«Казалі, што мы пацукі». Што за хапун быў у парку Цівалі? Падрабязнасці
Увечары 2 чэрвеня ў мінскім парку Цівалі затрымалі больш за дзясятак чалавек. На наступны дзень запрацаваў судовы канвеер, амаль усіх пакаралі суткамі, распавядае «Наша Ніва». Але за што і каго затрымлівалі?
Пра акалічнасці расказала мясцовая жыхарка.
«Гэта была
стыхійная сустрэча недзе пасля 8 вечара. Я выходжу на шпацыр у парк штовечар
праз праблемы са здароўем. І тут убачыла знаёмых ля альтанкі, падышла. Хтосьці
яшчэ пасля падышоў. Гэта не была запланаваная сустрэча, нават не была адзіная
кампанія. Проста людзі стаялі невялікімі купкамі адносна побач, размаўлялі.
Знаёмыя з раёна, сабачнікі. Чалавек 10-15 было. Без сімволікі, баз алкаголю, —
распавяла мясцовая жыхарка. — І вось я падышла, убачыла знаёмых, павіталася.
Праз хвілін 15 з боку вуліцы Глебкі ідуць двое амапаўцаў (я так зразумела, што
АМАП, але магу памыляцца).
Падышлі, кажуць:
чаго сабраліся? П’ём, не п’ём? Карацей, давайце, грузімся ў аўтобус!
І ў гэты час нас
акружылі недзе шасцёра ў цывільным.
Усе людзі спакойна пайшлі. Ніхто не супраціўляўся, нічога не крычаў. На Глебкі стаяла два мікрааўтобусы і чорны джып. Нас пасадзілі ў тыя аўтобусы.
Па дарозе
сілавікі казалі, што мы пацукі, у адной дзяўчыны знайшлі налепкі — з "Пагоняй" і
нейкія яшчэ — тыкалі іх у твар. Казалі: «Што, дазмагаліся? Чаго прыціхлі? Мы
ўсіх вас пераловім».
Нас прывезлі ў
Фрунзенскае РУУС. І хачу сказаць — амапаўцы адразу цішэй сталі сябе паводзіць,
калі мы прыехалі ў РУУС. Міліцыя ж паводзіла сябе нашмат карэктней.
У РУУСе нас
пасадзілі ў актавую залу, апыталі, далі падпісаць нейкую паперу, што з намі
правялі размову пра забарону забароненай сімволікі.
А калі нам далі
пратаколы — у іх стаяла, што мы ўсе нібыта ўдзельнічалі ў маршы.
Я падпісала, што
не згодная з пратаколам. Усе так падпісалі, наколькі ведаю.
Да 3 ночы мы
прасядзелі ў актавай зале, затым нас адвезлі на Акрэсціна. Не ведаю лёс толькі
адной дзяўчыны — той, у каго знайшлі налепкі.
На Акрэсціна я
трапіла ў камеру на дваіх, там было пяцёра чалавек. Пасцелю і матрацы не
давалі, але выдалі туалетную паперу.
Ну, і раніцай суд
па скайпе. Віну я не прызнавала, бо які ўдзел у маршы? Поўны абсурд!
Але мне далі
штраф у 100 базавых. Для мяне непад’ёмныя грошы, але што рабіць, буду неяк
выкручвацца».
Амаль усе
астатнія, каго затрымалі ў парку, атрымалі суткі: суддзя Ярохіна раздавала ў
асноўным па 15 сутак, двое мужчын атрымалі па 30 сутак арышту.