Сцяпан Латыпаў парэзаў горла ў судзе. Ён праапераваны

Сёння ў судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся разгляд справы палітвязня Сцяпана Латыпава. У Сцяпана перабінтаваная рука і выразная гематома пад правым вокам.

4903b7657355333bb9c6bf6754bc1466.jpeg


Сцяпану Латыпаву праведзена аперацыя ў Медыцынскім цэнтры на сталічнай вуліцы Сямашка. Пашкоджанняў жыццёва важных органаў не выяўлена. Пакуль Сцяпан Латыпаў застаецца пад наркозам на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Яго стан здавальняючы, плануецца шпіталізацыя.

14:41. Пасля перапынку сведчанні пачаў даваць бацька Сцяпана Латыпава. Але Сцяпан Латыпаў нечакана перарэзаў сябе горла.

15:01. Да будынку суда прыехаў другі экіпаж «хуткай дапамогі».

15:08. Праваабарончыя рэсурсы паведамляюць, што Сцяпана Латыпава будуць уводзіць у штучную кому.

195445479_181615310632192_8169483105651248140_n_logo.jpg

Сцяпана Латыпава пагрузілі ў «хуткую».

194238363_3008227362792576_8577334058555137260_n_logo.jpg







Прыехалі медыкі. 



Латыпаў перад гэтым заявіў, што яму пагражалі, што прыйдуць па бацьку. Перад тым як здзейсніць спробу суіцыду ён сказаў: «ГУБАЗіК паабяцаў, што калі я не прызнаю віны — узбудзяць крымінальныя справы супраць маіх родных і суседзяў». А потым устаў на лаву і перарэзаў горла. Пасля гэтага вартавыя выгналі ўсіх прысутных з залі пасяджэнняў, але доўга адкрывалі клетку. Кажуць, што дапамога Сцяпану Латыпаву аказваецца.

У памяшканні суда Сяргей Латыпаў (бацька Сцяпана) паведаміў, што з 11 красавіка Сцяпан сядзеў «у камеры з псіхамі». «Штодня яго там катавалі, давялі», -- мяркуе ён. З'явіліся звесткі, што Сцяпан Латыпаў рэзаў сябе нейкім тупым прадметам. Імаверна, асадкай, якую ён меў з сабою.

У суд прыбыла «хуткая дапамога».Сцяпан Латыпаў — арбарыст і дырэктар кампаніі «Беларбо», жыхар дома каля «Плошчы Перамен». Быў затрыманы 15 верасня ў двары свайго дома падчас таго, як невядомыя пад наглядам міліцыі спрабавалі зафарбаваць мурал з дыджэямі. Тады ж у кватэры Сцяпана Латыпава прайшоў ператрус.

10.30. Працэс пачаўся. Суддзя Аляксандр Воўк. У залю пусцілі сваякоў і журналістаў, перад гэтым забараніўшы рабіць здымкі нават проста ў будынку суда.

Сцяпана Латыпава вялі ў залю ў кайданках.

На пачатку разгляду справы палітвязень спытаў у суддзі: «Ці маю права карыстацца роднай мовай?» Суддзя адказаў: «Карыстайцеся».

11.00. Помочнік пракурора Уладзімір Рабаў Савецкага раёна Мінска працягвае зачытваць абвінавачанне. У Сцяпана перабінтаваная рука. Гэта бачна з-пад курткі.

Рабаў: «Наўмысна увёў у зман заказчыкаў, прымаў грошы, не маючы намеру выканаць працу. Такім чынам пацярпела 16 юрасоб, нанесеная шкода ў асабліва буйным памеры», — зачытваў абвінавачанне пракурор.

Таксама Латыпава абвінавацілі ў падробцы дакументаў, звязаных з працай яго прадпрыемства.

Акрамя таго — са жніўня па верасень Сцяпан «арганізаваў групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак», працягнуў пракурор. Латыпаў, паводле версіі следства, з неўсталяванымі асобамі выказваў палітычныя погляды, удзельнічаў у пратэстах, што пацягнула за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту. Схіляў да парушэння парадку і навучаў неўсталяваных следствам асоб, якіх «маральна і матэрыяльна падтрымліваў». Публічна заклікаў у інтэрнэце да пратэстаў, збіраў грошы.

Таксама ён не даваў зафарбаваць мурал на «Плошчы Перамен», пасля чаго «аказаў супраціў міліцыі, пагражаючы гвалтам». 

Шмат хто прыйшоў падтрымаць Сцяпана Латыпава.

193420144_308509114291289_2729576657114502582_n_logo.jpg

11.30. Пачаўся допыт пацярпелага міліцыянта Васілія Рогава, які патруляваў 15 верасня «Плошчу Перамен».

— Неслі службу на Чарвякова, — распавядае пацярпелы. — Камунальныя службы папрасілі дапамогі, бо трэба было замаляваць надпісы палітычнага характару. Латыпаў і іншыя не давалі зафарбаваць надпіс. Там знаходзілася чалавек 20, яны не давалі Латыпава падвесці да службовай машыны. Латыпава паклалі на зямлію, людзі сталі крычаць... Сумежныя супрацоўнікі ў аліўкавай форме нам дапамаглі яго ўвясці. Калі яго неслі, махаў рукамі і нагамі, былі выказванні, маўляў, пусціце.

Мы намагаліся прыбраць людзей, каб яны не перашкаджалі несці Латыпава да машыны.

Адвакат Латыпава:Што значыць прыбраць людзей?

— Ну, прыбраць убок. Людзі ўпіраліся, трэба было іх адштурхнуць.

Адвакат: Дык адштурхнуць ці прыбраць?

— Аднаго чалавека намагаўся прыбраць.

Адвакат: Як можна чалавека прыбраць? Прымянялі фізічную сілу?

— Так.

У віну Латыпаву ставіцца, што ён пагражаў ударыць. Аднак пацярпелы кажа, што Латыпаў, калі яго неслі да машыны, нанёс удар у правы бок галавы. «Напэўна ўдары, бо ў мяне пахіснулася кепка».

Суддзя зафіксаваў у гэтым супярэчнасць. Бо зачыталі яго паказанні, якія даваў 18 лютага, тады пры допыце ен казаў, што быў замах. Зараз пацярпелы кажа, што ўжо забыў, як там было. І, хутчэй за ўсё, удару не было. Ці, можа, «ён прамахнуўся і трапіў па кепцы».

Латыпаў задае пытанне пацярпеламу:

— Пацярпелы, ці быў у вас характэрны ацёк на твары пасля 15 верасня 2020 года, як у мяне? — пры гэтым Сцяпан зняў маску. На правым баку бачна гематома.

— Не, — адказаў міліцыянт Рогаў.

— Больш няма пытанняў, — сказаў Латыпаў. 

12.10. Пачаўся допыт другога пацярпелага — Балыша Аляксандра, міліцыянера-кіроўцы.

Адвакат: На падставе чаго лічыце сябе пацярпелым?

Балыш: На падставе таго, што я пацярпеў маральна. Выслухаў шмат абраз у свой бок...

Адвакат: Ці звярталіся з заявай некуды?

Балыш: Не.

Адвакат: Ці казалі пра гэта следчаму?

Балыш: Не.

Адвакат: Чаму?

Балыш: Прэтэнзій не маю.

Адвакат: Дык у чым тады маральная шкода? У тым, што Латыпаў абражаў вас?

Балыш: Так.

Балыш кажа, што нібыта бачыў замах Латыпава ў бок Рогава. Але на допыце, які зачытаў суддзя, ён не гаварыў ні пра замах, які бачыў, ні пра абразы ў свой бок ад Латыпава.

12.30. Пачаўся допыт трэцяга пацярпелага — Дзмітрыя Пухло.

Пацярпелы не бачыў, як Латыпаў хацеў некага ўдарыць, не чуў, каб Латыпаў некага абражаў.

Суддзя чытае паказанні Пухло ад 18 лютага. Там пацярпелы казаў, што Латыпаў, вырваўшы руку, намагаўся адзін раз яго ударыць. Зараз ён тлумачыць гэта тым, што гэта быў проста рух рукі. «Быў рух рукі Латыпава ў бок галавы. Але чалавека неслі ў паветры, ен вырываўся, я лічу, што гэта ён рабіў не мэтанакіравана», — кажа Пухло.

Маральная шкода была нанесена, гаворыць ён, «бо ў інтэрнэце пасля былі абразлівыя выказванні наконт мяне і маёй сям'і».

Адвакат: А якое дачыненне мае да гэтага Латыпаў, калі ён ужо быў затрыманы?

Суддзя зняў пытанне.

13.00. Аб'яўлены перапынак да 14.30

14.30. Судовае пасяджэнне працягваецца. Дае паказанні бацька Сцяпана — Сяргей Латыпаў.



 Нагадаем, Сцяпану Латыпаву інкрымінуюць тры артыкулы Крымінальнага кодэкса:

ч. ч. 1, 2 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і арганізацый, і актыўны ўдзел у такіх дзеяннях»);

363 («Супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку»);

209 («Махлярства, здзейсненае ў асабліва буйным памеры»).

Сцяпан Латыпаў быў затрыманы ў верасні мінулага года. Неўзабаве пасля затрымання ў выпуску навін на тэлеканале «Беларусь-1» сцвярджалася са спасылкай на МУС, што мужчына збіраўся выкарыстаць супраць сілавікоў атруту. Аднак у канчатковым паведамленні СК аб завяршэнні расследавання справы гэтая версія адсутнічае.

У ім гаворыцца, што, паводле матэрыялаў крымінальнай справы, у жніўні 2020 года Сцяпан Латыпаў аб'яднаў вакол сябе групу грамадзян для супольнага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, стварыў у Telegram чат, дзе размяшчаў адпаведныя заклікі. Акрамя таго, следства сцвярджае, што Латыпаў арганізоўваў сустрэчы ўдзельнікаў групы, распаўсюджванне агітацыі, нанясенне малюнкаў і надпісаў на фасады.

«Названыя дзеянні прывялі да фарміравання ў прыцягваемых асоб гатоўнасці і жадання ўдзельнічаць у названых супрацьзаконных дзеяннях, калі гэта спатрэбіцца, а таксама да стварэння ў грамадзян пратэснага настрою», — мяркуюць следчыя.

Таксама Латыпаву ставяцца ў віну стварэнне майстэрняў па вырабе сімволікі, арганізацыя збору грошай на гэтую дзейнасць, апавяшчэнне пра акцыі тэлеграм-каналаў.

Сцвярджаецца, што ён 15 верасня аказаў «актыўны супраціў супрацоўнікам міліцыі, спалучаны з ужываннем гвалту», «пры зносінах з супрацоўнікамі міліцыі заўсёды паводзіў сябе задзірліва і агрэсіўна, спрабуючы прыцягнуць увагу грамадскасці для пераймання і ўключэння іншых асоб у сваю супрацьпраўную дзейнасць». 15 верасня Латыпаў стаў на абарону мурала з «дыджэямі перамен» у двары па вуліцы Чарвякова.

Акрамя таго, у следчых узніклі прэтэнзіі да гаспадарчай дзейнасці Сцяпана Латыпава. Яму ставіцца ў віну завалоданне сродкамі на суму больш за 123 тысячы рублёў 16 юрыдычных асоб «пад выглядам ажыццяўлення законнай дзейнасці, шляхам падману і ўвядзення ў зман» у перыяд з красавіка 2019 года па верасень 2020 года.

Следства лічыць, што яму ўдалося даказаць ўвядзенне ў зман кліентаў. Нібыта Латыпаў паведамляў ім загадзя ілжывыя звесткі аб апрацоўцы баршчэўніка дарагім і высакаякасным сродкам.