Дар’я Лосік: «Забойцам меншыя тэрміны даюць, чым мужу…»
Бывае, што Ігар глядзіць у будучыню з аптымізмам, але здараюцца і дэпрэсіі, распавяла жонка палітвязня
Жонка палітзняволенага блогера распавяла «Народнай Волі», што разгляд апеляцыйнай скаргі мужа ў Вярхоўным судзе адбудзецца 31 траўня.
Нагадаем: палітзняволены журналіст Ігар Лосік быў асуджаны на 15 гадоў зняволення ў снежні мінулага года.
Яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў», а таксама ў «распальванні сацыяльнай варожасці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненых групай асоб».
Пакуль не адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі, Ігар Лосік па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА Гомеля.
— Ад Ігара прыходзяць лісты толькі мне, яго бацькам і брату, — кажа Дар’я. — Астатняя карэспандэнцыя, наколькі вядома, блакіруецца ў абодва бакі. Але мне ідзе ад мужа дастаткова шмат паведамленняў — недзе 4—5 лістоў на тыдзень. Мы заўважылі, што блакіроўка пачалася з пачатку вайны ва Украіне.
— Пра што піша Ігар?
— Нешта ўспамінае з мінулага жыцця, дзеліцца планамі, якія марыць ажыццявіць у будучым. Абураецца, што некаторым забойцам прызначалі меншыя тэрміны, чым далі яму — чалавеку, які наогул нікога не забіў.
— Невядома, у якой калоніі будзе адбываць пакаранне муж пасля разгляду апеляцыі?
— Я звярталася з гэтым пытаннем у Дэпартамент выканання пакаранняў, але там мне адказалі, што такой інфармацыяй яны не валодаюць. Трэба будзе ўдакладняць гэтае пытанне ўжо пасля разгляду апеляцыйнай скаргі.
— Пра свой стан здароўя Ігар нешта паведамляе?
— Ёсць пэўныя праблемы са страўнікам і зубамі. Як кажуць, не смяротна, але мяне гэта таксама не радуе.
— Была інфармацыя, што ў ізалятары ён шмат чытае…
— У яго ёсць прапагандысцкія газеты. У камеры рабіць няма чаго, таму ўсё роўна трэба чымсьці займацца. Я мужу выпісала 7—8 газет, ён іх чытае, аналізуе інфармацыю і робіць для сябе пэўныя высновы.
— Апошнім часам спатканняў не было?
— Яны былі, калі справа знаходзілася на разглядзе ў Гомельскім абласным судзе. Як толькі яе перадалі ў Вярхоўны суд, спатканні адразу спыніліся. Ведаю, што мы сустрэнемся пасля 31 мая, калі будзе разгледжана апеляцыя.
— Як у яго настрой?
— Па-рознаму бывае. Чалавек амаль два гады знаходзіцца, можна сказаць, у крытай турме, і гэта адбіваецца на яго псіхічным стане. Бывае, што Ігар глядзіць у будучыню з аптымізмам, але здараюцца і дэпрэсіі.
— Перадачы ідуць нармальна?
— Няма праблем ні з перадачамі, ні з грашовымі пераводамі. За два гады сфарміраваўся стандартны набор для перадачы — садавіна і гародніна, нешта мясное, сыр, салодкае і хлеб. Набор прадуктаў практычна не мяняецца.