Падчас хапуна ў парку Цівалі затрымалі хірурга Сяргея Броўку. Яму далі 30 сутак
Увечары 2 чэрвеня ў парке Цівалі супрацоўнікі міліцыі затрымалі мінімум дзесяць чалавек. У Фрунзенскім РУУСе на ўсіх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У рапарце міліцыянтаў сказана, што ўдзельнікі масавага мерапрыемства пляскалі ў далоні і крычалі лозунгі. Сёння затрыманых судзілі ў судзе Фрунзенскага раёна, піша «Вясна».

Сярод затрыманых быў і 31-гадовы хірург Сяргей Броўка. Сваю віну мужчына не прызнаў.
Сяргей растлумачыў суддзі Ярохінай, што ён прадаў кватэру і павінен тэрмінова з'ехаць, таму вырашыў увечары купіць скрыні для пераезду. Ён паставіў машыну каля парка Цівалі і вырашыў прайсціся. Там мужчына ўбачыў сваіх знаёмых і падышоў пагутарыць з імі.
Суддзя пацікавілася, куды будзе пераязджаць Броўка:
— А куды пераязджаеце?
— Пераязджаю ў Новую Баравую...
— Ясна, можаце далей не працягваць. Пазіцыя ваша суду зразумелая.
У выніку суддзя Ярохіна
арыштавала хірурга на 30 сутак.