«Моцным таксама страшна»

Палітзняволены праваабаронца Валянцін Стэфановіч у адным з лістоў на волю падзяліўся сваімі думкамі наконт зняволення і паразважаў пра кніжкі, якія ён чытае цяпер.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg

«У мяне асабліва новага нічога няма. Сяджу сабе ў замку ў цэнтры роднага гораду. 14-га чакаю таварышаў у госці, прынясуць чарговую падоўжанку. Думаю, да 14 ліпеня працягнуць і следства, і тэрміны ўтрымання пад вартай. Гэта ўжо год будзе, як я тут, а па новых зменах у Крымінальны кодэкс гэта 1,6 года адбытага тэрміну пазбаўлення волі. Калі справу будуць закрываць, невядома, а мне ж яшчэ паводле КПК месяц на азнаямленне палагаецца. Тым часам баўлю час чытаннем кнігаў. Такі вось каламбурчык.
З апошняга прачытаў Кіза «Зязюліна гняздо». Па ім у 1975 годзе знялі фільм «Пралятаючы над гняздом зязюлі», з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі... Кніга, канечне, значна лепш, чым фільм, як гэта часта бывае. Раю таксама пачытаць. Гэта гімн свабодзе і пра тое, як цяжка быць моцным. Бо моцным таксама страшна, вельмі страшна, як і іншым звычайным людзям. Але яны могуць гэты страх пераадолець. Вельмі натхняльная рэч, хаця і сумная кніга.
Цяпер Пялевіна «S.N.U.F.F» спрабую чытаць. Жанр утопія. Я, па шчырасці, такое не дужа люблю. Мне вось пра жыццё і людзей больш падабаецца. Пра людзей у рэальных умовах, пра іх стасункі. Таму, каб падняць сабе настрой, узяў яшчэ Яраслава Гашэка «Прыгоды баявога салдата Швейка». Я яе чытаў двойчы, але вось у турме яшчэ не чытаў. Яна вельмі антываенная і гумарная. Тое, што трэба зараз».
Адрас для лістоў падтрымкі:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч.