Санкцыі і вынікі: лічбы, якія нас не ўзрадуюць
Краіна, падаецца, заканчвае падводзіць вынікі мінулага года і пачынае будаваць прагнозы на год ужо гэты. Але, шчыра кажучы, гэтыя вынікі і прагнозы мала радуюць. Чыноўнікі нам усё абяцалі, што «санкцыі зробяць нас толькі мацнейшымі». Але падлічылі — і праслязіліся.
![_belarus_ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__logo.jpg _belarus_ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__logo.jpg](/img/v1/images/_belarus_ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пачнём з прыемнага. Сусветны банк апублікаваў студзеньскі рэліз «Перспектыў сусветнай эканомікі». Падаецца, не ўсё так блага: міжнародны фінансавы інстытут чакае росту сусветнай эканомікі ў 2023 годзе на 1,7%. Прычым рост развітых эканомік запаволіцца — яны дададуць да яго ўсяго 0,5%, а эканомікі, якія развіваюцца, павялічацца на 3,4%, у тым ліку Кітай — на 4,3%, Бразілія — на 0,8%, Індыя — на 5,5%.
Фармальна Беларусь належыць да тых самых эканомік, якія развіваюцца. Аднак канкрэтна нас і нашага бліжэйшага партнёра рост не тычыцца. Эксперты банка чакаюць скарачэння беларускага ВУП на 2,3% у 2023 годзе, а эканомікі Расіі — на 3,3%.
Але прагноз — гэта толькі прагноз, калі сітуацыя будзе развівацца ў тым жа рэчышчы, што і цяпер. Лепш наўрад ці будзе, а вось горш можа стаць капітальна. Напрыклад, старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла пра магчымае ўзмацненне санкцый супраць Беларусі за саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны. Пашырэнне санкцый, безумоўна, скарэктуе прагноз фінансавага інстытута.
А санкцыі, якія «робяць нас мацнейшымі», вельмі істотна паўплывалі на Беларусь, насамрэч. Гэта бачна са статыстыкі знешняга гандлю таварамі і паслугамі па выніках 11 месяцаў, якую апрылюдніў Нацбанк. З яе вынікае, што агульны абарот тавараў і паслуг у знешнім гандлі за студзень-лістапад знізіўся на 6,2%. Экспарт тавараў і паслуг пры гэтым знізіўся на 5,1%, а імпарт — на 7,3%.
Было б, канешне, цікава паглядзець на скарачэнне таварных пазіцый па імпарце: напрыклад, якую долю скарачэння складаюць «санкцыйныя» тавары і як паўплывала рашэнне аб сыходзе з беларускага рынку замежных кампаній на скарачэнне таго самага імпарту. Бо, зразумела, той жа «H&M», які нядаўна зачыніў апошнія крамы ў Беларусі, прывозіў сюды вопратку, што трапляла ў катэгорыю імпарту.
Пра «жыватворчы» эфект санкцый днямі распавёў дырэктар ААТ «Гомельскі хімзавод» Дзмітрый Чарнякоў. Па яго словах, праз напад Расіі на Украіну прадпрыемства страціла 95% экспарту, які складаў 70% усёй выручкі, і засталося сам-насам са стратным унутраным рынкам. Паводле Чарнякова, на працягу пяці гадоў прадпрыемства не падымала цэны на ўгнаенні ўнутры краіны, бо ўдавалася перакрываць страты на айчынным рынку даходамі ад экспарту.
А мы ж думалі-гадалі, адкуль у краіне ўзнікла такая інфляцыя і рост цэн? Аказваецца, гэта наўпроставы вынік нападу Расіі на Украіну і саўдзелу ў гэтым Беларусі. І больш за тое, за інфляцыю ў канкрэтным сегменце адказныя ніякія не «рвачы-прадпрымальнікі», не дырэктары крамаў, а непасрэдна «Белнафтахім» і Мінсельгасхарч.
Дарэчы, пра інфляцыю. У снежні індэкс спажывецкіх коштаў — пасля адкату з-за «жэстачайшай забароны» падымаць цэны — вырас на 0,4%. Гадавая інфляцыя папярэдне склала 12,8%.
![_rynak___kamarouka___handal___pradukty___minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg _rynak___kamarouka___handal___pradukty___minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg](/img/v1/images/_rynak___kamarouka___handal___pradukty___minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Больш за ўсё за год падаражэў цукар — на 50,17%. Індэкс спажывецкіх коштаў на бананы павялічыўся на 49,19%, на цытрусавыя — на 47,03%, на шампунь — на 42,99%, на маторнае масла — на 41,44%, на салодкі перац — на 41,05%, на дэзадарант — на 39,12%, на падгузнікі і гігіенічныя пакеты — на 37,92%, на мыйныя сродкі для аўтамабіляў — на 37,5%. У цэлым за мінулы год выраслі індэксы спажывецкіх цэн больш чым на 500 пазіцый, якія ўлічваюцца Белстатам.
Звярніце ўвагу, што, апроч цукру, больш за ўсё падаражэў імпарт — той самы імпарт, які скараціўся на 7,3%. І тут просты закон эканомікі ў дзеянні: калі нейкіх тавараў не хапае (скараціўся імпарт), узнікае дэфіцыт, і на дэфіцытныя тавары цэны, зразумела, падвышаюцца (вось табе і інфляцыя).
Дый наконт страшэнна падаражэлага цукру таксама ёсць пытанні. Памятаеце «цукровую справу» 2020 года, калі перасаджалі ўсіх дырэктараў цукровых камбінатаў, нібыта за «хабар». А які вынік? Як бачым, усё той жа — кошт цукру расце і спыняцца не збіраецца.
Цікава, што адначасова зафіксавана зніжэнне цэн на некаторыя тавары. Такіх набралося каля 30. Ізноў параўнайце: рост коштаў больш чым на 500 пазіцый і зніжэнне на 30.
Ці здолее ўрад выправіць сітуацыю з экспартам, імпартам і інфляцыяй? Напэўна, не, і пра гэта нават не задумваюцца. Урад працягвае дзейнічаць у звыклым рэчышчы, вызначаным «палітыкай партыі». У лютым мы павінны пагасіць выпуск еўрабондаў Belarus-23 з аб'ёмам эмісіі ў 800 млн долараў. І, як заявіў першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко, гэта будзе зроблена (дакладней, не зроблена) у звыклай ужо манеры — беларускімі рублямі на рахунак у «Беларусбанку». Пры гэтым Кійко агучыў і дадатковае патрабаванне да крэдытораў: «Выплаты будуць ажыццяўляцца тым інвестарам, якія змогуць пацвердзіць, што менавіта яны з'яўляюцца ўладальнікамі еўрааблігацый».
Варта зазначыць, што пры размяшчэнні 5-гадовага выпуску Belarus-23 доля інвестараў з ЗША склала 67%, Вялікабрытаніі — 24%, кантынентальнай Еўропы — 9%.
Нагадаем, што летась з-за рашэння выплачваць купоны і ажыццяўляць пагашэнне еўрабондаў у беларускіх рублях агенцтвы «S&P Global Ratings» і «Fitch Ratings» панізілі рэйтынгі выпускаў еўрабондаў Беларусі да дэфолтнага ўзроўню «D», а суверэнны крэдытны рэйтынг краіны — да «пераддэфолтнага».
Як выплата еўрабондаў тычыцца экспарту-імпарту? Ды наўпрост! Хто будзе мець дзелавыя адносіны з партнёрам, які ў гэты ж час «кідае на грошы» іншых сваіх партнёраў? Дзе ўпэўненасць, што і з новымі партнёрамі Беларусь не павядзе сябе таксама, як і са старымі, то-бок аб’явіць іх «недружалюбнымі» і паспрабуе расплаціцца ў нейкіх незразумелых грашах, якія не прымаюць еўрапейскія банкі, замест свабодна канвертаванай валюты? Азначэнне «СКВ» ж узнікла не проста так, правільна?
![Беларусь — Сусветнаму банку: «Мы проста не хочам плаціць. І не будзем» Беларусь — Сусветнаму банку: «Мы проста не хочам плаціць. І не будзем»](/img/v1/images/12_kak_ne_platit_kredit.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Але нават і тут ёсць «вішанька на торце». Дзмітрый Кійко таксама заявіў, што пагашэнне еўрабондаў пройдзе «без усялякіх шокаў, без дадатковых узрушэнняў для бюджэту і золатавалютных рэзерваў».
А тое, што «ўключэнне друкарскага станка = інфляцыя», беларусы зразумелі ўжо даўно.
Усё вышэйпрыведзенае — гэта «малюначак» нашай сітуацыі ў эканоміцы. Сітуацыі, скажам шчыра, вельмі хісткай, якая залежыць ад шмат якіх фактараў, як унутраных (той жа друкарскі станок), так і знешніх (санкцыі і спад у Расіі). І варта хаця б аднаму з фактараў спрацаваць — і Сусветны банк можа пераглядаць свой аптымістычны прагноз.
Не кажучы ўжо пра непрадказальную сітуацыю на фронце ва Украіне.