Галадала 10 дзён: выйшла на волю дзяўчына, якую затрымалі за маску на Дзень Перамогі ў Віцебску

Пасля 20 сутак з ізалятара часовага ўтрымання вызвалілі віцяблянку Ангеліну Туравец.

img_20210512_110323_013.jpg

Дзяўчына была затрыманая 9 мая на святкаванні Дня Перамогі. Прычынай затрымання сталася маска з выявай роту бела-чырвоных колераў, нагадвае «Белсат».

Суддзя Алена Цыганкова палічыла, што Ангеліна такім чынам правяла адзіночны пікет, і прызначыла ёй 20 сутак адміністратыўнага арышту. У той дзень разам з дзяўчынаю затрымалі і хлопца, але яго адпусцілі, бо той не меў маскі.

Сябры і знаёмыя, якія чакалі дзяўчыну каля сцен віцебскага СІЗА-2, змаглі яе абняць толькі каля Чыгуначнага РАУС, дзе пасля сутак з Ангелінай правялі прафілактычную размову.

«Матрацаў у нас не было, на дзень іх забіралі, кнігі выдавалі на 30 хвілін. Святло не гасілі ні днём, ні ўначы — спаць немагчыма! Матрац мне выдалі толькі ў гэтую сераду, і толькі таму, што ў мяне паднялася тэмпература», — распавядае дзяўчына пра ўмовы ўтрымання.

Таксама Ангеліне не даходзілі прадуктовыя перадачы, а якасць харчавання ў ізалятары такая, што «лепш не есці». Апошнія 10 сутак дзяўчына галадала, піла толькі гарбату і кісель.

Маці Ангеліны Таццяна Туравец пісала наконт жорсткіх умоваў утрымання ў ІЧУ скаргу ў пракуратуру. Ангеліна расказвае, што праверка сапраўды адбылася, да іх у камеру прыходзіў пракурор. Але, на жаль, зменаў пасля гэтага ніякіх не адбылося.

Напярэдадні сама Таццяна Туравец была прысуджаная да трох гадоў «хіміі».