Мінчук атрымаў 15 сутак за сцяг на ўваходзе ў кладоўку
51-гадовага Дзмітрыя Асеева затрымалі на працы 23 ліпеня. Амаль праз пару гадзін яго справу ўжо разглядаў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк, паведамляе «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП у тым, што ён
вывесіў БЧБ-сцяг на ўваходзе ў кладоўку. Пры гэтым, Дзмітрый працуе на станцыі
тэхнічнага абслугоўвання, а кладоўка наогул знаходзіцца на другім паверсе.
Згодна з рапартам, на сцяг паскардзіўся ў міліцыю «неабыякавы
грамадзянін», чыё імя на судзе агучыў суддзя. Сваю віну Дзмітрый адмаўляў,
бо не лічыць гэта правапарушэннем. Па словах мужчыны, сцяг нікому не бачны,
таму гэта нельга расцэньваць, як пікетаванне.
На суддзе дапыталі і
міліцыянта «Аляксандровіча». З паказанняў сведкі:
— Нам паведамілі, што на СТА размешчаны — я нават сцягам
гэта не магу назваць — бел-чырвона-белае. Мы адразу зразумелі, каму гэта
належыць. У Асеева на руцэ быў БЧБ-бранзалет з надпісам «Жыве
Беларусь». Усім было зразумела, хто і навошта вывесіў фашысцкі, на маю
думку, сцяг.
Суддзі Карсюку паказанняў сведкі
было дастаткова, таму ён арыштаваў Дзмітрыя на 15 сутак.