«Дашу трэба было трымаць семярым, каб яна не нарабіла бедаў». Пачынаюць судзіць Дар’ю Лосік

Пракурор просіць для Дар’і Лосік, жонкі зняволенага журналіста Ігара Лосіка, 2 гады зняволеньня. Прысуд, верагодна, агучаць заўтра, 19 студзеня.

dar_ja_i_ihar_losik.jpeg

18 студзеня ў Берасьці пачынаюць судзіць Дар’ю Лосік за інтэрвію аб сытуацыі з арыштам ейнага мужа, журналіста Ігара Лосіка. У пары ёсьць 4-гадовая дачка Паўлінка, якую зараз даглядаюць бабулі і дзядулі, піша «Р*дыё Свабода».

«Калі Даша «руліць», яна ўпэўненая»

Ігар і Даша родам з Баранавічаў. Ігар спачатку паступіў у Менскі пэдунівэрсытэт імя Танка, а потым перавёўся ў Баранавіцкі ўнівэрсытэт. Вучыліся яны на розных факультэтах, а вось у аўташколе ў 2009 годзе апынуліся разам, расказвае сяброўка Дашы Алена.

«Дашы кіраваньне аўтамабілем давалася лёгка. Яна клясна спраўлялася з мэханічнай скрынкай перадачаў, добра зь ёй ладзіла — як прафэсійны кіроўца. Што тычыцца Ігара, у Баранавічах ёсьць такое складанае «кольца» на вуліцы Савецкай, і калі Ігар здаваў нейкі залік, заблытаўся ў аўтамабільных перадачах і проста кінуў аўтамабіль на дарозе. Ён сказаў тады, што сядзе за стырно, толькі калі набудзе машыну на аўтамаце. І Дашы, і Ігару падабаліся «Шкоды»: у іх спачатку была «Skoda Fabia», а перад нараджэньнем Паўлінкі ў сям’і зьявілася «Skoda Rapid».

Ну а калі ў Дашы былі праблемы зь перадачкамі Ігару ў СІЗА, я падтрымлівала яе жартам: як Ігар вызваліцца, то за ўсе перадачы з добрай ежай (Даша аб’яжджала ўсе крамы ў Менску і Баранавічах і знаходзіла ўсе прысмакі, якія Ігар любіць, зь пяці гатункаў кабаносаў, пяці відаў арэхаў), ён будзе вымушаны купіць жонцы новую машыну «Skoda Superb» (вышэйшая клясай мадэль чэскага вытворцы. — «РС»)», — прыгадвае Алена і зазначае, што Дар’я супакойвалася толькі за стырном.

«Калі Ігара арыштавалі, яна менавіта за стырном была вельмі спакойнай, ураўнаважанай. Калі Даша «руліць», яна ўпэўненая. Калі яна была за стырном, за яе можна было не турбавацца».

 

«Для мяне яны заўсёды былі ідэальнай парай»

Ігар і Дар’я пабраліся шлюбам яшчэ студэнтамі. Большую частку часу праводзілі разам, успамінае яшчэ адна сяброўка Дашы Вольга.

«Для мяне яны заўсёды былі ідэальнай парай. Час, калі Ігару даводзілася надоўга кудысьці ехаць па працы, даваўся Дашы цяжка. Яны часта стэлефаноўваліся і пісалі лісты, каб аблегчыць адзіноту.

Неяк Ігару трэба было ехаць на паўгода стажавацца ў далёкую краіну. Ён вельмі сумаваў па Дар’і. І быў вельмі шчасьлівы, калі Дашы ўдалося прыехаць да яго хаця б ненадоўга», — кажа Вольга.

Калі ў сям’і нарадзілася дачка Паўлінка, Ігар быў вельмі шчасьлівы, сьцьвярджаюць усе сябры сям’і Лосікаў.

«Як у Дашы і Ігара такое «хрэстаматыйнае каханьне», так і ў Ігара да дачкі Паўлінкі проста «хрэстаматыйныя» адносіны. Даша казала, што Ігар — «эўрапейскі бацька», бо часьцяком беларускія таты амаль не займаюцца дзецьмі, пакуль яны малыя. Ігар вельмі падтрымліваў жонку пасьля родаў, рабіў ёй прыемныя сюрпрызы. Даша магла даверыць мужу Паўлінку і цалкам на яго спадзявацца, а самой пайсьці па справах. Ігар вельмі надзейны і адказны бацька.

Я добра памятаю, як я першы раз убачыла, як Даша плача. Яна расказвала, што Ігар сумуе па дачцэ. І на кожнае сьвята Даша купляла Паўлінцы два падарункі: адзін ад сябе, другі ад таты. Думаю, Ігару вельмі цяжка без дачкі. Ён засьпеў толькі першы год ейнага жыцьця, а цяпер Паўлінцы 4 гады, гэта ўзрост, калі яна пачынае пазнаваць сьвет. А бацькоў няма побач...» — цяжка ўздыхае сяброўка сям’і Лосікаў Алена.

«Ня ведаю, адкуль Даша брала сілы»

Пасьля затрыманьня Ігара ў чэрвені 2020 году Дар’я вельмі перажывала, амаль нічога ня ела, трымалася толькі на каве, гавораць яе сябры. У першыя месяцы пісала Ігару лісты амаль кожнага дня, але яны не даходзілі. Толькі пасьля таго, як адвакату дазволілі наведаць Ігара і ён расказаў, што Ігар добра трымаецца, Дашу крыху «адпусьціла».

Я дагэтуль не разумею, адкуль у яе было столькі сілаў і самааддачы. Дар’я езьдзіла да Ігара з Баранавічаў спачатку ў Менск на «Валадарку», а потым у Жодзіна і Гомель, па 2-3 разы на тыдзень. Нават не ўяўляю, колькі тысячаў кілямэтраў яна «наматала». Даша здымала гатэль і раніцай ішла ў СІЗА зь перадачай. Яна дапамагала парадамі сваякам іншых зьняволеных. Ня ведаю, адкуль Даша брала сілы. Магчыма, суцяшала сябе, што і Ігар для яе зрабіў бы тое ж самае. Я вельмі ганаруся Дашай: пасьля 2020 году яна стала, як і Ігар, маім героем», — кажа сяброўка Вольга.

«Менавіта Даша прывіла мне любоў да рок-музыкі і беларускай літаратуры»

Школьная сяброўка Дар’і Лосік Алеся сьцьвярджае, што Даша зь дзяцінства была аптымісткай, вельмі жыцьцярадаснай і вясёлай, а пазытыўныя людзі лягчэй пераносяць усе жыцьцёвыя праблемы.

«Спрабую прыгадаць штосьці канкрэтнае, але найперш у галаву прыходзяць бясконцыя сьмех і весялосьць у нашым юнацтве. Мы маглі пасьмяяцца з чаго заўгодна, у тым ліку і зь сябе. У нас была нават кніжачка са сьмешнымі цытатамі ў школьныя гады. Было ў нас і сваё радыё, дзе мы былі вядоўцамі. Мы запісвалі «этэры» з жартамі на звычайную касэту, дурэлі і слухалі музыку. Нам ніколі не было сумна ўдзьвюх.

Даша ўмела лёгка зацікавіць чым заўгодна. Менавіта яна прывіла мне любоў да рок-музыкі і беларускай літаратуры», — прызнаецца Алеся.

«У перадачах для Ігара было ўсё самае лепшае, якаснае, смачнае»

Яшчэ адзін блізкі сябар сям’і Лосікаў Андрэй вельмі ўражаны кранальным стаўленьнем Дашы і Ігара адно да аднаго.

«Калі Ігара затрымалі, усе размовы Дашы былі выключна пра мужа: гэта былі такія клопаты, якія ня кожны здолее выцягнуць. Двойчы на тыдзень у Ігара заўсёды былі перадачы: усё самае лепшае, якаснае, смачнае — цукеркі, далікатэсы. Можна было перадаваць адзеньне цёмнага колеру, але гэта было не адзеньне з ГУМу-ЦУМу. Даша заўсёды хацела праявіць клопат.

Пасьля прысуду можна было атрымаць кароткатэрміновыя спатканьні. Даша процьму разоў езьдзіла ў Гомель: спачатку, каб атрымаць дазвол на спатканьне, празь некалькі дзён прыяжджала зноў... А гэта шалёны шлях: кожнае спатканьне Даша ў літаральным сэнсе «выдрапвала».

Дашу ведалі ўсе: і на «Валадарцы», і ў Жодзіне, і ў Гомлі. Яна дапамагала сваякам зьняволеных, кансультавала, што перасылаць, што можна перадаваць, чаго нельга.

Я Дашу часьцяком спыняў. Бо калі яна даведвалася, што нешта адбываецца зь Ігарам, Дашу трэба было трымаць семярым, каб яна не нарабіла бедаў», — прызнаецца Андрэй.

І дадае: «Ведаю, што ў Дашы і Ігара былі мары пра мора. Але яшчэ яны вельмі любяць Прагу. Даша гаварыла, што марыць, як яны пасьля вызваленьня Ігара з Паўлінкай паедуць у Прагу проста адпачыць».

 

Дар’я прапаноўвала Лукашэнку абмяняць свайго мужа на сябе

Калі ў сьнежні 2020-га Ігару Лосіку выставілі новае абвінавачваньне паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»), Ігар абвесьціў галадоўку, якую пратрымаў 42 дні. Дар’я ў знак салідарнасьці з мужам таксама абвесьціла галадоўку.

А 26 чэрвеня 2022 году Дар’я Лосік запісала вельмі сьмелы відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім прапанавала абмяняць свайго мужа на сябе. Калі на гэта не было ніякай рэакцыі, прапанавала сустрэцца, каб Лукашэнка даказаў, што ён не баязьлівец: «Вы можаце пасадзіць мяне ў адзін з вашых танаваных мікрааўтобусаў, прыставіць да скроні пісталет і ў рэжыме поўнай ананімнасьці вывезьці туды, куды вам будзе заўгодна. Чаго ж вы баіцеся?» — запыталася Дар’я.

Адказу на свой відэазварот Дар’я так і не атрымала. Але Лукашэнка шмат разоў паўтараў: «Я наагул супраць жанчын не ваюю».

Сяброўкі сям’і Лосікаў з захапленьнем успамінаюць прыгожае фота Дашы ў інстаграме пасьля прысуду Ігару, дзе яна была з прафэсійным макіяжам.

«А як яшчэ ісьці на спатканьне з мужам, якога ня бачыла амаль два гады? Толькі прыгожай! Ігар ацаніў таксама і паліто, якога дагэтуль ня бачыў», — перакананая Алена.

Перад спатканьнем у СІЗА Ігар ня ведаў, што гэтым разам Даша будзе не адна, а разам з дачкой Паўлінкай. Гэта было першае спатканьне з пачатку вайны, калі Ігара зусім не цікавілі навіны. Бо раней Даша, седзячы ля СІЗА, з 4 гадзін раніцы чытала апошнія навіны, каб расказаць пра іх мужу, расказваюць сяброўкі.

Раніцай 18 кастрычніка сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й гадзіне. Сама Даша з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спалі. Дашу затрымалі. Паўлінку забралі бабуля зь дзядулем. Тры месяцы Паўлінка ня бачыла маму, больш за два з паловай гады — тату.

 

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта «Радыё Свабода» Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысячаў чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачваньня Ігар Лосік абвесьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачваньне. У знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвесьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцэр сьледчай турмы горада Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачваньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка. Жонка прыяжджала да месца закрытага суду і дзяжурыла каля будынку, нават ня маючы шанцаў зайсьці і пабыць на працэсе.

14 сьнежня ў будынку СІЗА-3 у Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,

Арцёму Сакаву — 16 гадоў,

Міколу Статкевічу — 14 гадоў,

Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,

Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,

Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.