Цукар-пясок за год падаражэў на 50%. На што яшчэ выраслі цэны?
У дзясятцы тавараў, што найбольш падаражэлі — цукар, цытрусавыя, бананы, шампуні. Затое патаннела капуста, буракі ды грэчка!
Паводле звестак Белстата, у снежні 2022 года гадавы прырост спажывецкіх цэн у Беларусі склаў 12,8%. Прадукты харчавання падаражэлі на 13,8%, нехарчовыя тавары — на 13,7%, паслугі — на 10%. Якія тавары і паслугі больш за ўсё выраслі ў цане па выніках 2022 года, падлічыла myfin.by.
Што падаражэла?
У гадавым вылічэнні (снежань 2022 года да аналагічнага месяца 2021 года) больш за ўсё падаражэў цукар-пясок. Яго кошт павялічыўся на 50,17%. Далей ідуць бананы і цытрусавыя, кошт якіх вырас за год на 49,19% і 47,03% адпаведна. Нехарчовыя тавары таксама прадэманстравалі рост, асабліва парфумерна-касметычная прадукцыя (у тым ліку тавары для асабістай гігіены).
Першая дзясятка самых падаражэлых тавараў выглядае так:
- цукар-пясок (+50,17%);
- бананы (+49,19%);
- плады цытрусавых (+47,03%);
- шампунь (+42,99%);
- масла маторнае (+41,44%);
- перац салодкі (+41,05%);
- дэзадарант (+39,12%);
- падгузнікі, гігіенічныя пакеты (+37,92%);
- мыйныя сродкі для аўтамабіляў (+37,50%);
- лак, бальзам для валасоў (+37,04%).
Акрамя таго, прыкметна дадалі ў кошце запчасткі да транспартных сродкаў (+36,92%) і легкавыя аўтамабілі (+33,43%), харчовая сода (+33,88%), распушчальная кава (+29,61%), морапрадукты (+26,77%), шампанскае (+24,51%).
Рост коштаў назіраўся па такіх таварных групах, як папярова-белавыя тавары (на 30,02%), тавары бытавой хіміі (на 28,87%), тытунёвыя вырабы (на 26,05%), парфумерна-касметычныя тавары (на 25,61%), сінтэтычныя мыйныя сродкі (на 23,25%).
З паслуг найбольшы рост за год паказалі паслугі фотаатэлье (+26,21%), рамонт ювелірных вырабаў (+24,19%) і гадзіннікаў (+21,14%).
Канкрэтна ў снежні 2022 года (у адносінах да папярэдняга месяца) выраслі цэны на гародніну і садавіну — на 14,46% і 4,76% адпаведна: свежыя агуркі сталі даражэйшымі на 43,48%, памідоры — на 17,36%, вінаград — на 15,27%, грушы — на 11,62%, яблыкі — на 8,90%.
Павялічыўся таксама кошт паслуг пасажырскага транспарту, у тым ліку паветранага — на 14,63%. Паслугі страхавання легкавога аўтатранспарту выраслі на 14,57%, міжнароднага турызму — на 3,67%, рытуальныя паслугі — на 4,60%.
Што стала танней?
Калі казаць пра тавары, то больш за ўсё ў гадавым выражэнні знізіліся цэны на некаторую гародніну, а таксама на шэраг нехарчовых тавараў, у тым ліку на канкрэтныя прадметы адзення і мэблі.
У топ-10 тавараў па зніжэнні цэн увайшлі:
- белакачанная капуста (-57,59%);
- буракі (-34,92%);
- бульба (-29,84%);
- морква (-24,13%);
- часнок (-11,78%);
- вінаград (-8,93%);
- рэпчатая цыбуля (-6,14%);
- гарнітур, сарафан, камплект для дзяўчынкі (-4,85%);
- піламатэрыялы іглічныя абразныя і неабразныя (-4,84%);
- крупы грачаныя (-3,78%).
На гародніну ў цэлым цэны знізіліся на 5,83%. Таннейшымі сталі набор мэблі для спальні (на 3,58%), гарнітур для пярэдняга пакоя (на 2,93%), бялізна для нованароджаных і дзяцей ясельнага ўзросту (на 2,40%), школьны касцюм (на 2,20%), натуральны мёд (на 1,48%) і некаторыя іншыя тавары.
Што тычыцца паслуг, то цэны ўпалі толькі на ацяпленне (-4,06%), а кошт паслуг па страхаванні будынкаў, якія належаць грамадзянам, застаўся на ранейшым узроўні. Астатнія паслугі выраслі ў цане.
За снежань 2022 года ў адносінах да лістапада мацней за ўсё патаннелі салодкі перац — на 6,64%, грэчка — на 5,78%, сантэхнічная арматура — на 5,50%, музычныя цэнтры — на 4,47%, боты ці чаравікі з футрам — на 4,13%, іглічныя піламатэрыялы — на 4,03%.
Тэхнічнае абслугоўванне транспартных сродкаў (легкавых аўтамабіляў) стала танней на 0,85%, кошт медыцынскіх паслуг паменшыўся на 0,08%. Цэны на шэраг іншых паслуг (гарадская тэлефонная сувязь, паслугі дашкольных устаноў, паслугі фотаатэлье) засталіся на тым жа ўзроўні, што і ў лістападзе.