Палітвязня Уладзіміра Няронскага ў калоніі пазбавілі перадач да жніўня
Палітзняволенага аўтара ютуб-канала «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага, асуджанага да трох гадоў пазбаўлення волі, у папраўчай калоніі №15 на Магілёўшчыне пазбавілі прадуктовых перадач да 4 жніўня. Пра гэта «Вясне» паведаміла ягоная жонка Марына. Прычына дысцыплінарнага спагнання — невядомая, але жонка мяркуе, што гэта звязана з тым, што Уладзімір асуджаны па «палітычнай» справе.
Як распавяла Марына, яна дазналася пра забарону на перадачы 16 чэрвеня, калі ўжо прыехала з 50-кілаграмовай перадачай у Вейна, дзе знаходзіцца калонія №15. На наступны дзень прыйшоў ліст ад Уладзіміра, дзе ён сам і паведаміў гэта.
«Але не забароненыя бандэролі, лісты, можна класці
грошы на рахунак», — кажа Марына.
Уладзімір Няронскі ўжо працуе ў калоніі. Па словах Марыны,
яны з адвакатам рыхтуюць наглядную скаргу на прысуд Лагойскага раёна, якім
палітвязня асудзілі да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама
Уладзімір вельмі ўзрадаваўся навіне пра змены ў Крымінальны кодэкс, згодна з
якімі яму будзе пералічаны тэрмін адбыцця пакарання. У СІЗА палітвязень
утрымліваўся восемь месяцаў, то бок большую частку пакарання ён ужо адбыў.
Па інфармацыі праваабаронцаў, многіх палітвязняў пазбаўляюць
перадач, як толькі яны прыбываюць у месцы адбыцця пакарання. Прычына —
«палітычны» артыкул, па якім чалавека асудзілі да пазбаўлення волі.
Адміністрацыя калоніі выкарыстоўвае гэта як дадатковы спосаб ціску на
палітвязня.
Нагадаем, 2 лютага суд Лагойскага раёна асудзіў палітычнага зняволенага аўтара ютуб-канала «Слуцк для жизни» Уладзіміра Няронскага да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Судзя Аляксандр Рыбакоў прызнаў Няронскага вінаватым па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 і ч. 1 арт. 342. Палітвязня абвінавацілі ў закліках у сваіх роліках «Слуцк для жизни» да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак у Слуцку, Мазыры, Брэсце, Бабруйску, Магілёве. Суд прызнаў, што рабіў ён гэта ў змове з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і палітыкам Мікалаем Статкевічам. Таксама Няронскі прызнаны вінаватым у публічнай абразе ў яго роліку на ютуб-канале старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага.