Гаспадара бел-чырвона-белай хаты Анатоля Каханчыка арыштавалі на 25 сутак
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што жыхара Полацка Анатоля Каханчыка сёння пакаралі 25-сутачным арыштам па арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). Яго затрымалі 20 снежня, калі ён прыйшоў па позве ў міліцыю. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён трымае сухую галадоўку.

Нагадаем, год таму Анатоль пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёна ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў «Пагоню». Праз пэўны час яго асудзілі за гэта як за правядзенне несанкцыянаванага пікета, а потым пагражалі крымінальнай справай як за нібыта «злоснае хуліганства».