Як жыве бяздомны з Мінска, якога арыштавалі па «народным артыкуле» амаль на 100 сутак
Бяздомны з Мінска ўжо адбыў па «народным артыкуле» каля 80 сутак. Учора яго арыштавалі яшчэ на 20 за БЧБ-плакат.
Бяздомны з Мінска Аляксандр Кутас ужо адбыў па «народным артыкуле» каля 80 сутак. 25 траўня яго арыштавалі яшчэ на 20 за БЧБ-плакат. У мінулы раз яго затрымалі каля метро «Малінаўка» за тое, што ён прадаваў труса з БЧБ-аброжкам. Яму прысудзілі 25 сутак арышту. Праз пяць сутак пасля вызвалення яго зноў затрымалі за БЧБ-плакат з надпісам «Вярніце мне дзяцінства, юнацтва мне вярніце, і першае каханне. Дапамажыце забыць лагера і няхай жыве Народная Рэспубліка Беларусь». За гэта Аляксандра арыштавалі яшчэ на 20 сутак.
У 2016 годзе KYKY.ORG паразмаўлялі з Аляксандрам Кутасам пра яго лёс, судзімасці і пра жаданне змяніць сваё жыццё. «Вясна назірае» даведалася ў яго сукамерніка па «сутках па народным артыкуле», як цяпер змянілася жыццё мужчыны, які стаў «БЧБ-пагрозай» для мінскіх міліцыянтаў.
Дзень Аляксандра пачынаецца на станцыі метро «Магілёўская», дзе ён праводзіць большую частку свайго часу: там яго месца «заробку». Цэлы дзень ён сядзіць з ламінаванымі таблічкамі, дзякуючы якім і «зарабляе» сабе на жыццё. Аляксандра часам можна сустрэць з трусам. Але падчас «сутак» гэтых трусаў забірае міліцыя і не вяртае пасля вызвалення. Што супрацоўнікі міліцыі робяць з жывёламі — невядома.
Заробак Аляксандра, за вылікам ежы для сябе і трусаў, дазваляе яму ні ў чым сабе не адмаўляць. Аляксандр ходзіць за ежай у сталовыя і ў краму. Сваім сукамернікам Аляксандр распавядаў, што на ежы ён не эканоміць і імкнецца жыць паўнавартасным жыццём.
Каля 23:00 кладзецца спаць: Аляксандр едзе на вакзал і сядае ў электрычку. Звычайна дарога да Баранавічаў складае каля чатырох гадзін, пасля чаго на ёй жа вяртаецца назад у Мінск. Калі спаць хочацца мацней звычайнага, то замест Баранавічаў Аляксандр едзе ў Жабінку.
Кутас падзяліўся з сукамернікамі, што нарэшце збіраўся зрабіць у траўні рэгістрацыю, але пасля затрымання яг пашпарт разам з тэлефонам і радыёпрымачом арыштавалі, ён дагэтуль іх не забраў.
Сёлета Кутас паспеў адсядзець па «народным артыкуле» 24.23 КаАП ужо каля 80 сутак, а цяпер да іх дадалі яшчэ 20.
Аляксандр Кутас правёў 22 гады ў месцах пазбаўлення волі. Каб яго ў чарговы раз не затрымлівалі і не садзілі за краты, пры сустрэчы міліцыянтаў Аляксандр ускрывае сабе вены. Яго рукі ў шнарах ад неаднаразовых парэзаў. Працуе гэта так: ён бярэ лязо, рэжа вены, а супрацоўнікі міліцыі выклікаюць «хуткую», якая яго забірае ад іх. Але «хуткая» вельмі часта не давозіць яго да падстанцыі, а проста адпускае яго, перавязваючы рукі.
Мінулы досвед Кутаса ў зняволенні дапамагае яму адбываць суткі. Паводле слоў яго сукамерніка, супрацоўнікі ізалятара да Аляксандра ставяцца добра. Мужчына ведае правілы і розныя «хітрыкі», якія дапамагаюць вырашаць бытавыя праблемы ў «хаце». Таксама Аляксандр піша вершы, якія потым чытае сукамернікам.
Зараз Аляксандр зноў за кратамі і выйдзе толькі 12 чэрвеня — у свой Дзень народзінаў. Яму спаўняецца 59 гадоў.