Нелюбоў. Чаму беларускія хакеісты зганьбіліся на чэмпіянаце свету
Інакш не скажаш, бо з Рыгі каманда Міхаіла Захарава збіралася вяртацца ледзьве не з медалямі.
На хакейным чэмпіянаце свету зборнай Беларусі засталося
згуляць з расіянамі — 1 чэрвеня, на самым фінішы групавога раунду. Іншым разам
гэта мог быць вырашальны матч з прынцыповымі супернікамі, але зараз зусім не
той выпадак. Бо ўсё ўжо непапраўна вырашана — шанцаў на плэй-оф няма, годнай
гульні няма таксама, а сама каманда мае такі выгляд, што квіток дадому ёй
хочацца выпісаць наўпрост цяпер, датэрмінова.
Але гуляць з Расіяй трэба — гэтага бессэнсоўнага для захараўскіх хакеістаў матчу на адыходак патрабуе каляндар. Дый шлях на радзіму з суседняй Латвіі з нядаўняй пары што той біном Ньютана — праз закрытыя па вядомай прычыне паветраныя калідоры. Куды спяшацца?
Апошняй — ужо чыста сімвалічнай — магчымасці патрапіць у чвэрцьфінал беларусы пазбавіліся ў нядзелю, калі сутыкнуліся са швейцарцамі. Сутыкнуліся — і нібыта здранцвелі, прайграўшы ў выніку з красамоўным лікам 0:6.
Перад гэтым былі яшчэ паразы ад датчан — з чатырмя шайбамі, прапушчанымі ў трэцім перыядзе, ад славакаў — з 0:3 ужо ў сярэдзіне першай трэці гульні, і ад «нехакейных» брытанцаў, якія здабылі першую перамогу на ЧС у асноўны час з 1962 года. Сенсацынай вікторыі над шведамі і прыстойнай паразы ад чэхаў у овертайме тут ужо не хапіла, каб хоць неяк улагодзіць агульную карціну.
А карціна, як той казаў, маслам — апошняе месца ў групе, на якім, відаць, зборная Беларусі так і застанецца. Балазе ў гэтым годзе з мацнейшага дывізіёну ніхто не вылятае (рэгламент спрасцілі кавідныя абмежаванні), а то б яшчэ і праводзілі каманду пад музыку Шапена ў другі эшалон — другі раз за апошнія гады.
Дык чаго яно ўсё так адбылося? Чаму беларусы пайшлі ў атаку, а патрапілі ў палон? З якой прычыны дэкларавалі амбітныя мэты, а на выхадзе адграблі выспяткаў на пару турніраў наперад?
У дэталях хай разбіраюцца дапытлівыя адмыслоўцы — хто там не ў тым звяне гуляў, каму не варта было выходзіць у брыгадах большасці, а якому з брамнікаў трэба было больш даверу з боку трэнерскага штаба. Аднак, здаецца, гэтым разам д’ябал хаваецца не ў дэталях. Ён увогуле не хаваецца — ён на паверхні.
Спартыўны складнік не пры чым. Каб гэта зразумець, дастаткова паглядзець вынікі іншых матчаў. Яны такія, што міжволі хочацца сябе ўшчыпнуць — гэта нейкі суцэльны сюр, а не чэмпіянат. Славакі тут разбіраюцца з рускімі, латышы чубяць канадцаў, а казахі даюць дыхту фінам і немцам. Фаварыты, зноў жа праз пандэмію, не здолелі сабраць на ЧС зорных складаў, а кадры ж вырашаюць усё не толькі на прамысловасці. Узровень зборных раптам падраўняўся — у такой каламутнай вадзе, здавалася б, толькі і лавіць буйную рыбу.
Іншыя і ловяць — а беларусы збіраюць валізы дадому. Хаця на Рыгу як раз і сабралі вельмі годны ростэр — амаль усіх мацнейшых, за выключэннем пары-тройкі траўмаваных. Але клёву няма. І няма чаго лавіць.
То пра таго самага д’ябла варта казаць у прынцыпова іншым кантэксце — далёкім ад клюшак, шайбаў і лёду. І блізкім да тых высокіх матэрый, якія нельга памацаць гульняцкімі крагамі, а можна толькі адчуць.
Калі сцісла, то Беларусь у Латвіі аказалася прадстаўлена вельмі дзіўнай камандай. Зборнай краіны, якая ў лепшым выпадку гэту краіну не цікавіць. Ці калі сказаць мацней — выклікае ў краіны, прынамсі ў актыўнай яе часткі, скрозь адмоўныя эмоцыі. Нездарма прама цяпер, праз лічаныя гадзіны пасля 0:6 ад швейцарцаў, байнэт віруе не эмпатыяй на адрас сваіх небарак-хакеістаў, а зусім іншымі эмоцыямі — рогатам, свістам, злараднасцю. І лейтматывам — маўляў, так ім і трэба, маўчунам і «хатаскрайнікам».
Такое стаўленне суправаджала каманду Захарава цягам усяго чэмпіянату — і прычыны занадта вядомыя, каб іх зноў называць. Вядомыя і наступствы, бо хакеісты не на асобнай планеце жывуць і карыстацца сецівам таксама ўмеюць. Умеюць чытаць каментары, юзаць сацсеткі і — у шырокім сэнсе — чуць той самы катэгарычны vox populi ад сваіх колішніх заўзятараў.
Агульнавядома пра гульнявыя віды і іх прадстаўнікоў: клуб — гэта для заробку, зборная — для душы. Клуб — гэта лічбы кантракта, асабістыя паказчыкі і ўласны агент, які ўмее закінуць слова пра пад’ёмныя ды прэміяльныя. Зборная — гэта кураж, імпэт і гатоўнасць рызыкнуць здароўем дзеля не грошай, а павагі суайчыннікаў. Гэта нарэшце звычайны патрыятызм — і пра яго, напрыклад, можа шмат распавесці славуты чэх Ярамір Ягр, што ўсю кар’еру адгуляў у джэрсі з 68-м нумарам у гонар Пражскай вясны.
Дык вось ні куражу, ні імпэту па вышэй згаданых прычынах у беларускай зборнай у Рызе не было і няма. Для каго і за каго там гуляць, калі прыхільнікі ці адвярнуліся, ці проста заплюшчылі вочы? За трэнера Захарава, які пасля паразаў звыкла вешае ўсіх сабак на гульцоў? За дзяржаву, якая ўмее тое ж самае — а яшчэ пастаянна нагадвае, якая яна маладзец, што стварыла для хакея ўсе ўмовы, а між тым ужо падціскае па фінансах і ўсталёўвае столі заробкаў? За кіраўніка федэрацыі Баскава, пра якога хакеісты ведаюць не менш, чым іншыя? За герб і сцяг?..
Са сцягам, дарэчы, наогул цэлая гісторыя атрымалася. І з чырвона-зялёным, бо менавіта ў гэтыя колеры аздобілі беларускую раздзявальню на ЧС — уключаючы чамусьці нават дыванкі для выцірання ног. І з бел-чырвона-белым, бо менавіта яго ўрачыста ўзняў над Рыгай яе адчайны мэр. І тут яшчэ паспрабуй даведайся, хто з гульцоў якой сімволіцы аддае перавагу. Бо маўчаць яны маўчаць, але ж усё разумеюць — нездарма сумна вядомы ліст праўладных спартсменаў падпісаў толькі адзін са зборнікаў.
Так вось і атрымалася, што беларуская каманда на чэмпіянаце аказалася самай дэматываванай і самай самотнай. Як той юны Алёша — герой вядомай кінадрамы «Нелюбоў» Андрэя Звягінцава. Выглядае, што гэтую ўнутраную прыгнечанасць у нейкі момант адчулі нават зборнікі-легіянеры — і Бэйлен, і Тэйлар, і Прынс з Парэ. Таму супраць швейцарцаў за ўсіх замежнікаў на лёдзе адпрацоўваў адзінотны канадзец Плат. Адпрацоўваў — і ва ўнісон з астатнімі, імаверна, думаў: а яно мне трэба? А для каго я гуляю? І што тут раблю?
У фільма «Нелюбоў» цяжкі і трагічны фінал, і цалкам добра, што хакей — усяго толькі гульня. Нашым хлопцам у Рызе засталося адмучыцца толькі ў аўторак. І ўсё — міжсезонне, лета, час адпачынку… А магчыма — і час роздуму над тым, над чым астатнія беларусы ўжо даўно падумалі. І даўно разабраліся, з кім у гэты найскладанейшы перыяд ім па дарозе, каго ім любіць і кім пагарджаць.
Фота hockey.by, «Трыбуна».