У Мінску судзілі пенсіянерку, затрыманую на магіле Васіля Быкава. Нібыта ўсталявала БЧБ-сцяг


14 траўня суддзя Першамайскага раёна Анастасія Лейкоўская разглядзела справу 61-гадовай Ірыны Карнеевай. Пенсіянерка прыйшла на суд па позве. Згодна з пратаколам, Ірына Ігараўна «прыняла актыўны ўдзел у пікетаванні, усталяваўшы БЧБ-сцяг на надмагіллі Васіля Быкава». За гэта Ірыну затрымалі наўпрост на могілках, а ў Першамайскім РУУСе на яе склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП.

Пахаванне Васіля Быкава

Пахаванне Васіля Быкава

На судзе Ірына патлумачыла, што добра памятае дзень пахавання Быкава, калі яго труну накрылі БЧБ-сцягам. Таму яна вырашыла завязаць кветкі стужкамі менавіта гэтай расфарбоўкі. Да магілы пісьменніка жанчына 9 мая ўсклала тры чырвоныя цюльпаны, піша «Вясна».

Па словах Ірыны, сцяг яна не ўсталёўвала, а толькі ўсклала кветкі. Яна лічыць гэта выразам сваёй павагі, а не пікетаваннем. Пенсіянерка знаходзілася каля надмагілля толькі 5 хвілін. У гэты момант да Карнеевай падышлі два супрацоўнікі міліцыі і адвялі ў службовую машыну. Па дарозе ў яе пыталіся, ці ведае яна пра акцыю, на што Ірына адказала адмоўна.

У суд асабіста прыйшоў і сведка-міліцыянт, які пацвердзіў, што Ірына ўсталявала сцяг і распавядаў суду пра заклікі ў дэструктыўных тг-каналах. Таксама пры затрыманні сведка прапанаваў жанчыне забраць кветкі для доказу яе віны, але ў пратаколе напісалі толькі пра БЧБ-сцяг.

Ірына каля надмагілля Быкава пазнаёмілася з мужчынам, які асабіста ведаў пісьменніка. У момант іх гутаркі і адбылося затрыманне, таму жанчына папрасіла знаёмага прыйсці ў суд у якасці сведкі. На судзе ён пацвердзіў, што ніякай сімволікі Карнеева не ўскладала.

Пенсіянерка паспрабавала звярнуцца да сведкі-міліцыянта:

— Я хацела б даведацца, што адчувае чалавек, які хлусіць суду?

— Пытанне здымаецца.

Сведка-міліцыянт суду пацвердзіў, што затрымліваў жанчыну каля 19 гадзін, але ў пратаколе гаворка ідзе пра 16 гадзін. У Ірыны атрымалася даказаць, што ў 16:00 яна знаходзілася ў іншым месцы, дзякуючы чэку.

Адвакат жанчыны звярнуў увагу суда на характэрныя памылкі ў пратаколе і дадаў, што пытанні аб кветках і стужках ніяк не адносяцца да справы, бо Ірыну абвінавачваюць канкрэтна ў устанаўленні сцяга. Пасля тлумачэнняў адваката суддзя Лейкоўская вырашыла вярнуць справу на дапрацоўку.