Арганізатара канцэрта «Пошлай Моллі», на якім зала крычала «Жыве Беларусь!», аштрафавалі на 2175 рублёў
8 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска прайшоў суд над дырэктарам івэнт-агенцтва Антонам Сасноўскім, які арганізоўваў канцэрт групы «Пошлая Моллі» 26 мая. На дырэктара склалі пратакол па ч.2 арт. 24.23 КаАП («Парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства»), згодна з якім «26 мая з 19:00 да 22:00 Сасноўскі парушыў парадак арганізацыі і правядзення канцэрта гурта "Пошлая Моллі", падчас якога прысутныя грамадзяне выказвалі свой грамадска-палітычны настрой шляхам выкрыквання лозунгаў "Жыве Беларусь!"». Відэа «правапарушэння» выявілі супрацоўнікі міліцыі 30 мая ў адным з тг-каналаў, распавядае «Вясна».