«З санкцыямі ці без іх, ёсць працяг агульнага крызісу беларускай сістэмы, які нікуды не падзеўся»

Эксперт Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч у чарговым стрыме разважае пра больш мяккі, у параўнанні з Расіяй, санкцыйны падыход ЕС да Беларусі, абраныя механізмы ціску на рэжым і чаканыя вынікі.

berlin_sankcii_2_logo.jpg


— Санкцыйны ціск эфектыўны тады, калі ён разумны, — мяркуе эксперт, — інакш гэта проста сцяна ці агароджа, за якой хочацца схавацца.

Цяпер многія абурыліся, што нібыта з падачы Украіны Беларусь не была ўключаная ў чарговы пакет санкцый ЕС па Расіі. Але тут, на мой погляд, пытанне разумення. Вось ёсць пакеты санкцый, якія былі накладзеныя за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Ёсць пакеты, сінхронна альбо несінхронна з Расіяй, якія накладаюцца за саўдзел у вайне. Пагадзіцеся, што матывацыя тых, хто накладае санкцыі, крыху адрозніваецца.

Несінхроннасць санкцыйнага ціску, на думку аналітыка, тлумачыцца проста: Захад бачыць сваю задачу ў тым, каб утрымаць Беларусь ад больш актыўнага саўдзелу ў вайне супраць Украіны. Плюс, да таго ж, не дапусціць узмацнення расійскага ўплыву.

— Яшчэ раз: да дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі гэта не мае дачынення, гэтыя пакеты — пра вайну. І ў Брусэлі, і ўжо ў Вашынгтоне, дзе таксама праявілася асінхроннасць, спрабуюць паказаць Лукашэнку: калі вы застаяцеся на бягучым узроўні, то і санкцыйны ціск захаваецца ранейшым, калі робіце крок наперад — вас накрые. І гэта дадатковы фактар для таго, каб у Мінску думалі пра свае далейшыя дзеянні.

І хоць беларускія ўлады працягваюць расказваць пра тое, як эфектыўна айчынная эканоміка спраўляецца са знешнім ціскам і разнастайнымі выклікамі, санкцыйны шок ужо ёсць, а наступствы яго не атрымаецца пераадолець хутка, падкрэслівае Ігар Тышкевіч:

— Нават калі ў наступным годзе эканоміка выйдзе на нуль ці будзе невялікі рост — палітычны крызіс у Беларусі і адсутнасць адэкватнай рэакцыі на яго афіцыйнага Мінску ўжо прыводзіць да таго, што сумарна за пяць год краіна будзе таптацца альбо ў межах невялікага росту, альбо каля нуля — маю на ўвазе сярэднія паказчыкі. У той час, калі свет вырасце дзесьці на 2%, а нашы суседзі — на 4-5%.

Гэта значыць, што краіна губляе канкурэнтныя перавагі і пачынае паціхеньку апускацца. Так, прапаганда будзе казаць пра надоі, ураджаі і гэтак далей, маўляў, «мы не галадаем», забываючыся пры тым, што на еўрапейскім кантыненце, апроч РФ ці СССР, апошні голад быў альбо пасля Першай, альбо пасля Другой сусветнай вайны. Але «не галадаць» і развівацца, быць канкурэнтаздольным — розныя рэчы.

Ці можа адмена санкцый у абмен на вызваленне палітвязняў прывесці да поспеху, як тое здаралася раней і аб чым зноў загаварылі зараз?

— Такі варыянт realpolitik ёсць, і ў пэўным абмежаваным выглядзе, можа быць, будзе рэалізаваны. Але пытанне ў тым, хто робіць першы крок: ці Мінск выпускае і ў адказ адмяняецца частка санкцый, ці наадварот.

Але цалкам пакладацца на гэты шлях, я лічу, немэтазгодна. Таму што проста адмена санкцый у абмен на вызваленне пэўнай колькасці людзей будзе эфектыўнай з пункту гледжання «сказалі — зрабілі». Але гэта працягне тактыку беларускіх уладаў па «гандлі галовамі».

Ужо двойчы было, што багата каго затрымлівалі, потым — каго адпускалі, хто цалкам адбываў свой тэрмін, кагосьці мянялі на санкцыі — і пасля ціск спыняўся без дадатковых умоў.

Цяпер гэта будзе азначаць, што старая бізнес-мадэль зноў працуе, і як адзіны варыянт бачыцца вельмі сумнеўным. Без дадатковых умоў, што яшчэ мусіць зрабіць Мінск, будзе досыць праблематычна спадзявацца на хуткія перамены або трансфармацыю сістэмы ўлады ў Беларусі.

З іншага боку, з санкцыямі ці без іх, ёсць працяг агульнага крызісу беларускай сістэмы, які нікуды не падзеўся: дэфіцыт кадраў, крызіс новых ідэй, унутраныя супярэчнасці паміж рознымі групамі нават у атачэнні Лукашэнкі нікуды не зніклі. Таму я ўпэўнены, што цяпер, з улікам уплыву вайны і ўнутраных чыннікаў, на якія раней мала хто звяртаў увагу, ягоны апошні поўны электаральны тэрмін.