Instagram-блогеру прысудзілі 4 гады калоніі. Пры затрыманні ў яго выбівалі лагін і пароль
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 24 траўня вынеслі прысуд 29-гадоваму палітвязню Сяргею Сакаўцу.
Суддзя Таццяна Пірожнікава па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса прызначыла яму чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Як паведамляюць праваабаронцы, палітвязень на судзе віны не прызнаў і заявіў пра збіццё пры затрыманні. Пад вартай палітвязень знаходзіцца восем месяцаў.
Сяргей Сакавец быў затрыманы 21 верасня 2021 года і арыштаваны на 10 сутак за падпіску на тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь». Але з «сутак» ён так і не выйшаў: супраць яго завялі крымінальную справу па «народным» артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў, пазней дадаліся абвінавачанні ў паклёпе на Лукашэнку. Пад вартай палітвязень знаходзіцца восем месяцаў.
На судзе Сакавец заявіў пра збіццё пры затрыманні — ён звярнуўся са скаргай да пракурора. Паводле яго слоў, адразу яго білі ў машыне, калі затрымалі на працы. Пяцёра супрацоўнікаў ГУБАЗіКа пыталіся: «На каго ты працуеш і навошта вядзеш свой Instagram?» Як расказаў на судзе Сяргей, білі дубінкай і кулакамі па галаве. Пасля вывелі з машыны і білі ў пад’ездзе, дзе жыве Сяргей, патрабавалі пароль і лагін ад Instagram. Таксама білі па рэбрах, а пасля ператрусу ў ГУБАЗіКу «адзін біў вышэй за калені па цягліцах кулаком».
Пракурор пакінуў скаргу на збіццё без увагі і папрасіў прызначыць Сакаўцу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на чатыры гады агульнага рэжыму. Суд цалкам задаволіў просьбу пракурора.