Маці сустрэлася з асуджаным на 5 гадоў Максімам Вінярскім

Паводле сястры Алены, яе брат добра падрыхтаваўся да сустрэчы з маці.

Максім Вінярскі

Максім Вінярскі

«Сустрэча была ў суботу, 29 траўня. Мы прыехалі да турмы а 8 раніцы, і ўжо была сфармавана чарга, толькі адно месца заставалася. Маглі абедзве пайсці, але тады на кожную з нас давалі па гадзіне сустрэчы, а другая гадзіна губляецца. Вырашылі, што першай сустрэнецца маці, а я ў іншы дзень да яго паеду. Цяпер шукаю час на гэтым тыдні», — расказала Алена, сястра Максіма Вінярскага.
Паводле Алены, яе брат добра падрыхтаваўся да сустрэчы з маці. «Надзеў кашулю, падстрыг валасы, добра трымаўся, быў страшэнна рады сустрэчы. Выглядае нармальна, крыху схуднеў, але бадзёры, актыўны. Не разгубіўся. Пра прысуд супакоіў, што не верыць у тое, што давядзецца сядзець 5 гадоў, якія яму далі. Верыць у лепшае».
Максіма Вінярскага асудзілі на 5 гадоў зьняволення па артыкуле аб арганізацыі масавых непарадкаў. Пасля абвяшчэння прысуду фігуранты справы ў клетцы скандавалі «Верым! Можам! Пераможам!». Павал Севярынец потым расказваў сваёй сястры Ганне, што пасля гэтага яго трымалі ў «бетонным стакане». Алене Церашковай вядома, што з Максімам ахоўнікі таксама абышліся жорстка.
«Казаў маці, што закінулі ў нейкі "стакан" і трымалі там да ночы, ваду на падлогу вылівалі, каб не мог на падлогу садзіцца, а лаўкі не было. І пасля ў турме ў сваю камеру ён ужо не трапіў — змясцілі ў іншую. Там сукамернікаў больш, а месца меней, цісканіна. Яшчэ сказаў, што рыхтуецца скарга ў Вярхоўны суд. Усведамляе, што скарга прысуд не зменіць, але мяркуе, што трэба далей змагацца. Адчувае за сабой маральную перавагу, і гэта дапамагае трываць», — расказала сястра Максіма Вінярскага Алена.
Маці Максіма Вінярскага, Таісія Кузьмінічна, днямі будзе спраўляць 75-годдзе. 
«Маці вельмі перажывае, што святкаванне юбілею пройдзе без Максіма. Не магла такога ўявіць, але даводзіцца. Але Максім на сустрэчы яе ўжо павіншаваў, усё сказаў як трэба», — перадае Алена Церашкова.
nn.by