Вялізарныя суткі і штрафы: трох жыхароў Мінска асудзілі за ўскладанне кветак каля мемарыяла Тарайкоўскага
У судзе Фрунзенскага раёна 11 жніўня разглядзелі справы трох мінчукоў. Іх затрымалі каля мемарыяла Тарайкоўскага 10 жніўня — на гадавіну гібелі Аляксандра, распавядае «Вясна».
️Першай учора затрымалі 40-гадовую Наталлю Шэкаву. У жанчыны ёсць непаўналетняе дзіця, але замест трох гадзін, як таго патрабуе закон, яе пратрымалі за кратамі ноч да суда. Падставай для затрымання стала «несанкцыянаванае пікетаванне шляхам ускладання кветак» каля народнага мемарыяла. Суддзі Чыж Наталля распавяла, што ў яе не было ніякіх палітычных матываў, а толькі чалавечыя. Паводле слоў жанчыны, яна гуляла каля месца гібелі Тарайкоўскага, успомніла падзеі мінулага года і вырашыла пакласці кветкі на тым месцы. Суддзя Юлія Чыж расцаніла гэты учынак як пікетаванне і пакарала жанчыну па арт. 24.23 КаАП штрафам у памеры 2900 рублёў (100 базавых велічынь).
️На тым жа месцы каля 17:03 затрымалі
20-гадовага Аляксея Латошу. У віну хлопцу ставіцца таксама ўскладанне кветак
каля мемарыяла. Аляксей пацвердзіў, што ў памяць пра загінулага ўваткнуў кветкі ў
слуп. Але адразу пасля гэтага яго затрымалі людзі ў цывільным. Суддзя Чыж
цікавілася, чаму ён зрабіў гэта менавіта каля метро, а не могілках. Хлопец
дадаў, што ў яго ёсць малое дзіця, таму ён шкадуе аб учыненым і хоча быць зараз
з імі, а не за кратамі. Вынік — 13 сутак.
️Каля 19:55 ля мемарыяла затрымалі 23-гадовага Кастуся Цаўлоўскага. Прычына — ускладанне адной квекі каля выхаду з метро. Сваю віну хлопец адмаўляе, бо не ведаў, што ўскладанне кветак расцэньваецца як «несанкцыянаванае пікетаванне». Ён патлумачыў, што зрабіў гэта, каб ушанаваць памяць пра загінулага, а не для выказвання сваіх палітычных інтарэсаў. Суддзя зноў запытала, чаму Кастусь зрабіў гэта не на могілках. У выніку суддзя Юлія Чыж пакарала хлопца па арт. 24.23 КаАП 30-сутачным арыштам.