Гамяльчанін баіцца вадзіць сына на шпацыр — яго бянтэжыць БЧБ-расфарбоўка каляскі

Суткі за БЧБ-шкарпэткі, штраф за БЧБ-сняжынкі — падобныя навіны сталі звычайнай справай у апошні час. Але, як аказалася, трапіць пад раздачу цяпер баяцца нават тыя, хто галасаваў за Лукашэнку. Проста і сярод іх ёсць людзі, якім падабаюцца белы і чырвоны колеры.

zhdlmvnxfac.jpg

Гамяльчанін баіцца апынуцца ў РАУС праз звычайную шпацырную каляску. На такія непрыемныя думкі мужчыну навялі апошнія навіны. Ён успамінае цяжарную мінчанку, якую затрымалі за БЧБ-сняжынкі на вокнах і аштрафавалі 2 900 рублёў, мужчыну, на якога склалі пратакол за тое, што ён пакінуў на балконе чырвона-белую скрынку ад тэлевізара.
«Шчыра кажучы, становіцца не тое што дрэнна ад усяго таго, што адбываецца, а ўжо страшна выходзіць на вуліцу», — кажа Андрэй.
Справа ў тым, што прыкладна ў 2015-2016 годзе яны з жонкай купілі каляску. «Яна нам вельмі спадабалася. Думак пра БЧБ не было», — сцвярджае мужчына. Зараз малодшаму дзіцяці 8 месяцаў — самы час перасаджваць яго ў шпацырную каляску, якая да гэтага часу захавалася ў выдатным стане. Вось толькі ёсць праблема: каляска БЧБ-расфарбоўкі. На хвалі апошніх падзей бацькі адцягваюць гэты момант да апошняга: возяць сына ў аўталюльцы, хоць яна яму ўжо не па памеры. А перасадзіць у шпацырную каляску страшна — раптам затрымаюць і адвязуць у РАУС.
«Хаваць не стану, усёй сям'ёй галасавалі за Лукашэнку. На пікеты не хадзілі і ніколі нават і не збіраліся. Але вось гэта БЧБ вельмі напружвае. Нам не патрэбныя праблемы, я не прыхільнік Ціханоўскай», — сцвярджае Андрэй.
Мужчына кажа, што ён хоча толькі спакойна адпачываць і гуляць па горадзе, па парку, хадзіць па крамах, «не думаючы, што цяпер пасадзяць і павязуць у аддзел». Ён задаецца пытаннем, а ці ёсць у яго шанец спакойна пагуляць з маленькім сынам. Зрэшты, гэтае пытанне, мабыць, застанецца без адказу.
Паводле gomel.today