78-гадовую пенсіянерку аштрафавалі на 4350 рублёў за адзін цюльпан каля мемарыяла Тарайкоўскага

Мінчанку Галіну Іванову затрымалі 16 мая каля мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага. Жанчыну абвінавацілі «ў пікетаванні, шляхам узняцця рукі ўверх і ўскладання аднаго цюльпана», піша «Вясна».

upload_2020_08_15t121913z_433632234_rc2cei94wqh8_rtrmadp_3_belarus_election_protests_pic4_zoom_1500x1500_25053.jpg

— Якія ў вас падставы не давяраць суду?

— Ніякіх, але і даверу ніякага.

З гэтага дыялогу 31 мая пачаўся разгляд справы 78-гадовай Галіны Івановай у судзе Фрунзенскага раёна. Судовы працэс вяла суддзя Марыя Ярохіна.

16 мая пенсіянерку Галіну Іванову затрымалі каля мемарыяла Тарайкоўскага. Жанчыну абвінавацілі «ў пікетаванні шляхам узняцця рукі ўверх і ўскладання аднаго цюльпана». У рапарце ўчастковага Фрунзенскага РУУСа сказана, што пенсіянерка «ўздымала два пальцы ўверх каля дарогі, ускладала кветкі і махала праязджаючым машынам, чым парушыла "Закон аб масавых мерапрыемствах"». За гэтае «правапарушэнне» на жанчыну склалі пратакол па ч.3 арт. 24.23 КаАП, бо гэта ўжо паўторнае затрыманне за год. Мінулым разам Галіну Герасімаўну затрымалі на Маршы пенсіянераў і аштрафавалі на 600 рублёў. Штраф спісалі з яе пенсіі.

Галіна Герасімаўна пракаментавала абвінавачанне:

— Я была адна. На Прытыцкага касілі траву і там я знайшла цюльпан пухнаты. Я такіх прыгожых раней ніколі не бачыла, таму адразу захацела яго дадому забраць, але ён ужо да гэтага часу трохі падсох. У сметнік яго выкінуць рука не паднялася, таму я паклала яго да астатніх кветак каля дарогі і пайшла далей. Але мяне амаль адразу затрымалі. А дарэчы, ці ёсць закон, які забараняе класці кветкі?

Суддзя Ярохіна абурылася пытанню і параіла спытаць у юрыстаў. Міліцыянт на судзе пацвердзіў, што асабіста бачыў, як пенсіянерка каля дарогі спрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу кіроўцаў. Галіна Герасімаўна, слухаючы паказанні сведкі, смяялася і не разумела, як ён можа хлусіць, гледзячы ёй у вочы.

Заслухаўшы паказанні сведкі і праглядзеўшы матэрыялы справы, суддзя Марыя Ярохіна прыняла рашэнне аштрафаваць Галіну Іванову на 4350 рублёў (150 базавых).