Жыхару Баранавіч прысудзілі год «хіміі» за «здзек» са сцяга. Шкода склала 2 рублі 44 капейкі
31 мая суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна вынес прысуд 21-гадоваму Вячаславу Уласевічу. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі да года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову — «хіміі», паведамляе «Вясна».
Суд таксама абавязаў спагнаць з Уласевіча працэсуальныя
выдаткі ў суме... васьмі капеек.
Справу разглядала суддзя А. В. Раманюк, абвінавачванне
прадстаўляла Святлана Пасемка.
Вячаслава Уласевіча прызналі вінаватым у тым, што 3
красавіка 2021 года каля 5.25-5.26 раніцы ён у стане алкагольнага ап'янення
зняў сцяг з будынка па вуліцы Леніна. Пасля ён пранёс яго на некаторую
адлегласць і кінуў на зямлю, з-за чаго дрэўка зламалася на тры часткі і
пашкодзілася палатніна: шкода ў памеры 2 рублёў 44 капеек кампенсаваная
абвінавачаным цалкам.
Каля 16 гадзін Уласевічу патэлефанавалі з Баранавіцкага ГАУС
і запрасілі на сустрэчу: ён прыехаў, добраахвотна даў паказанні і напісаў яўку
з павіннай. Яго затрымалі на трое сутак: з 3 па 6 красавіка — гэта час суд
залічыў у тэрмін адбыцця пакарання з разліку «суткі за двое».
У судзе Вячаслаў таксама прызнаў віну. Да матэрыялаў справы
была далучаная станоўчая характарыстыка з месца працы з хадайніцтвам да суду аб
прымяненні максімальна мяккага пакарання, каб абвінавачаны мог працягваць сваю
працоўную дзейнасць — папраўчыя работы.
Пракурорка адзначыла, што абвінавачаны здзейсніў здзек з
дзяржаўнага сцяга і сімвала Рэспублікі Беларусь і запрасіла адзін год
абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу — «хіміі»
— столькі і прызначыў суд. Пракурорка палічыла змякчальнай віну кампенсацыю шкоды
ў 2,44 рубля, але не яўку з павіннай, паколькі яна была напісаная пасля
ўзбуджэння крымінальнай справы.
Адвакат прасіў улічыць, што абвінавачаны ўпершыню
прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, пакрыццё шкоды, а таксама станоўчыя
характарыстыкі, і прызначыць пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ.
У апошнім слове Вячаслаў Уласевіч папрасіў прабачэння перад
маці, прызнаў, што здзейсніў учынак па дурасці і папрасіў не караць яго моцна.