Украінскія гісторыкі выступілі ў абарону затрыманых беларускіх калег Андрэя і Таццяны Мастыка

Украінскі інстытут нацыянальнай памяці і Украінская асацыяцыя вуснай гісторыі зрабілі сумесную заяву ў падтрымку Андрэя і Таццяны Мастыка, а таксама асудзілі пераслед навукоўцаў у Беларусі.

Фотакалаж «Еўрарадыё»

Фотакалаж «Еўрарадыё»

«У Рэспубліцы Беларусь працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыйна настроеных да ўлады грамадзян. 19 ліпеня 2021 года былі затрыманыя гісторыкі Андрэй Мастыка і яго жонка Таццяна Мастыка.

Таццяна Мастыка — кіраўніца Беларускага моладзевага грамадскага аб'яднання «Гісторыка», гісторык, якая ажыццяўляе незалежныя навуковыя даследаванні, займаецца папулярызацыяй гістарычных ведаў.

Андрэй Мастыка займаецца ў прыватнасці вуснай гісторыяй, удзельнічаў у навуковых і адукацыйных мерапрыемствах вуснагістарычнага напрамку, якія праводзіліся ва Украіне. Матэрыялы яго вуснагістарычных даследаванняў увайшлі ў Беларускі архіў вуснай гісторыі і архіў сведак пры Мінскай гістарычнай майстэрні. Андрэй таксама працаваў у камандзе праекта «Гісторыя Мінскага гета».

Украінскі інстытут нацыянальнай памяці і Украінская асацыяцыя вуснай гісторыі глыбока занепакоеныя тым, што ў Беларусі працягваецца наступ на правы чалавека, свабоду слова, ажыццяўляюцца пераследы апазіцыі, незаконныя затрыманні навукоўцаў. Мы пратэстуем супраць пераследаў гісторыкаў беларускімі ўладамі. Выказваем шчырую падтрымку навуковай супольнасці Беларусі і заклікаем міжнародную навуковую супольнасць і праваабарончыя арганізацыі асудзіць новую хвалю пераследаў у Беларусі, выказаць падтрымку затрыманым, звярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваннем іх неадкладнага вызвалення», — гаворыцца ў заяве.