«Я ведаю, што хутка ўсе зняволеныя будуць дома»

«Мне няма чаго баяцца, бо я ўвесь час жыла сумленна», — кажа Вольга Акостка. Глядзіш на гэтую невысокую і хударлявую жанчыну і здзіўляешся: адкуль у яе столькі мужнасці? Адкуль столькі моцы, каб вытрымаць усё, што выпала на яе долю?

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas3_logo.jpg


Кожную секунду чакала мужа

Вольга — маці Руслана Акосткі, які ў лютым атрымаў тры гады зняволення за супраціў і нанясенне цялесных пашкоджанняў супрацоўніку РАУСа. Перад гэтым Руслан абышоў амаль увесь Салігорск з бел-чырвона-белым сцягам. Але Вольга ні на каго за сына не крыўдзіцца і не злуецца. Жанчына перакананая: тым, хто цяпер катуе людзей, усё абавязкова вернецца.
У Вялікіх Заўшыцах, што ў Салігорскім раёне, Вольга з сям’ёй жыве з 2005 года. Паходзіць яна са Століншчыны, але пасля замужжа стала жыць у Гомельскай вобласці. Вольга кажа, што ўмовы на малой радзіме былі кепскія: працу ў калгасе не знайсці, дый дзеці не маглі атрымаць добрую адукацыю, бо вёска знаходзілася далёка ад горада. У Салігорску ў Вольгі жывуць сваякі, якія і параілі перабрацца сюды.
Не паспела жанчына парадавацца жыццю ў Заўшыцах, як яе муж знік без звестак. Магчыма, жыццё ўжо тады гартавала Вольгу, у якой не засталося іншага выйсця, як узяць на сябе сямейныя і гаспадарчыя клопаты. Ёй прыйшлося даведацца, што такое цяжкая праца, якую яна цяпер мусіла рабіць, і … адзінота.
— Я чакала яго кожны дзень, кожную хвіліну, кожную секунду, — узгадвае Вольга. — Шукала яго праз розныя інстанцыі, пісала ў газеты, калі з’явіўся камп’ютар, то шукала і праз сацыяльныя сеткі… Я да апошняга думала, што ён проста паехаў на заробкі і хутка вернецца.
Час ішоў, а ад мужа ніякіх звестак не было. Вользе трэба было жыць і гадаваць дзяцей. Іх у Вольгі трое: Руслан, Мікіта і Марыйка. Яна не магла прысвячаць шмат часу дзецям, таму прыдумляла ім розныя забавы. Напрыклад, жанчына на дварэ зрабіла тэнісны стол. Так у Акостак, каб пагуляць у тэніс, збіралася ўся вёска. А яшчэ Вольга заўсёды прасіла дзяцей: «Толькі не рабіце нічога, за што б я магла за вас чырванець».

Замест заробку — мех цукру

Адзінае, чым Вольга магла зарабіць грошы для сям’і, — фізічная праца. Вольга ўладкавалася даяркай у мясцовы калгас. Грошай сям’і не хапала. Першыя месяцы Вольгу разлічвалі цукрам. Дом сям’і далі адразу, але ў ім не было аніякіх выгод.
— Гэта былі голыя сцены, без прыбіральні, вады. А яшчэ не было ні плоту, ні дарогі. Але я не спужалася. Падумала тады: добра, што калонка на вуліцы — буду больш гуляць на свежым паветры! Часам азіраюся назад і думаю: а як я справілася? На працы здзекаваліся з мяне як маглі. Увесь час дакаралі гэтым жыллём, бо мне ж яго дала дзяржава. Прымушалі рабіць за траіх. Маглі выклікаць і ўдзень, і ўначы…
Праз восем гадоў такога жыцця Вользе паведамілі, што недалёка ад вёскі, дзе яна жыла з мужам, знайшлі яго парэшткі. Экспертыза пацвердзіла, што знойдзеныя косткі — мужа. Вольга з’ездзіла на пахаванне і вярнулася ў Заўшыцы: яе жыццё цяпер было тут.

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas5_logo.jpg


Час ішоў. Дзеці, якія былі яшчэ малымі, калі знік іх бацька, выраслі. Руслан пасля школы хацеў паступаць у ваенную акадэмію, але не дабраў адзін бал. У выніку пайшоў вучыцца на электрагазазваршчыка, пасля адслужыў у дэсантных войсках. Малодшая дачка Марыйка скончыла медыцынскі каледж, зараз працуе і жыве ў Салігорску. Вольга кажа, што дзяўчына магла б паступіць і ва ўніверсітэт, але пашкадавала маці, якая не магла аплачваць здымнае жыллё. У Мікіты цяпер свая сям’я.

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas02_logo.jpg


Жаданне перамен

Вольга ніколі не глядзела на жыццё праз ружовыя акуляры. Яна разумела, што адбывалася ў краіне, бо гэта заўжды адбівалася на яе сям’і.
— Да мяне супрацоўнікі з сацыяльнай службы прыйшлі толькі аднойчы, — узгадвае Вольга. — Маёй сям’і прапанавалі матэрыяльную дапамогу, але для таго, каб яе атрымаць, трэба было сабраць купу даведак… Для гэтага я мусіла прапускаць працу і аддаваць апошнія грошы на дарогу… Тады я зразумела, што рэальна дзяржава мне не дапаможа.

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas07_logo.jpg


Вольга не маўчала ніколі, бо на той жа працы заўсёды было тое, за што трэба змагацца. Напрыклад, яна дабівалася, каб адрамантавалі паламаную лядоўню, бо праз гэта скісала малако. Яе тройчы звальнялі, а пасля вярталі, бо ахвочых ісці працаваць даяркай у вёсцы не было.
Жанчына заўсёды любіла чытаць, глядзела «Белсат»: «Хоць я і працую ў калгасе, але ж я не калгасніца… Я люблю аналізаваць тое, што адбываецца вакол. Калі б кожны з нас умеў разважаць, то мы б даўно зразумелі, што ідзём не ў той бок. Чалавек нараджаецца для жыцця і радасці… А гэтай радасці ў людзей няма».

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas2_logo.jpg


Мінулай вясной Руслан упершыню стаў размаўляць з маці пра магчымыя змены ў краіне.
— Памятаю, Руслан спытаў у мяне: «Мама, табе не надакучыла так жыць?» — узгадвае Вольга. — Я тады абурылася: хіба мы кепска жывём? У нас свой дом, дагледжаны. У сям’і ніхто не п’е… А ён сказаў, што я б магла жыць лепей і за сваю працу атрымліваць у разы больш. Я магла б улетку некуды паехаць адпачыць, прывесці сябе ў парадак. Я магла б не перажываць з таго, што ў мяне няма чым крэдыт пагасіць... Але на ўсё гэта я сказала, што ў Беларусі, мабыць, ніколі такога не будзе. Я ўсё жыццё працавала, сумленна працавала. А выпаў зуб — і я не магу сабе каронку ўставіць.

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas05_logo.jpg


Руслан да пачатку пандэміі некаторы час працаваў у Мінску, здымаў жыллё. Але пасля вярнуўся ў вёску і ўладкаваўся ахоўнікам у гіпермаркет у Салігорску.
— Руслан казаў, што ў Мінску людзі нейкія іншыя. Ён абураўся: «Няўжо тут людзі настолькі забітыя, што ўсё гэта трываюць? З гэтым трэба неяк змагацца». Я яму пярэчыла, маўляў, колькі тут жыву, столькі і змагаюся.
Але хутка Вольга сама стала прасіць сына, каб ён тлумачыў ёй падзеі, якія адбываліся ў краіне. За Святлану Ціханоўскую галасавала ўся сям’я. Вольга ў той дзень працавала, таму падчас перапынку пад’ехала на выбарчы ўчастак на ровары. А калі вярталася ўвечары дадому, то пачула страшны гул і пабачыла вайсковую машыну. Жанчына спужалася і схавалася ў кусты: «Тады я падумала, што пачалася вайна. А ў гэты час у Мінску збівалі людзей».

«Я выходжу!»

Пасля выбараў Руслан далучыўся да страйкама «Беларуськалія», пастаянна ездзіў на акцыі пратэсту ў Мінск і Салігорск. Нават калі Руслана звольнілі з працы за бел-чырвона-белую маску, ён усё адно працягваў выходзіць на мітынгі. Вольга кожны раз чакала сына з нецярплівасцю: хацела хутчэй пачуць яго ўражанні.
— Я добра памятаю той дзень, калі забілі Рамана Бандарэнку, — кажа Вольга. — Руслан падзяліўся навінамі, калі я пасля змены прыйшла з працы. У мяне слёзы пацяклі ручаём…

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas06_logo.jpg


Тады маці ўпершыню пабачыла слёзы і на вачах сына. Кажа, мужчыны плачуць незаўважна, па-асабліваму. У той вечар Руслан з горыччу гаварыў пра тых, хто перастаў выходзіць на вуліцы Салігорска, перажываў за стрыечнага брата, фігуранта «пінскай справы»… А пасля сказаў: «А мне па барабане! Я выходжу!» Тады ён і вырашыў пагуляць па Салігорску з вялікім бел-чырвона-белым сцягам. Адзін.
— Я прасіла, каб ён бярог сябе, бо, калі ён сядзеў 15 сутак у Любані, яму зламалі рэбры, — кажа Вольга.
Але ён яшчэ з дзяцінства абяцаў маці, што яна ніколі не будзе за яго чырванець.

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas08_logo.jpg


«Мяне проста паднялі на рукі…»

Калі за шпацыр са сцягам на Руслана завялі крымінальную справу, Вольга была ў разгубленасці: у судовыя ўстановы яна ніколі не звярталася, грошай на адваката не было.
— Тады Бог паслаў мне анёла: мне патэлефанавала валанцёрка з Салігорска, — узгадвае Вольга. — Яна прапанавала наняць адваката. Я патлумачыла, што грошай у мяне няма, і папрасіла пазычыць іх да заробку.

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas04_logo.jpg


Сям’я валанцёркі адразу прыехала да Вольгі, дала грошай на адваката і дапамагла заключыць з ім дамову. Пасля з’явіліся людзі з салігорскага страйкама і тыя, з кім Руслан сядзеў у ІЧУ ў Любані… Усе яны сталі апекавацца Русланам і яго сям’ёй: ахвяраваць грошы, збіраць і адвозіць у СІЗА перадачы. Гэта дзейсная дапамога сваякам палітзняволеных, якія жывуць у вёсках.
— Калі нам сталі дапамагаць абсалютна незнаёмыя людзі, я зразумела, што я не адна і мяне не пакінуць. Салідарнасць дае сілы жыць. Такое адчуванне, што мяне проста паднялі на рукі… Можа быць, упершыню за жыццё да мяне пачалі ставіцца па-чалавечы, а не як да раба.

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas03_logo.jpg


Праўда, аднавяскоўцы Вольгу не падтрымліваюць.
— Крыўдна? — пытаю Вольгу.
— Не, бо я ведаю тут кожнага. Канешне, чуллівы чалавек заўжды адчуе ад іншых скосы позірк ці кепскую думку… Але я не прымаю гэта блізка да сэрца. У іх такая пазіцыя: маўляў, мая хата з краю, таму, калі будуць збіваць суседа, я нават не выйду на вуліцу і не пацікаўлюся, што адбываецца, а проста буду выдумляць байкі пра злачынцу.
Памаўчаўшы, Вольга дадала: «Нічога страшнага, што глядзяць на мяне скоса… Памяняецца жыццё, паглядзім тады, што яны будуць гаварыць».

«Дух выбіць немагчыма»

Сцяг, які Руслан узняў над мясцінамі, дзе ён вырас, яму пасля засунулі рот. Хлопца збілі так, што маці на спатканні з ім пасля суда глядзела на яго яшчэ незагоеныя раны на твары. Аднак пры сыне Вольга намагалася не плакаць, хоць слёзы і стаялі камяком у горле.
— Як мацярынскае сэрца можа вытрымаць, пабачыўшы гэта? — пытаю ў Вольгі.
Тады я проста разважала: няўжо я, маці, і не змагла абараніць сваё дзіця? Я столькі гадоў пражыла ў гэтай дзяржаве! Але я супакойваю сябе тым, што за кратамі знаходзяцца самыя моцныя. Руслан піша, што дух выбіць немагчыма. Ды я і сама ведаю пра гэта. А за пралітыя мацярынскія слёзы будуць караць не толькі зямныя сілы, але і нябесныя. Канешне, я шмат плакала ўжо пасля. Слёзы цяклі і ад пачуцця віны перад моладдзю. Як мы, бацькі, дапусцілі гэта? Чаму не знайшлі ў сабе сілы прыпыніць гэта раней? Але праўду кажуць: пакуль на сваёй скуры не адчуеш боль, не зразумееш.

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas01_logo.jpg


Цукеркі для сына

Сёння Вольга кожны дзень чакае звальнення з працы, але разумее, чаму яе дагэтуль там трымаюць: «Яны не звальняюць мяне, бо няма каму працаваць. Кароў даіць жа ніхто не хоча, тым больш за такі заробак». На працу яна хадзіць цяпер зусім не хоча. Пытае сама сябе: якая з яе работніца, калі пастаянна адчувае і крыўду, і боль, і горыч? Тым больш, за мінулы месяц заробак Вользе выдалі са спазненнем: чатырыста рублёў…

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas8_logo.jpg


З 29 красавіка Руслан знаходзіцца калоніі №3 у пасёлку Віцьба. Кожны раз Вольга спяшаецца з працы дамоў, каб хутчэй зазірнуць у паштовую скрыню. Але ліста з калоніі ад Руслана яна пакуль не атрымала.
Жанчыне сняцца прарочыя сны. Так, ёй і раней снілася, што на сына завядуць крымінальную справу і што яго асудзяць. Прыснілася і тое, што ён, як і ўсе палітвязні, хутка вернецца дадому.
Я не веру — я ведаю, што хутка ўсе зняволеныя будуць дома, — кажа Вольга. — Трэба проста пачакаць, прытым не мае значэння, колькі менавіта — тыдзень ці месяцы. Мы ўсе ўжо жывём у новым вымярэнні. Нашы сіла і дух сфарміравалі новую фізічную аснову, а старая ўжо зруйнавалася.

volha_akostka__fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas6_logo.jpg


— Сынок, я вельмі цябе люблю, сумую і чакаю дадому, — перадае Вольга Руслану.
А пасля кідае позірк на цукеркі, што ляжаць у вазе. Руслан вельмі любіць салодкае, таму Вольга іх пастаянна набывае. Проста для таго, каб усё было гатова да вяртання Руслана дамоў.
***Руслан Уладзіміравіч Акостка стаў вядомым пасля таго, як 15 лістапада здолеў прайсці амаль праз увесь горад з бел-чырвона-белым сцягам. Пакараны трыма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і матэрыяльнай кампенсацыяй у памеры 2 000 рублёў.
Адрас для лістоў: ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба. Калі вы хочаце дапамагчы сям’і Руслана, кантакты ёсць у рэдакцыі.