Прывітанне з таго боку сцяны

Расія ўпіваецца счарнелымі клыкамі ў горла Украіне, якую яшчэ нядаўна называла «брацкім народам», а беларусы грызуць адно аднаго, помсцячы за тое, што не змаглі «даціснуць» у 2020 годзе.

photo_2022_05_28_09_28_11_logo.jpg


Я выключаю тэлефон у 4.30 раніцы — прымушаю сябе націснуць на кнопку блакіроўкі, вымкнуць святло і заплюшчыць вочы. Сон — не лепшы мой навык. Як і ежа. Я развучылася гэта рабіць — клапаціцца пра сябе — з 2020 года, і цяпер у мяне адчуванне, што так я пастаянна караю сябе: спаганяю злосць і боль на ўласным целе — у адсутнасць магчымасці выплюхнуць яе ў знешні свет, на тых, хто стаў перманентнай крыніцай страху, адчаю і такога моцнага болю, што часам я забываю, як дыхаць.
Зімою 2020-га ўпершыню за дастаткова доўгі час я зразумела, што не спраўлюся сама. Тады рэпрэсіі толькі пачыналіся, але для мяне, як і для цэлага народа, светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі, сабакі на ланцугах, разбітыя машыны, праломленыя галовы, згвалтаванні былі вялікім шокам, горам, якое адбірае мову, выцягвае з людзей усе сокі. Горам, якое не збіраецца заканчвацца.
Як гаварыць пра яго, калі яно ні на крок ад цябе не адыходзіць, а толькі мацней зацягвае пятлю на шыі і душыць?
Па нас пачалі прыходзіць кожную раніцу. Уся краіна чытала гэтыя спісы — якія яшчэ не сталі «расстрэльнымі», але маюць усе шансы такімі стаць. Уся краіна чытала і давілася горам, не маючы ні сіл, ні магчымасці дакрычацца да знешняга свету, патлумачыць, што з намі ўсімі тут адбываецца.
Праз два гады, калі позіркі гледачоў з-за мяжы зноў будуць накіраваныя на нас, раздражнёная абуджэннем Еўропа, якой усё было не да таго, са здзіўленнем скажа: «А мы думалі, у вас усё ўжо добра!»
Я хацела б сказаць, што цяпер, калі мы ўцягнутыя ў ганебную вайну Расіі ва Украіне і з нашай тэрыторыі запускаліся ракеты па нашых суседзях, паўстала шмат пытанняў і хтосьці паспрабаваў разабрацца, як гэта стала магчымым. Але сказаць я так не магу — бо пытанняў не стала ўвогуле. Цяпер усе тыя вялікія дзядзі і цёці, якія надзьмувалі шчокі і выказвалі заклапочанасць, калі беларусы прасілі дапамогі, каб спыніць гвалт, надзелі свае бліскучыя незаплямленыя даспехі і прыйшлі караць нас — за тое, што даўно ўжо не ёсць толькі нашай віною і нашай бядою. За тое, чаму самі — і мы, і яны — далі магчымасць вырасці. За тое, ад чаго цяпер, заціскаючы насы і хаваючы далікатныя рукі ў белых пальчатках, будуюць сцены.
«No more walls, no more wars» — Еўропа, ці не твае гэта словы?
«Вы не спынілі...», «вы недастаткова шмат зрабілі...», «вы вінаватыя ў... і нясеце адказнасць за...» — такой мовай цяпер вы размаўляеце з намі, з тымі, на каго не зважалі і чые крыкі аб дапамозе лічылі надакучлівым ныццём. Калісьці вы ведалі, што гэта такое — паміраць ад рук «сваіх», але забылі. А менавіта гэта і адбываецца зараз у Беларусі: свае душаць сваіх — і горш за чужынцаў.
Вы забылі пра жоўтыя зоркі — а ў нас проста зараз іх чапляюць на «палітычных» у турмах. І ставяцца да іх адпаведна.
Вы не хацелі ведаць, што тут з намі робяць і што могуць зрабіць з вамі — а цяпер глядзіце на здымкі разбураных украінскіх гарадоў, згвалтаваных і забітых бязвінных людзей, на дзіцячыя могілкі, і, палаючы праведным гневам, імкнецеся пакараць «памагатых агрэсара».
Прысядзь на хвілінку, Еўропа, і ўспомні, як гэтыя «памагатыя» папярэджвалі цябе пра тое, што будзе, калі ты і далей будзеш строіць вочкі агрэсару — гандляваць з ім зброяй, спансіраваць рэжым, заахвочваць беспакаранасцю.
Больш не ведаючы, як вам, заклапочаным сваёй стабільнасцю, яшчэ растлумачыць, беларусы крычалі пра акупацыю, хаця ніякай акупацыі няма. На самай справе ўсё куды страшней: нас збіваюць, забіваюць, збіраюцца расстрэльваць тыя, з кім мы жывём пад адным дахам, з кім спім і ядзім разам — нашы бацькі, браты, мужы, каханкі.
Так, па ўсіх правілах яны мусілі стаяць побач з намі, мусілі абараняць нас, але часам бывае інакш — і яны сталі насупраць. Уявіце сабе, што тыя, хто зараз ахоўваюць ваш сон, вашы каханыя, мужы, бацькі, браты, сябры пачнуць гвалціць вас і ператворацца ў ваш начны кашмар, а пасля яшчэ запросяць суседа пазабаўляцца. Што вы будзеце рабіць?
Уявіце сабе, што самая базавая, самая неабходная для вашага стабільнага жыцця рэч — бяспека — знікае. Не таму што ўзровень крыміналу вырас, а таму што вакол вас — вайна, ад якой няма куды схавацца, яна паўсюль. А ў вашым доме, разам з вамі, жыве паліцай. Пра што вы будзеце думаць у такіх абставінах? Ці зможаце вы далей бесклапотна хадзіць на працу, змагацца за чыстае паветра і супраць змен клімату, пісаць вершы і атрымліваць задавальненне ад музыкі? Ці зможаце вы хадзіць на спатканні, планаваць будучыню, засынаць у абдымках з каханым або каханай? Ці зможаце вы засынаць?
Бог з табой, Еўропа. Ні адзін з тваіх інстытутаў, ні адна з міжнародных арганізацый нічога не могуць зрабіць супраць дыктатуры і вайны, хаця для гэтага і ствараліся. І, канечне, ты не абавязаная рызыкаваць сабою дзеля нас. Але хаця б не адварочвайся, не рабі выгляд, што ты тут ні пры чым.
У 4.30 пачынае віднець, і я задаю сабе лагічнае пытанне: «А можа, ужо не класціся?» — ведаючы, што трэба. Не хочацца заплюшчваць вочы, каб пасля вяртацца ў гэтую беспрасветнасць.  
Не хочацца прачынацца ў свеце, дзе ўсё перакулена з ног на галаву. Дзе шчырасць абвяшчаецца хлуснёй, а сумленнасць — прадажнасцю. Дзе «абы не было вайны» ператвараецца ў «мы вам зараз пакажам». Дзе тыя, хто з’ехаў, вінавацяць тых, хто застаўся, у баязлівасці, а тыя, хто застаўся, вінавацяць тых, хто з’ехаў, у здрадзе. І ўжо складана зразумець, хто твой сябар, а хто ім ніколі не быў. Складана знайсці хоць нейкую апору пад нагамі.
Расія ўпіваецца счарнелымі клыкамі ў горла Украіне, якую яшчэ нядаўна называла «брацкім народам», а беларусы грызуць адно аднаго, помсцячы за тое, што не змаглі «даціснуць» у 2020 годзе.
«Няхай усе з’язджаюць, там не павінна нічога застацца», — такое рашэнне бачыцца правільным тым, хто цяпер знаходзіцца па іншы бок мяжы і ад каго не закрываюцца сцяной і дротам, пакідаючы ўнутры бяздоннага страўніка дыктатуры запужаных людзей, смяротнае пакаранне і расійскіх салдат.
Ёсць куча абставінаў, прычын, адказнасцей, якія прымушаюць людзей з’язджаць, і гэты складаны выбар — сучаснае «быць ці не быць?» — мы робім кожны дзень. Але ёсць розніца паміж тым, каб рабіць гэты выбар самому і рабіць яго за ўсю краіну. Краіна Беларусь мусіць быць незалежна ад таго, чаго там каму хочацца. І ў гэтай краіне павінны быць тыя, хто ўмее заставацца з любімымі не толькі калі ўсё добра — каб было куды вяртацца, калі раптам хто захоча вярнуцца.
Уся бяда ў тым, што мы не цэнім сябе і іншых, не цэнім тое, што маем, і таму так лёгка адмаўляемся, так лёгка паддаёмся на кожны павеў ветру, ад якога разгараецца полымя знявагі. Толькі лянівы — і «свой», і «чужы» — не пнуў Беларусь і беларусаў у апошнія месяцы, толькі лянівы не напісаў пра баязлівасць і няздольнасць да дзеянняў, не прайшоўся зняважліва па кветках у руках жанчын і знятым абутку. І мне хочацца спытаць у гэтых людзей, якія зараз, магчыма, сядзяць ва ўтульным дамку дзе-небудзь на беразе Балтыкі, а магчыма, пад абстрэламі на Данбасе: вы што, сапраўды гэтага хочаце? Вы, якія зараз пакутуюць ад страшнага — ад масавых забойстваў і згвалтаванняў, — прапануеце нам рабіць гэта адно з адным?
Свабодная, дэмакратычная Еўропа, якая змагаецца за правы чалавека, ці ты гэта?
У 2020 годзе мы павінны былі ўзяць у рукі нажы і косы і пайсці на любоўна выпешчаны дыктатурай АМАП, на ўкраінскіх «беркутаўцаў», якія тут атабарыліся (так-так, тыя самыя, што яшчэ ў 2014-м маглі зладзіць ва Украіне сваю “беларусь”, калі б вайскоўцы не перайшлі на бок Майдана), на аўтазакі і вадамёты. Свету мала крыві?
Я жыву з гэтым усведамленнем цяпер пастаянна: пры іншым раскладзе 2020 год мог бы стаць беларускай Бучай. Пры іншым раскладзе не было б украінскай. Ці пачула б нарэшце нас тады Еўропа?
Думка, якая не дае мне спаць: у той час, калі тут улады пашыраюць смяротнае пакаранне на «палітычныя» артыкулы, на беларускай мяжы расце сцяна — маўклівы напамін пра абыякавасць, як і ўсе сцены. Вы, тыя, хто друкавалі на першых палосах газет фотаздымкі з Акрэсціна і станавіліся «хроснымі» беларускім палітвязням, зараз гаворыце нам: «Няхай вас там усіх перастраляюць, нам усё роўна». І гэта самае трывалае адчуванне, з якім я тут жыву: чумны барак у цэнтры Еўропы, лагер для цемрашалаў і варвараў, на месцы якога вы пасля павесіце мемарыяльную дошку з чарговым «Never again».
Але мы ўжо ведаем, што любое «ніколі зноў» лёгка ператвараецца ў «можам паўтарыць». І ні адна сцяна ніколі не вырашыць праблему — нельга проста «выключыць», «схаваць», «адмяніць». Нам давядзецца гаварыць адно з адным. І думаць пра гэта трэба ўжо зараз — гледзячы ў вочы адно аднаму.