«Наша Ніва»: Напярэдадні гадавіны выбараў у Беларусі адбываюцца затрыманні і прафілактычныя гутаркі
«Наша Ніва» атрымлівае інфармацыю, што ў розных гарадах Беларусі перад 9 жніўня адбываюцца прэвентыўныя затрыманні, а таксама агляды ў тых, хто затрымліваўся па «народных» артыкулах.
Адзін з чытачоў нашага выдання паведамляе, што два тыдні таму да яго дадому прыходзілі міліцыянты і прасілі падпісаць паперу аб правядзенні прафілактычнай гутаркі. Мужчыну затрымлівалі ў маі, асудзілі па 24.23 ч.1 КаАП.
Іншы чытач расказаў, што яго ўзялі проста ў РУУСе: мужчына
прыйшоў на прафілактычную гутарку 5 жніўня, яго затрымалі «за
непадпарадкаванне», ноч ён правёў у ІЧУ, а назаўтра адбыўся суд. Вынік — штраф
100 базавых велічынь. У ІЧУ ў камеры на шасцярых было 12 чалавек, ва ўсіх былі
судзімасці па артыкулах 19.1 ці 23.4 КаАП, паведамляе ён.
Яшчэ адзін мужчына паведамляе, што яго выклікалі па позве ў
пракуратуру на «дачу тлумачэнняў». У выніку зачыталі артыкулы КаАП і КК, якія
тычацца масавых мерапрыемстваў, і адпусцілі.
Таксама паведамляюць пра затрыманні і вобшукі ў Пінску,
Кобрыне, Наваполацку.
Выглядае, што ахвярай такіх прэвентыўных затрыманняў стала і мама Сяргея «Хлопотное дельце» Міронава: 61-гадовую Святлану Чапурка асудзілі 6 жніўня на 15 сутак па артыкуле 19.1 КаАП «Дробнае хуліганства».
Таксама, нагадаем, нядаўна быў затрыманы і асуджаны на 15 сутак фотакор «Новага Часу» Дзмітрый Дзмітрыеў.