Двух студэнтаў арыштавалі на 20 сутак за рэпост, значок з «Пагоняй» і непадпарадкаванне міліцыянтам
Аднаго з навучэнцаў сталічнага ВНУ забралі наўпрост з аудыторыі падчас пары, піша «Вясна».

16 чэрвеня затрымалі студэнтку
БНТУ Марыю Карытка. Каля 12:30 да яе падышлі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі
паказаць дакументы, а потым запатрабавалі прайсці з імі. У службовай машыне
каля Савецкага РУУСа дзяўчыне далі на подпіс два пратаколы: па ч. 2 арт. 19.11
КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс
экстрэмісцкіх матэрыялаў) і па 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам
міліцыі). Суткі дзяўчыну трымалі ў РУУСе, а потым перавялі на Акрэсціна.
18 чэрвеня па рашэнні суддзі Савецкага раёна Сяргея Шацілы студэнтку арыштавалі на 20 сутак.
Таксама 16 чэрвеня затрымалі
яшчэ аднаго студэнта сталічнага ўніверсітэта — Дзмітрыя Савасцеенку. Хлопца
затрымалі наўпрост падчас пары. «Неабыякавы грамадзянін» націснуў
трывожную кнопку з-за значка з «Пагоняй» на заплечніку Дзмітрыя. Але пратаколы ў
Савецкім РУУСе на студэнта склалі за «размахванне БЧБ-сцягам» і «непадпарадкаванне міліцыянтам». У выніку, 18 чэрвеня суддзя Сяргей
Шаціла прызнаў Дзмітрыя вінаватым па арт. 24.23 і 24.3 КаАП і пакараў яго
20-сутачным арыштам.