Арганізатара канцэрта «Пошлай Моллі», на якім зала крычала «Жыве Беларусь!», аштрафавалі на 2175 рублёў

8 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска прайшоў суд над дырэктарам івэнт-агенцтва Антонам Сасноўскім, які арганізоўваў канцэрт групы «Пошлая Моллі» 26 мая. На дырэктара склалі пратакол па ч.2 арт. 24.23 КаАП («Парушэнне ўстаноўленага парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства»), згодна з якім «26 мая з 19:00 да 22:00 Сасноўскі парушыў парадак арганізацыі і правядзення канцэрта гурта "Пошлая Моллі", падчас якога прысутныя грамадзяне выказвалі свой грамадска-палітычны настрой шляхам выкрыквання лозунгаў "Жыве Беларусь!"». Відэа «правапарушэння» выявілі супрацоўнікі міліцыі 30 мая ў адным з тг-каналаў, распавядае «Вясна».

8055_87e70_1606982632.jpg

Сасноўскі патлумачыў суддзі Аляксандру Рудэнку, што «дадзены інцыдэнт адбыўся падчас канцэртнай паўзы, якая ўзнікла па прычыне тэхнічнай няспраўнасці і ў той час, калі калектыў арганізатараў займаўся ліквідацыяй дадзенай тэхнічнай няспраўнасці для таго, каб канцэрт змог працягнуцца і арганізаваць бяспеку гледачоў. Выкрыкі лозунга наведвальнікаў доўжыліся не больш за 30 секунд і ў поўным аб'ёме трапілі на відэа».

Паводле слоў Сасноўскага, за ўсе шэсць гадоў дзейнасці ніколі з гэтым не сутыкаліся і былі цалкам занятыя ліквідацыяй няспраўнасці і не ведалі, як на гэта рэагаваць і якія меры прымаць. Пасля паходу ў РУУС івэнт-агенства атрымала поўныя інструкцыі і рэкамендацыі па ўзаемадзеянні, і наступны канцэрт фірмы, арганізаваны праз тры дні, прайшоў без інцыдэнтаў і ў поўнай адпаведнасці з «Законам аб масавых мерапрыемствах» і «Кодэксам аб культуры».

У выніку, суддзя Рудэнка прызнаў Антона Сасноўскага вінаватым і аштрафаваў на 2175 рублёў (75 базавых велічынь).