На расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, які зараз у калоніі, завялі новую крымінальную справу
Навальнаму прад'яўлена абвінавачанне ў стварэнні арганізацыі, якая робіць замах на асобу і правы грамадзян.

Палітыку Аляксею Навальнаму прад'явілі новае абвінавачанне. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Святлана Пятрэнка, піша «Эхо Москвы».
Гаворка ідзе аб стварэнні арганізацыі, якая замахваецца на асобу і правы грамадзян. Як паведамляе Следчы камітэт, гаворка ідзе пра «Фонд барацьбы з карупцыяй», які раней ужо быў прызнаны ў Расіі замежным агентам, экстрэмісцкай арганізацыяй і забаронены.
Навальнаму і яго паплечнікам ставіцца ў віну распаўсюджванне заклікаў да ўдзелу грамадзян у мітынгах у студзені гэтага года,
якія не былі ўзгодненыя з уладамі. Нагадаем, у цяперашні час апазіцыйны расійскі палітык
адбывае пакаранне па справе «Іў Рашэ».
Паводле новага абвінавачання яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.