Палітвязню Яўгену Каханоўскаму ўзмоцнілі рэжым

21-гадоваму палітвязню са Жлобіна Яўгену Каханоўскаму ўзмоцнілі рэжым і перавялі ў крытую турму, паведамляюць праваабаронцы.

Палітзняволены Яўген Каханоўскі

Палітзняволены Яўген Каханоўскі


Суд па справе аб узмацненні рэжыму палітвязню Яўгену Каханоўскаму прайшоў у наваполацкай калоніі ў канцы красавіка. Этап у жодзінскую турму №8 доўжыўся 3 тыдні.
Паводле прадстаўленай інфармацыі, у калоніі на хлопца аказваўся ціск: яго абмяжоўвалі ў атрыманні пасылак і бандэролей, званках, некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар, а затым перавялі ў памяшканне камернага тыпу. Адразу пасля пераводу ў Жодзіна Яўгена зноў змясцілі ў карцар. Раней яго больш за месяц ужо трымалі ў карцары наваполацкай калоніі.


Палітвязень быў асуджаны за падзеі жніўня 2020 года ў Жлобіне па двух артыкулах КК: ч. 1 арт. 342 («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і арт. 364 («Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных спраў») — нібыта Яўген «наносіў удары рукамі і нагамі па форменным абмундзіраванні супрацоўнікаў міліцыі», а таксама «кідаў у іх камяні і бутэлькі». Яго прысудзілі да 3,5 гадоў калоніі.
Яўген Каханоўскі сваёй віны не прызнаў. На судзе ён паведаміў, што прызнанне віны на камеру было зроблена пад ціскам: на яго крычаў, ціснуў і ўдарыў супрацоўнік крымінальнага вышуку Кісялёў. Калі Каханоўскі гаварыў тое, што не падабалася міліцыянтам, яны давалі яму ў карак. Каб яго не білі, ён агаворваў сябе і іншых асоб.