«Выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ». У суботу ў мінскай Серабранцы затрымалі цэлую сям'ю
19 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі прыйшлі у кватэру сям'і Скаргаў. Папярэдняя прычына зацікаўленасці міліцыі — налепка «Пагоня» на акне ў пакоі дачкі Яны, распавядае «Вясна».
Як распавялі
суседзі сям'і, у момант прыходу супрацоўнікаў міліцыі дома быў адзін бацька —
Алег Скарга. Сілавікі з выкарыстаннем спецсродкаў адчынілі дзверы ў кватэру.
«У пад'ездзе
былі стук і крыкі. Яны [сілавікі] патрабавалі, каб ім адчынілі дзверы, гаварылі,
што ёсць пастанова. Пазней бацьку вывелі. Яна [дачка] у гэты час у інстытуце
здавала іспыт. Сілавікі выкруцілі вочка ў кватэру і запусцілі газ — так
прымусілі адчыніць дзверы», — распавядаюць суседзі.
Жонка Святлана
Скарга паехала ў РУУС Ленінскага раёна, каб высветліць абставіны здарэння і
даведацца, што з яе мужам. Калі яна туды прыехала, то яе таксама затрымалі.
Супрацоўнікі міліцыі патэлефанавалі дачцэ Яне з тэлефона Святланы і сказалі,
што маму не выпусцяць, пакуль яна не прыедзе. Яна паехала ў Ленінскае РУУС, дзе
яе таксама затрымалі. У гэты час жанчыну павезлі на ператрус у кватэру.
Раніцай у нядзелю
20 чэрвеня Яна патэлефанавала знаёмай і папрасіла аб сустрэчы, каб забраць
тэлефон. На сустрэчу з дзяўчынай пайшоў малады чалавек — Андрэй Ярошкін. Хлопца
затрымалі — на месцы сустрэчы былі супрацоўнікі міліцыі.
️21 чэрвеня прайшлі суды ў судзе
Ленінскага раёна над Алегам Скаргам і Андрэем Ярошкіным. Андрэя асудзілі на 15
сутак, меркавана, па артыкуле 19.3 КаАП («З'яўленне ў грамадскім месцы ў стане
ап'янення»).
️Справу Алега Скаргі разглядала суддзя
Ленінскага раёна Інчына. На мужчыну склалі два пратаколы — ч. 1 арт. 24.23 і
арт. 24.3 КаАП. На працэс прыйшлі асабіста два супрацоўнікі Ленінскага РУУС,
каб даць паказанні сведак супраць мужчыны. На судзе мужчына заявіў, што
раскайваецца і прызнае віну. У выніку Інчына адправіла справу на «дапрацоўку».
Паводле папярэдняй
інфармацыі, усіх членаў сям'і Скаргаў выпусцілі на свабоду. Андрэй Ярошкін
адбывае 15-сутачны арышт.
UPD. Паводле апошняй інфармацыі, Алега Скаргу ўсё ж прысудзілі да 25 сутак арышту.