Кардыёлага Вольгу Карнееву пакаралі штрафам у 5800 рублёў за кветкі каля мемарыяла Тарайкоўскага
56-гадовая доктарка-кардыёлаг Вольга Карнеева 16 мая каля 16.20 усклала кветкі да народнага мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага. У гэты момант да яе адразу пад'ехаў бус, адкуль выйшлі каля сямі супрацоўнікаў АМАПа, адзін з якіх здымаў усё на відэа. Яе затрымлівалі адразу чацвёра супрацоўнікаў, паведамляе spring96.org.
Ірыну даставілі ў Фрунзенскае РУУС і склалі пратакол за
несанкцыянаванае пікетаванне па арт. 24.23 КаАП. 17 мая справу доктаркі разглядзела суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна.
Сваю віну Карнеева не прызнала. Жанчына патлумачыла, што
праходзіла міма мемарыяла і ўбачыла, што на месцы гібелі мала кветак, таму
спусцілася ў пераход і купіла букет. Вольга распавяла, што гэта старажытная
славянская духоўная традыцыя — класці кветкі на месца гібелі чалавека. Таму яна
проста паклала іх і пайшла далей.
Суддзя Ярохіна ўдакладніла, ці знаходзіцца на станцыі метро
«Пушкінская» якое-небудзь пахаванне. Карнеева нагадала суду, што на тым месцы
загінуў чалавек.
Пасля чаго адбыўся наступны дыялог Вольгі з суддзёй
Ярохінай:
— Ці з'яўляецца блізкім сваяком асоба, пра якую Вы кажаце,
якая загінула, пры абставінах, пра якія суду не вядома, Вы нам не патлумачыце?
— Суд ведае гэтыя абставіны і без мяне. Ён мне не з'яўляецца
блізкім сваяком. Ён проста чалавек. Проста грамадзянін Рэспублікі Беларусь.
— Раскажыце, пра каго Вы кажаце.
— Пра Аляксандра Тарайкоўскага.
— Якое Вы маеце дачыненне да гібелі гэтага грамадзяніна?
— Ніякага.
— Можаце патлумачыць суду сваё волевыяўленне?
— Мне проста па-чалавечы шкада. У мяне гуманітарная прафесія
— я доктар. Мне не падабаецца, калі гінуць людзі. Я шаную памяць загінулых,
таму і паклала туды кветкі.
Вольга Карнеева заявіла, што сведка-міліцыянт, які прыйшоў у
суд, не прымаў удзел у яе затрыманні, бо затрымлівалі яе супрацоўнікі АМАПа. Паводле яго слоў, акрамя ўскладання кветак Вольга яшчэ і ўздымала руку ўверх каля
дарогі, каб прыцягнуць увагу кіроўцаў.
Суддзя Марыя Ярохіна вырашыла зрабіць у справе Карнеевай
перапынак да 18 мая, а сёння пакарала штрафам у 200 базавых (5800 рублёў).