Жыхара Мінска затрымалі за БЧБ-скрыню ад тэлевізара LG на балконе

27-гадовага Андрэя Пархоменку 26 красавіка затрымалі дома і адвезлі ў Ленінскае РУУС. Прычынай затрымання стала БЧБ-скрыня ад тэлевізара LG. У РУУСе на хлопца склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, паведамляе «Вясна».

il210427_chhua.jpg

Па пратаколе Андрэй «у неўстаноўлены перыяд часу прыняў удзел у пікетаванні, размясціўшы папяровае палатно бел-чырвона-белага колеру на шкле балкона».

Віну сваю Пархоменка не прызнаў, бо па яго словах, скрыню пакінулі мінулыя жыхары. У матэрыялах справы маецца чорна-белае фота скрыні, але суддзя Юлія Інчына вырашыла запытаць у супрацоўнікаў РУУСа каляровае відэа.

На відэа суддзя заўважыла, што на акне ў хлопца яшчэ вісіць нейкі малюнак, які мае белы і чырвоны колеры. Андрэй жа патлумачыў, што гэта герб Лепеля, на якім прысутнічаюць яшчэ сіні і жоўты колеры.

У выніку, суддзя Інчына адправіла справу Андрэя на дапрацоўку.