арыштаваныя за палітыку занадта добра сябе пачуваюць у Слуцку і могуць «не перавыхавацца, — жартуе Андрэй.

Умовы знаходжання для яго і Уладзіміра Кульбіцкага пасля гэтых праверак рэзка змяніліся. Іх абодвух змясцілі ў камеру з асаблівым статусам узмоцненага нагляду. Спачатку без усялякага тлумачэння знікла пасцельная бялізна, пасля — матрацы і падушкі, кнігі, пісьма, якія яны атрымалі ад родных і сяброў. Спаць цяпер прыходзілася на голых драўняных пласцінах, па начах гарэла яркае святло, якое раней прытушвалася. Да таго ж замест дзвюх звычайных паверак дадаліся яшчэ дзве начныя. Арыштантаў пачалі двойчы будзіць сярод ночы (у гадзіну і ў тры гадзіны), прымушалі падыходзіць да дзвярэй, дзе была змешчана відэакамера, і рапартаваць звесткі пра сябе, свой арыштанцкі статус і адміністрацыйную справу. Выйсці на прагулку можна было толькі ў кайданках і ў суправаджэнні канвойных. Каб не прыніжаць сябе кайданкамі, Андрэй свядома адмовіўся ад такіх прагулак.
— Было цяжка спачатку прыстасавацца, асабліва да начных перарываў у сне, немагчымасці прылегчы на ложак днём. Зразумела, што мяне і Уладзіміра Кульбіцкага адразу засмуціла і знікненне з камеры кніг, якія цяпер сталі прыносіць толькі падчас «вольнага часу», прадугледжанага адмысловым распарадкам з 12-00 да 12-30.
Цяжка было зразумець, калі насталі тыя 30 вольных хвілінаў, бо гадзіннікаў няма. Першыя дні пасля змены распарадку мы яшчэ спрабавалі прыстасавацца з чытаннем, але высветлілася, што гэта толькі напружвае нервовую сістэму. Пакуль замовіш кнігу ды прынясуць, як ужо трэба вяртаць. Аднак успрынялі гэтыя здзекі з жартам, з іроніяй і гумарам — махнулі рукой ды пачалі прыстасоўвацца жыць і ў такіх умовах: без кніг і навін, седзячы, стоячы…
Андрэй кажа, што яму прыйшлося першапачаткова змяніць некалькі «хат», насельнікамі якіх былі розныя асацыяльныя людзі, і што з усімі ўдалося знайсці паразуменне настолькі, што некаторыя з іх нават прасіліся пасяліць іх з «палітычнымі», нягледзячы на тое, што спаць і бавіць час ім прыйшлося б у жорсткіх умовах.
— Добра, што нас пасялілі з Валодзем Кульбіцкім разам, у нас аднолькавыя погляды. Мы толькі смяяліся ў адказ на спробы прыніжэння чалавечай годнасці, з статусу сваёй камеры як для асобаў з асаблівым наглядам. Было смешна, што маю мірную багдановіцкую «Пагоню» і бел-чырвоны-белы сцяг Валодзі Кульбіцкага прыраўнялі да пісталетаў…
Дарэчы, за тыдзень да майго затрымання мы з жонкай пагасцілі ў сына ў расійскім горадзе Яраслаўлі і наведалі мясцовы музей Максіма Багдановіча.
Я распавёў суддзю Шутко, як расійская экскурсавод хораша распавядала там пра Максіма Багдановіча, пра тое, як ён любіў Беларусь, і яе гісторыю. Цікава, што адна кніга з вершамі Багдановіча была якраз адкрыта на вершы «Пагоня». А мяне ў Слуцку судзяць за «старадаўнюю крывіцкую Пагоню, якую не спыніць, не разбіць, не дагнаць»!
Калі такое будзе працягвацца далей, то і класіка беларускай паэзі могуць абвясціць экстрэмісцкім паэтам: ён жа нават заклікаў біць у сэрцы мячом тых, хто адракліся ад роднай Беларусі, яе гісторыі і мовы. Дарэчы, вуліца Максіма Багдановіча, музей слуцкіх паясоў знаходзяцца ў цэнтры горада і вядомы кожнаму случчаніну. Так што ў мяне і ў Валодзі Кульбіцкага нават было адчуванне, што сам Максім Багдановіч нібыта псіхалагічна падтрымлівае нас.
Увогуле, гэтыя «каляровыя» арышты ствараюць нейкую ілюзію фантастычнай нерэальнасці падзей, змагання з прывідамі і хімерамі.
Многія мірныя жыхары горада раней лічылі, што Слуцкае ІЧУ — гэта месца для крымінальнікаў і асацыяльных асобаў, бо летнія рэвалюцыйныя падзеі 2020 года горад закранулі не так моцна, як іншыя рэгіёны. Выпадак з кіроўцам-дальнабойнікам Уладзімірам Кульбіцкім і былым прадпрымальнікам Андрэем Кратом яскрава падцвердзіў, што такі лёс можа напаткаць многіх случчан, якія маюць іншыя погляды на жыццё і гісторыю Беларусі.