Марына Адамовіч: Мы вытрымаем. Але вы можаце дапамагчы палітвязням зрабіць невялікую «падушку бяспекі»

На 31 траўня прызначаная апеляцыя па справе палітвязняў Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Уладзіміра Цыгановіча, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова. Да гэтага часу кожны ахвочы можа зрабіць вязням грашовы перавод.

palitvjazni_4.jpg

Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку нагадала Марына Адамовіч, жонка палітыка-палітвзня Міколы Статкевіча:

«Засталося менш за тыдзень да "апеляцыі" 31 траўня, пасля якой "прысуд" у лічаныя дні ўступіць у сілу (ну немагчыма ж сур'ёзна называць усё гэта ў катэгорыях права), і нашы хлопцы пяройдуць у катэгорыю "асуджаных" і пойдуць па этапу ў розныя канцы Беларусі. Як правіла, максімальна далёка ад свайго дому.

Праз два гады пасля выкрадання і праз два мінулых этапу Мікола Статкевіч памяняе ўжо шостае месца зняволення і чарговую, незлічоную ўжо, камеру на іншую. То-бок, ні сонца, ні зямлі, ні травы, ні дрэваў, ні неба, якіх ён не бачыў ужо два гады, і якія так любіць, не з'явіцца. Толькі новая камера на наступныя, як яны спадзяюцца, 12 год. (У Беларусі "палітычных" яшчэ не асуджалі да "асаблівага" рэжыму. Пры любым іншым яму залічылі б, як і астатнім, год у СІЗА за паўтара).

І цяпер ужо ніякіх штотыднёвых паездак у Гомель, ніякіх перадач (акрамя, хіба, адзінай "паложанай" ў год). І ўвесь клопат і каханне, якія ты ў гэтыя перадачы імкнуўся ўкласці, так і застануцца з табой, ніяк "матэрыяльна" ці ў дзеянне не ўвасобленымі.

Карацей, ты проста заміраеш. Вось бег, бег і ўсё, тупік, бегчы няма куды больш. Толькі лісты і чаканне.

Мы гэта ўжо праходзілі. Мы вытрымаем. Сіл — меней, ведаў — болей (лепш бы не мець іх). Невыносна. Пратрымаемся на злосці, мабыць. А хочацца, каб трымацца прыйшлося, хіба, каб вытрымаць мора радасці. Як у 2015-м.

Тым, для каго гэта ўпершыню, скажу: жыццё "пасля" можа быць неверагодна цудоўным і казачна шчаслівым. Кожны дзень! Проста трэба верыць і не здавацца.

Але, уласна, я хацела пра іншае. Вы яшчэ можаце падтрымаць хлопцаў і дапамагчы зрабіць для іх невялікую "падушку бяспекі" на першы час у калоніі, зрабіўшы невялікі грашовы перавод.

Бандэролек і перадач ужо не трэба — гэта лішняя вага на этапе са скаванымі кайданкамі рукамі. А любая капейчына прыдасца. Хаця б зрабіць падпіску на новым месцы — гэта па-за сумамі "атаваркі". І, галоўнае, у адсутнасць лістоў, прывітанне і сведчанне, што пра іх не забылі і паклапаціліся.

Я нагадаю, пакуль яны ўсе ў Гомелі:

Мікалай Віктаравіч Статкевіч

Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі

Ігар Аляксандравіч Лосік

Арцём Мікалаевіч Сакаў

Дзмітрый Юр'евіч Папоў

Уладзімір Уладзіміравіч Цыгановіч Па пошце: 246003 Гомель, вул. Кніжная, 1а, СІЗА 3 (прозвішча, імя, ...) Анлайн: СИЗО-3 УНП: 490313877 код BIC: BAPBBY2X IBAN: BY31BAPB36429000005630000000 Ці так: СИЗО 3, УНП 490313877, р/р BY31BAPB36429000005630000000 в "ОАО 'БЕЛАГРОПРОМБАНК' код BAPBBY2X Назначение платежа: НА ПАТРЭБЫ ..... (прозвішча, імя)»