«Ісці на здзелку з сумленнем — гэта гол у свае вароты». Што піша з Валадаркі палітзняволены студэнт-медык
Студэнта БДМУ Уладзіслава Марціновіча затрымалі ў лістападзе, і з тых пор ён у няволі. Нядаўна яму споўніўся 21 год, і з гэтай нагоды ён напісаў ліст, у якім падзякаваў беларусам за шматлікія віншаванні.
«Мне было прыемна атрымаць каля 100 лістоў-віншаванняў да дня нараджэння ад раней незнаёмых людзей, — цытуе Уладзіслава Марціновіча тэлеграм-канал «Правовой БГМУ». — Яшчэ прыемней будзе на іх адказаць. Цаню час і ўвагу кожнага неабыякавага чалавека, і мне бязмежна прыемна з надзеяй, што мае намаганні не былі дарэмныя. Дзякую і адпраўляю найлепшыя пажаданні ўсім людзям, якім не ўсё роўна».
Трымаецца палітвязень годна: «У асноўным усё добра. Я ў курсе апошніх яркіх навін і падзей некаторых. Знаходзячыся па той бок, у засценках СІЗА і пражываючы падобную сітуацыю, магу сказаць, што ісці на здзелку з сумленнем, аддаючы сябе і людзей — гол у свае ж вароты, датэрміновае паражэнне. Ну, мякка кажучы, вядома ж. Не для мяне такі выбар, таму рыхтуюся да суду…»
Калі менавіта будзе суд, невядома, на думку Уладзіслава, навіны будуць не раней за 20 чэрвеня.
Студэнт 4-га курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэту Уладзіслаў Марціновіч быў затрыманы 19 лістапада. Яго вінавацяць у адміністраванні тэлеграм-канала «Белыя халаты», крымінальная справа заведзеная па артыкуле 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Палітзняволены знаходзіцца пад вартай на Валадарцы.