У Генпракуратуры расказалі, колькі беларусаў у 2021 годзе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за пратэсты
Намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук агучыў афіцыйную статыстыку рэпрэсій у межах арт. 24.23 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»).
Аляксей Стук у інтэрвʼю на беларускім тэлебачанні адзначыў, што паўторнае цягам года парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах будзе цягнуць за сабой крымінальны пераслед.
«Варта прывесці статыстыку. Ужо за перыяд гэтага года прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці каля 1,5 тысячы чалавек за парушэнне гэтага заканадаўства. З іх 1150 — за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах», — адзначыў намеснік генпракурора.
Пры гэтым, паводле слоў Стука, застаецца незразумелым, колькі ўсё-ткі людзей прыцягнулі да адказнасці паводле арт. 24.23 КаАП: 1500 ці 1150.
Нагадаем, што ў 2021 годзе вялікіх акцый пратэсту ў Беларусі не праходзіла. Але людзей масава караюць «суткамі» і штрафамі за дваровыя маршы, флэшмобы ці проста за белы аркуш паперы на акне, адзенне «палітычных колераў» (спалучэнне белага і чырвонага) або публічнае выказванне.
У 2020 годзе за пратэсты ў адміністрацыйным парадку былі затрыманыя больш за 33 000 асоб.