«Яны забіваюць дзіця». Непаўналетняга палітвязня Мікіту Залатарова пераарыштавалі па новай справе
Палітвязень Мікіта Залатароў, якому 12 траўня споўнілася 17 гадоў, сёння быў «пераарыштаваны» для правядзення следчых дзеянняў у рамках распачатай у дачыненні да яго другой крымінальнай справы. Мікіту абвінавачваюць у нападзе на супрацоўніка СІЗА, паведамляюць «Моцныя навіны»
Бацькі Мікіты паведамляюць, што ў чаканні афармлення
працэдуры новага арышту іх сына цягам доўгага часу пратрымалі ў аўтазаку. «Падлетка вагой 50 кг ахоўвалі чацвёра велізарных сілавікоў», — з
горыччу кажа бацька Мікіты Міхаіл.
Перадаць яму ежу і ваду не дазволілі. Бацькі адзначаюць, што
выглядае Мікіта вельмі бледным і схуднелым, яго самаадчуванне з часу апошняга
спаткання відавочна пагоршылася.
Калі пракурор афармляў арышт, Мікіта задаў яму пытанне: «Чаму я сяджу ў камеры адзін?» Але адказу ён не атрымаў.
Адвакат Мікіты параіў бацькам напісаць заяву ў пракуратуру з
нагоды ўтрымання іх сына ў «адзіночцы», спаслаўшыся на тое, што,
верагодна, пракуратуры невядома пра гэты факт.
Пагаварыць з сынам бацькам не дазволілі. Мікіта паспеў
толькі сказаць ім, што больш не можа трываць: калі застанецца адзін у камеры — ён
не вытрымае.
«Ці ведаюць жонкі, дзеці, маці тых, хто цяпер нясе
адказнасць за майго сына, што яны забіваюць дзіця?» — пытаецца Міхаіл.