«Дырэктару цукровага завода Прудніку веру, а Лукашэнку — не!»

Справа «цукровай мафіі» для случчан занадта незразумелая і таямнічая, паколькі дырэктар тутэйшага цукровага завода карыстаўся, як лічылася, заслужаным аўтарытэтам сярод гараджан.

Мікалай Пруднік. Фота nash-dom.info

Мікалай Пруднік. Фота nash-dom.info


У сюжэце беларускага дзяржаўнага тэлеканала гаварылася, што «даходы цукровай мафіі вылічаліся мільёнамі долараў». Многія жыхары Слуцка не вераць у версіі беларускіх улад пра адмыванне грошай і продаж цукру ў іншую дзяржаву па заніжаных коштах праз пасрэднікаў дзеля асабістай выгады.
Анатоль Купрыяненка, былы дырэктар Слуцкага цукровага завода, які аддаў заводу больш за 30 гадоў, папярэднік арыштаванага Мікалая Прудніка, асцярожна выказваецца, што трэба пачакаць завяршэння следства, каб судзіць аб ступені вінаватасці цяперашняга кіраўніка прадпрыемства. Аднак у размове з карэспандэнтам НЧ ён выказаў павагу да затрыманага дырэктара:
— Мікалай Пятровіч Пруднік узначаліў прадпрыемства пасля майго сыходу на пенсію, — распавёў Анатоль Купрыяненка. — Вельмі кваліфікаваны кіраўнік, імкнуўся развіваць вытворчасць. Па тэхніка-эканамічных паказчыках завод пад яго кіраўніцтвам стаў лепшым сярод аналагічных прадпрыемстваў ЕАЭС. На прадпрыемстве пануе высокая культура вытворчасці, якую можна наглядаць на развітых еўрапейскіх заводах.
Па словах былога кіраўніка, цукровы завод з’яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам. Для яго характэрны высокі заробак, наяўнасць поўнага сацыяльнага пакета, адсутнасць цякучкі кадраў.
— Прадаваць дарагі беларускі цукар у Расію нявыгадна, бо там хапае свайго, больш таннага, — тлумачыць сітуацыю з зніжэннем коштаў на цукар пры продажу ў Расію адмысловец. — Расійскія прадпрыемствы атрымліваюць танны газ, там ёсць і іншыя магчымасьці, якія адсутнічаюць у беларускіх прадпрыемстваў. Цяжка рэалізоўваць цукар і ў іншыя краіны, бо сусветны рынак завалены танным трысняговым цукрам — у разы таннейшым, чым з буракоў.
Як вядома, у беларускіх крамах цэны на цукар рэгулююцца дзяржавай: цукар каштуе 1,5 беларускіх рублёў. Атрымліваецца, што прадаваць танней яго нельга, а цукру выраблена шмат.
У 2019 годзе сітуацыя аказалася такой, што ў расійскіх крамах кілаграм цукру каштаваў 86 беларускіх капеек, а ў беларускіх — 1,54 беларускіх рублёў, прычым гэта мог быць адзін і той жа цукар.
Сам кіраўнік краіны, дарэчы, калі 17 лютага 2018 года наведаў Слуцкі цукровы завод, высока ацаніў яго працу і назваў яго лепшым у цукровай галіне.
Відавочна, што і ўнутраных і вонкавых праблем у цукровай галіне ўзнікла шмат і, каб не ўтапіцца ў іх, дырэктарам цукровых камбінатаў прыходзілася шукаць розные схемы для забеспячэння прыбытковасці прадпрыемстваў.
— Мы ведаем пра нялёгкую сітуацыю са збытам прадукцыі і мы ганарыліся тым, што нашаму заводу ўдавалася атрымліваць нават значны прыбытак, — гаворыць адна з работніц завода. — Я атрымлівала 800 рублёў за сваю працу, для Слуцка гэта немалы заробак. Увосень выдавалі грошы на закупку садавіны і гародніны, рабочыя мелі розныя дадатковыя прэміяльныя выплаты, дапамогу на лекаванне.
Жанчына гаворыць пра заробкі і прэміяльныя, выкарыстоўваючы дзеясловы мінулага часу, нібыта не верыць у будучыню завода без дырэктара Прудніка.
— Нармальны пісьменны кіраўнік, строгі, не любіў п’яніц, але без гэтага нармальна працаваць нельга, — выказваецца мужчына, які таксама працуе на гэтым прадпрыемстве. — Паболей бы гэткіх, пры ім быў поўны парадак. Не веру, што карупцыянер. Катэдж у яго ёсць, але Слуцк зараз увесь акружаны катэджамі, больш велічнымі і багатымі. Дырэктар і не павінен месціцца ў хібарцы, калі ён добры гаспадарнік. Дый катэджам гэты дом, які спараны з домам звычайнага рабочага, цяжка назваць. Ну, надбудаваў чалавек другі паверх над невялікім дамком на ўчастку, які атрымаў яшчэ напрыканцы 1970-х гадоў. Адрамантаваў ды жыве.
Без Прудніка ў нашай спартыўнай дзіцячай школе не было б ні спартыўнай пляцоўкі, ні самой школы, — кажа кіраўнік дзіцячай спартыўнай школы. — Тое ж самае можна сказаць і пра Слуцкую футбольную каманду, якую фінансава падтрымліваў цукровы завод.
— Лукашэнку я не веру, а Прудніку — веру, — выказала сваю думку аб магчымай карумпаванасці Мікалая Прудніка супрацоўніца Палаца моладзі, які знаходзіцца на балансе цукровага завода. — Зайдзіце ў кавярню пры нашым палацы, яна прыгожа аздоблена і выглядае, як дарагая рэстарацыя. Там можна з’есці смачны абед усяго за 3 рублі. І ўсё гэта дзякуючы клопатам Мікалая Пятровіча аб людзях — каб прыстойна жылі і елі.
Цікава, што добрыя словы пра Мікалая Прудніка ў якасці дэпутата Мінскага абласнога Савета выказала і грамадская актывістка кампаніі «Наш дом» Тамара Блінова:
Наша кампанія ініцыявала справаздачы дэпутатаў перад выбаршчыкамі. Мікалай Пруднік вельмі сур’ёзна паставіўся да маёй прапановы, правёў справаздачу. Трэба сказаць, што гэта яму было лёгка зрабць, бо да яго на дэпутатскія прыёмы прыходзіла шмат людзей. Не адмовіўся ён і ад асабістай сустрэчы, падчас якой распавёў і пра смешны выпадак: да яго звярнулася на прыём пажылая жанчына, якая прасіла памірыць з суседкай, бо суседка павінна было яго паслухацца з-за аўтарытэту сярод народа. Распавёў мне, што хадзіў пасля працы да гэтай суседкі, памірыў двух старых жанчын. Не думаю, што дрэнны чалавек гэтым займаўся б.
Пакуль што случчане чакаюць, калі скончыцца следства, каб даведацца падчас суда, наколькі вінаваты Мікалай Пруднік. І ці вінаваты ён увогуле ў нашай праблемнай краіне з праблемным кіраўніцтвам пры адсутнасці еўрапейскай свабоды прадпрымальніцтва?